палац у Лагойску (Беларусь) From Wikipedia, the free encyclopedia
Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодзьдзя ў Лагойску. Знаходзіцца ў цэнтры места, на правым беразе ракі Гайны. Твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў | |
Палац Тышкевічаў, 1923 г. | |
Краіна | Беларусь |
Места | Лагойск |
Каардынаты | 54°12′19.4″ пн. ш. 27°50′44.9″ у. д. |
Архітэктурны стыль | клясыцыстычная архітэктура[d] і ампір[d] |
Дата заснаваньня | 1819 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў | |
Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў на Вікісховішчы |
Утвараў разьвітую архітэктурную кампазыцыю, якая разьмяшчалася на ўзвышшы і скіроўвалася да ракі. Асноўная алея пэйзажнага парку пачыналася ад палаца і вяла да галоўнай вуліцы места. На сядзібным двары знаходзіліся «кухарня», лядоўня, стайня, вазоўня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Большую частку палаца, а таксама гаспадарчыя збудаваньні і капліцу зьнішчылі ў канцы Другой сусьветнай вайны. Захаваліся руіны сьцяны бакавога крыла палаца і парк.
Яшчэ ў старажытнасьці над ракой Гайнай, пры тракце, які вёў зь Менску ў Дынабург, знаходзілася гарадзішча. Пазьней на ім узьнік фэўдальны замак, сьценам якога неаднойчы даводзілася трымаць аблогу.
У канцы XV ст. Лагойск атрымаў статус мястэчка, у цэнтры паселішча збудавалі ратушу з гадзіньнікам на фасадзе. У пачатку XVI ст. Тышкевічы мелі два палацы ў прадмесьцях Лагойску — Луцаўшчыне і Заазер’і (на беразе Заазерскага возера за 1,5 км на паўднёвы ўсход).
У 1814—1819 гадох на месцы старажытнага замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (зьнішчаны крымскімі татарамі ў 1505 годзе), потым мураванага замка Тышкевічаў (разбураны швэдамі ў 1708 годзе) узьвялі новы мураваны палац.
У 1920-я гады Лагойск атрымаў статус адміністрацыйнага цэнтру аднаго з пагранічных раёнаў Менскай акругі БССР. Савецкія ўлады нацыяналізавалі маёнтак, а палац і іншыя пабудовы прыстасавалі пад розныя адміністрацыйна-гаспадарчыя патрэбы, таксама выкарыстоўвалі іх як жылыя памяшканьні. Скляпеньні палаца, паводле словаў мясцовых жыхароў, у 1920—1940-я гады выкарыстоўваліся ў якасьці вязьніцы — спачатку НКВД, а пазьней немцамі. У канцы Другой сусьветнай вайны палац падарвалі, захаваўся толькі невялікі фрагмэнт сьцяны паўднёвага крыла будынка.
Парк пачынаючы з 1920-х гадоў паступова прыходзіў у заняпад. Пазьней, у 1950—1980-я гады, неаднаразова падпадаў пад пераплянаваньне (у тым ліку стыхійнае)[1].
Помнік архітэктуры позьняга клясыцызму (ампіру) з выкарыстаньнем элемэнтаў дарычнага ордэра[1]. Манумэнтальны будынак паставілі на высокі цокаль прастакутнай формы (70 на 20 мэтраў). Аб’ёмна-прасторавую франтальна раскрытую кампазыцыю фармавалі тры злучаныя паміж сабой 1-павярховымі крыламі часткі: сярэдні 2-павярховы 5-восевы корпус і два 1-павярховыя 1-восевыя высунутыя рызалітамі бакавыя павільёны.
Сярэдні корпус палаца на галоўным фасадзе вылучаўся глыбокім 6-калённым портыкам; яго патройныя калёны ўзвышаліся над шырокім праездам ў цэнтры і бакавымі пандуснымі пад’ездамі. Калёны несьлі гладкі антаблемэнт з карнізам на дантыкулах і 2-ярусны прастакутны атык з трыкутным франтонам у завяршэньні — тыпова ампірная форма. Прасьценкі прастакутных у сьціплых ліштвах вокнаў рытмічна дэкараваліся пілястрамі. Толькі ўваходныя дзьверы афармляліся чвэрцьлісьцевымі начолкамі. Бакавыя крылы падзяляліся падвойнымі пілястрамі і завяршаліся трыгліфнымі фрызамі і трыкутнымі франтонамі.
