вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Пата́шня[1] — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Віці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2021 год — 43 чалавекі. Знаходзіцца за 11 км на захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Мазыр.
Паташня лац. Patašnia | |
Дата заснаваньня: | перад 1772 годам[a] |
Былая назва: | Запаташня, Запаташны Засьценак |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Судкоўскі |
Насельніцтва: | 43 чал. (2021) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
СААТА: | 3254816053 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°53′51″ пн. ш. 29°48′42″ у. д. |
± Паташня |
Адна з найранейшых пісьмовых зьвестак пра вёску Запаташня з 4 дварамі ў добрах староства Загальскага сустрэтая ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Загальскай Сьвята-Траецкай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. У мэтрычных кнігах Юравіцкага парафіяльнага касьцёлу захаваўся запіс ад 24 лютага (ст. стылю) 1785 года, паводле якога айцец Дыянізы Крэткоўскі, настаяцель царквы ў Загальлі, віцэ-дэкан мазырскі, ахрысьціў Мацея, сына шляхетных сужэнцаў пана Эліяша і Марціяны Парыкевічаў, абывацеляў аколіцы Запаташні Загальскага староства, а кумамі былі шляхетны пан Стэфан Віслаух і дачка сьвятара Еўдакія, пан Антоні Казлоўскі і панна Багуміла Піатроўская з Запаташні[2]. У візытацыі, выкананай Загальскай царквы 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, сказана, Запаташні налічвала ўжо 6 двароў[3].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Паташня апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[4]. У крыніцы, грунтаванай на зьвестках рэвізіі 1795 года, ізноў жа згаданае паселішча з назвай Запаташна[5], з 1797 года — Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. У мэтрычным запісе Юравіцкага касьцёлу, датаваным 5 красавіка 1796 года, паведамляецца аб хросьце айцом-дамініканінам Бруна Лявіцкім немаўляці Феліцыяна, сына шляхетных Георгія і Юліяны з дому Скарадэцкіх Дубікоўскіх, кумамі былі шляхетныя Мікалай Навіцкі і Тэадозія Завітневічаўна; усе яны з Паташні (de villa Potasznia)[6]. «Запоташный Застенок» паказаны на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 года.
Аколіцы Паташня і Сачкоў (Шацкоў, Шачкоў), іх насельнікі зь ліку чыншавай шляхты на зямлі Загальскага староства, якое трымаў часовы ўладальнік пан Тадэвуш Солтан, прысутныя таксама ў шляхецкай рэвізыі 1811 года[7]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 109 жыхароў «Слободки Поташни» былі парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[8].
У парэформавы пэрыяд Паташня вядомая як паселішча (у розных крыніцах засьценак ці аколіца, а таксама вёска) у Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. У 1864 годзе паташэнцы зьвярнуліся да Яго Эксцэленцыі мітрапаліта Станеўскага са скаргай на зьнішчэньне рыма-каталіцкай парафіі і руйнаваньне Юравіцкага касьцёлу дзеля ўладкаваньня праваслаўнай царквы[9]. З другой паловы 1860-х гадоў яны сталі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Найбольш раньнімі і пашыранымі ў паташэнцаў прозьвішчамі былі Казлоўскія, Арлоўскія, Цішкевічы, Яворскія, Міхалоўскія, Сакалоўскія, Дубікоўскія, Скаратэцкія, Тамковічы, Навіцкія. На пачатак 1870 года тут налічвалася 27 мужчынскіх душ былых аднадворцаў, прыпісаных да воласьці, 10 душ аднадворцаў, прыпісаных да Загальскага сельскага таварыства, 6 душ былых казённых сялянаў[10]. Паводле перапісу 1897 году 36 двароў, 212 жыхароў. На 1909 год 30 двароў з 210 жыхарамі[11].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Паташня ў складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[12].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойніцкая воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Паташні працавала школа першай ступені адпаведна з 20 і з 37 вучнямі[13].
З 8 сьнежня 1926 да 23 жніўня 1937 году цэнтар Паташненскага нацыянальнага польскага сельсавету (да 30 сьнежня 1927 года — Паташненскі сельсавет) Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 года Гомельскай акругі БССР. У 1920—1930-х гадох існавалі вёскі Паташня і Новая Паташня. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Паташня, у якой 100% жыхароў складалі каталіцкія альбо «польскія» сем'і (60 сямей, 312 душ[b]). Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Паташні меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[14]. У 1930 годзе меліся школа, хата-чытальня. У 1931 годзе арганізаваны калгас «ОСОАВИАХИМ», працавала кузьня. У гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала патрыятычнае падпольле (кіраўнік Юліян Мечыслававіч Цішкевіч). 26 жыхароў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 года 419 жыхароў. Вёска ў складзе саўгасу «Хвойніцкі» (цэнтр в. Казялужжа).
Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Казялужскага сельсавету[15]. У 2009 годзе перададзена ў склад Дварышчанскага сельсавету, які тады ж быў перайменаваны ў Судкоўскі сельсавет.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.