Remove ads
вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці From Wikipedia, the free encyclopedia
Га́йна[1] — вёска ў Беларусі, на сутоках Бярэзіны і Гайны. Цэнтар сельсавету Лагойскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 551 чал. Знаходзіцца за 10 км ад Лагойску, за 40 км ад Менску, за 45 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы.
Гайна лац. Hajna | |
Месца касьцёла | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Лагойскі |
Сельсавет: | Гайненскі |
Насельніцтва: | 551 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1774 |
Паштовы індэкс: | 223121 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°14′54.0690″ пн. ш. 27°42′36.4835″ у. д. |
± Гайна | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гайна — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны, адна з найстарэйшых рымска-каталіцкіх парафіяў Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі віленскага барока касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Найбольш імаверным зьяўляецца паходжаньне тапоніму Гайна ад беларускага слова гай, менш імаверна супастаўленьне зь дзеясловам гаіць — 'абараняць'. Беларуская форма Гайна перайшла ў летувіскую мову як Айна (пры такой асыміляцыі звычайна зьнікае пачатковае «г»)[2], што дае падставы некаторым дасьледнікам прыпісваць тапоніму летувіскае паходжаньне (ад ainis — 'унук' або ainija — 'патомства').
Упершыню Гайна ўпамінаецца гісторыкам XV стагодзьдзя Янам Длугашам сярод уладаньняў вялікіх князёў. У гэты час паселішча ўваходзіла ў склад Лагойскага княства[3].
Паводле некалькіх гістарычных крыніцаў XV—XVI стагодзьдзяў, Гайна была адным зь першых 10 паселішчаў Вялікага Княства Літоўскага, у якіх Ягайла ў 1386 годзе заснаваў касьцёлы. Аднак польскі дасьледнік Ежы Ахманскі высьвятліў, што заснаваньне каталіцкай сьвятыні адбылося крыху пазьней — яшчэ ў 1397 годзе касьцёл не існаваў, бо ў гэтым годзе Вітаўт запісаў дзесяціну з Гайны на карысьць касьцёла Сьвятога Станіслава ў Вільні. Менавіта гэты дакумэнт фіксуе першы беспасярэдні ўпамін пра сёньняшнюю Гайну[4].
У 1514 годзе мясцовы касьцёл наведаў вялікі князь Жыгімонт Стары ў зьвязку зь сьвяткаваньнем перамогі над маскоўскімі захопнікамі ў Бітве пад Воршай. У 1522 годзе пры касьцёле адкрылася школа. Пад 1560 годам Гайна ўпамінаецца як мястэчка, цэнтар староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1789 годзе ў Гайне на месцы струхнелага драўлянага ўзьвялі мураваны касьцёл.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1792 год) Гайна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Докшыцкім, з 1796 году Барысаўскім паветах. На 1795 год у мястэчку быў 61 двор. У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Гайне народную вучэльню. У 1867 годзе па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы)[5]. У 1891 годзе ў Гайне пачалі працаваць мукамольнае і крупяное прадпрыемствы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку быў 131 двор, на 1909 год — 116 двароў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Гайну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гайна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году стала цэнтрам сельсавету Лагойскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1970 год тут было 256 двароў, на 1992 год — 214, на 1996 год — 302. У 2000-я гады Гайна атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
У Гайне працуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, лякарня, бібліятэка, дом культуры.
У 1990-я гады ў вёсцы збудавалі царкву.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.