Амаль такі ж выгляд палац меў і з паркавага боку, але вылучаўся больш сьціплай архітэктурна-плястычнай распрацоўкай. Портыку франтальнага фасада тут адпавядаў паўкруглы эркер з 6 прысьценнымі калёнамі і закругленым атыкам у завяршэньні. Вакол эркера, узьнятага на высокі цокальны паўпаверх, праходзіла відавая тэраса з сходамі, зь якой адкрываліся паркавыя краявіды. Палац накрывалі пакатыя 2-схільныя гонтавыя дахі над усімі яго часткамі. Яшчэ і ў наш час пад руінамі палаца праглядаюцца вялікія скляпеністыя сутарэньні.
Парадныя апартамэнты палаца больш нагадвалі музэйную анфіляду. Тут, у дзьвюх найбольшых працяглых залях, экспанаваліся рэчы багатых музэйных збораў. Мастацкае афармленьне інтэр’ераў было ў стылі ампіры. Паводле адзінкавых успамінаў некаторых наведвальнікаў «музэю» можна меркаваць, што працяглыя экспазыцыйныя залі знаходзіліся на першым паверсе бакавых крылаў палаца. Пад музэйную экспазыцыю адводзіліся і залі-ратонды абодвух паверхаў цэнтральнага акруглага эркера.
Адначасна з будаваньнем палаца Піюс Тышкевіч высадзіў «Ангельскі» парк пэйзажнага пляну ўздоўж правага берага ракі Гайны на плошчы 6,2—10 га. Фармаваньню парку ў духу рамантызму спрыялі гістарычныя асаблівасьці яго тэрыторыі, што зьвязвалася з існаваньнем тут умацаванага мураванага замка.
Праз парк працякаў ручай зь перакінутым церазь яго мураваным аркавым мостам. Перад ім, пры ўезьдзе ў парк, з правага боку ад палаца стаяла невялікая вартоўня.
Перад парадным фасадам палаца ўтвараўся роўны акруглай формы траўнік, аточаны «жывой сьценкай» нізка стрыжанага кустоўя вечназялёнага самшыта; унутры купамі расьлі кусты, былі разьбітыя кветкавыя клюмбы і рабаткі. Да партэру далучалася вялікая паляна (цяпер стадыён; яе восьсю праходзіла адна з пэрспэктываў на раку Гайну), над якой узвышаліся ўзьлескі, аформленыя з аднаго боку магутнай групай таполі белай, зь іншага — елкі. Каля берага Гайны сымэтрычна разьмешчаныя 2 паўкруглыя шчыльныя групы ліпаў, якія падкрэсьлівалі вось пэрспэктывы і адначасна ўмацоўвалі бераг. Адна зь іх служыла відавой «зялёнай» альтанкай.
Ад палаца ўздоўж берага праз масівы дрэваў вакол паляны праходзіў кольцавы маршрут шпацыраў. Ён характарызаваўся разрэджаным дрэвастоем зь мясцовых відаў, празь які добра праглядаліся зарэчныя левабярэжныя далі і люстэрка ракі. У паўднева-ўсходняй частцы сьцежка падводзіла да невялікага вадаёму каля ракі, які сілкаваўся ад бесьперапынна пульсуючай крыніцы. Маршрут часткова праглядаецца і сёньня, але густы падлесак закрыў пэрспэктывы.
Паўднёва-ўсходнюю частку парку прадстаўляюць рэшткі замка. Добра захаваўся крапасны вал з крутымі схіламі, парослымі векавымі дрэвамі. Абкружны канал паўкругам ахопліваў замак на высокай тэрасе Гайны. Былы замкавы двор служыў садам, а з валоў адкрываліся краявіды на марэнныя маляўнічыя ўзгоркі. Пярэдні плян пэрспэктывы складала паўнаводная Гайна. У кампазыцыйным разьвязку парку ляжыць прынцып раскрыцьця дальніх пэрспэктываў на раку Гайну і выкарыстаньня рэшткаў замкавых фартыфікацыяў з равамі, у плянавальнае — трохпрамянёвая пэрспэктыва ў бок ракі.
Парк ня мае кампазыцыйна вызначанай плянавальнай восі. Уязная алея праходзіла паміж садам, закладзеным на месцы былых сялянскіх сядзібаў, і паркам, паўтараючы яго канфігурацыю паўднёва-заходнім пэрымэтрам. Падоўжнай восьсю палаца, праз паркавы гушчар быў пакінуты шырокі прасьвет, празь які адкрываўся краявід на далёкую частку парку. Яшчэ прыгажэйшы краявід адкрываўся з тэрасы і вокнаў тыльнага боку палаца, дзе тэрыторыя паніжалася пакатым схілам да маляўнічай сажалкі зь цяністай «зялёнай» таполевай альтанкай каля яе (пасаджаныя кругам ліпы). Агляд працягваўся ракой, далей да цямнеючага за ёй лесу.
Дэндралягічную аснову парку складалі дрэвы мясцовых ліставых пародаў: апроч ліпы звычайнай, расьлі ліпа грубаліставая, клён серабрысты і татарскі, ясень пэнсыльванскі, явар. Курціны фармавалі таполя белая і дуб, з хваёвых была елка. На ўскрайку парку быў высаджаны пладовы сад.
З зруйнаваньнем палаца паступова гінуў і парк, ад якога ўцалелі толькі адзінкавыя фрагмэнты. Цяпер гэта мескі парк культуры і адпачынку. Існуе праект аднаўленьня парку.
Сярод парку стаяў фамільны касьцёл-пахавальня, збудаваны ў 1787—1793 гадох практычна адначасна з палацам, пра што сьведчыць агульная зь ім ампірная мастацка-стылёвая трактоўка. Прастакутны 1-нэфавы корпус пад 2-схільным гонтавым дахам завяршаўся над алтаром гранёным шатровым ліхтарыкам. Корпус перакрыжоўваў аб’ём трансэпта, аднавосевыя кароткія крылы якога выступалі на бакавых фасадах і завяршаліся трыкутнымі тарцовымі франтонамі.
У адрозьненьне ад роўных, рытмічна падзеленых высокімі аркавымі вокнамі бакавых фасадаў, галоўны — атрымаў насычаную архітэктурна-плястычную распрацоўку. Ягоная роўніца завяршалася прастакутным атыкам, над якім узвышаўся прастакутны вэртыкальна выцягнуты шчыт з гадзіньнікам паміж дзьвюх прысьценных калёнаў. Але асноўным плястычна-дэкаратыўным акцэнтам франтальнага фасаду быў узьняты на высокія руставаныя ўстоі 4-калённы портык з трыкутным франтонам. Яго палярна пастаўленыя калёны ўзвышаліся над прастакутным уваходным парталам, над якім разьмяшчалася аркавае акно хораў. Апроч гэтага, з кутоў фасаднай роўніцы ўзвышаліся адзіночныя калёны.
Пад будынкам існавала вялізная крыпта-пахавальня, асьветленая паўкруглымі люкарнамі цокаля.
У 1842 годзе ў Лагойскім палацы браты Яўстах і Канстантын Тышкевічы заснавалі першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі музэй старажытнасьцяў, у якім яны сабралі архіў старажытных рукапісаў, калекцыю мастацкіх твораў, унікальную бібліятэку (3 тыс. кніг), археалягічную калекцыю.
У нумізматычнай калекцыі Тышкевічаў налічвалася 1140 мэдаляў і манэтаў. Сярод трох тысячаў кніг, сабраных у бібліятэцы музэю, было каля 500 старажытных помнікаў айчыннага кнігадрукаваньня. У бібліятэцы захоўваліся таксама рукапісы, старадаўнія геаграфічныя мапы і граматы.
З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбрам і золата, падараваны каралём і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам у 1514 годзе касьцёлу мястэчка Гайны, што за 10 км ад Лагойску. Былі яшчэ ў музэі два мечы зь мініятурным партрэтам караля і вялікага князя Стэфана Баторыя (1533—1586) на этэсах, з подпісам і дывізам. Апроч таго, тут былі шпага расейскага гаспадара Пятра І, швэдзкія сьцягі.
Лагойскі музэй быў і своеасабістым арсэналам зь вялікім камплектам рознай зброі. Захоўваліся тут зброя, кальчугі, мундзіры часоў француска-расейскай вайны 1812 году.
Музэй меў багатую калекцыю ручнікоў, сурвэтак, абрусаў, што ткаліся на фабрыцы льняных і баваўняных вырабаў, заснаванай Кантантынам Тышкевічам.
Значнае месца ў музэі займалі партрэты прадстаўнікоў 500-гадовага (12 пакаленьняў) лагойскага роду Тышкевічаў. Амаль усе партрэты — у натуральную велічыню, па пояс альбо на ўвесь рост (партрэт Піюса — бацькі Тышкевічаў — работы Дамеля, партрэт рэфэрэнта вялікага літоўскага Вінцэнта Тышкевіча, біскупа Антонія Тышкевіча).
«Вялікая» і «малая» залі палаца займалі творы майстроў Рыму, Флярэнцыі, Нэапалю — 200 экспанатаў. Было тут 48 копіяў з замалёвак грэцкага Партэнона, былі прадметы раскопак Пампэі, рэчы, здабытыя ардынатарам Біржаў Міхалам Тышкевічам, таксама археолягам (1828—1897), у час ягоных раскопак у Эгіпце[2].
У 1845 годзе Яўстах Тышкевіч перавёз частку лагойскай калекцыі ў Вільню пад выглядам выставы, якую пасьля ператварыў у прыватны музэй, а потым, з дазволу ўладаў, — у музэй, што разьмясьціўся ў старажытнай залі Віленскага ўнівэрсытэту.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.