Няме́цкая акупа́цыя Белару́сі (1941—1944) — акупацыя нямецкімі войскамі ў 1941—1944 тэрыторыі БССР (у межах 1941 году) у рамках нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 году. Пасьля поўнага захопу нямецкімі войскамі (1941) тэрыторыя БССР была падзелена на наступныя зоны кіраваньня: тылу армейскай групы «Цэнтар», райхскамісарыятаў «Остлянд» і «Ўкраіна», генэральнай акругі Ўсходняя Прусія.
На акупаванай тэрыторыі зь першых дзён Нямецка-савецкай вайны дзейнічалі савецкія партызанскія фармаваньні. Таксама з 1941 сюды распаўсюджвалася дзейнасьць польскіх партызанскіх сілаў. У шэрагу раёнаў Берасьцейскай вобласьці дзейнічалі ўкраінскія АУН і УПА.
Гісторыя
Шэраг гісторыкаў адносіць пачатак нямецкай акупацыйнай дзейнасьці на тэрыторыі сучаснае Беларусі на верасень 1939 году, калі баявыя сутыкненьні адбываліся між Трэцім райхам і Польшчай, у склад якой уваходзіла Заходняя Беларусь. Паводле сакрэтнага дадатку да Пакту Молатава — Рыбэнтропа ўсход Польшчы трапіў у сфэру ўплыву СССР, у выніку чаго неўзабаве савецкія сілы ўвайшлі ва ўсходнія ваяводзтвы Польшчы.
Напад Нямеччыны на СССР пачаўся з тэрыторыі Польшчы, падкантрольнай Нямеччыне, і з геаграфічных прычынаў перш за ўсё закрануў захад Беларусі. Наступ адбываўся галоўным чынам групай арміяў «Цэнтар» у рамках пляну «Барбароса». Наступ характарызаваўся адзінкавымі намаганьнямі супраціву савецкага войска й параўнальна імклівым наступам нямецкага (так, празь некалькі дзён Вэрмахт увайшоў у Менск). За правал у абароне Беларусі кіраўнікоў Заходняй асаблівай вайсковай акругі пры канцы ліпеня 1941 г. прысудзілі да расстрэлу[2]. У рамках Другой сусьветнай вайны пад акупацыю трапіла практычна ўся тэрыторыя Беларусі, яе вяртаньне пад кантроль СССР адбывалася з 1943 году (першы ўзяты пад кантроль раённы цэнтар — Камарын).
Нацыянальная палітыка
На захопленай Трэцім райхам тэрыторыі БССР пад акупацыяй апынулася каля 8 млн чалавек, а таксама 900 тыс. савецкіх ваеннапалонных[3]. Нямецкая адміністрацыя праводзіла палітыку генацыду, рабаваньня і гвалту. Усё гэта адбывалася паводле пляну «Ост».
Першым крокам акупантаў стала ўвядзеньне абмежаваньняў грамадзянскіх свабодаў мясцовага насельніцтва. Было абвешчана надзвычайнае становішча. Усё насельніцтва, якое пражывае на акупаванай тэрыторыі, падлягала абавязковаму ўліку і рэгістрацыі ў мясцовых адміністрацыях. Забаранялася дзейнасьць усіх арганізацыяў, а таксама правядзеньне мітынгаў і сходаў. Уводзіўся прапускны рэжым і камэнданцкая гадзіна. Зь першых дзён вайны немцы праводзілі масавыя чысткі: забівалі камуністаў, камсамольцаў, актывістаў савецкай улады, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. З асаблівай жорсткасьцю зьнішчалася «расава шкодная» частка насельніцтва: жыды, цыганы, фізычна і псыхічна хворыя.
Масавае зьнішчэньне насельніцтва ажыцьцяўлялі асаблівыя апэратыўныя групы — айнзацгрупы, якія падзяляліся на спэцыяльныя і апэратыўныя[4].
На тэрыторыі Беларусі нацыстамі было створана 260 канцэнтрацыйных лягераў, іхніх філіяў і аддзяленьняў[5]. Самым буйным зьяўляўся Трасьцянецкі лягер сьмерці, у якім за гады вайны было зьнішчана 206,5 тыс. чалавек[6].
У гарадах арганізоўваліся спэцыяльныя зоны пражываньня жыдоў — гета. Усяго ў Беларусі было створана, паводле розных зьвестак, ад 111 да больш чым 200, а паводле зьвестак доктара гістарычных навук Эмануіла Іофэ(ru) — 299 гета ў 277 населеных пунктах на даваеннай тэрыторыі БССР, зь якіх на сучаснай тэрыторыі Беларусі — 238 гета ў 216 населеных пунктах. Найбольш буйныя гета меліся ў Менску, Горадні, Бабруйску, Баранавічах, Берасьці, Пінску, Слоніме, Гомлі. Жыды зазнавалі сыстэматычнае мэтанакіраванае зьнішчэньне ў рамках палітыкі «канчатковага рашэньня жыдоўскага пытаньня».
У мэтах барацьбы з антынямецкім супрацівам нямецкія акупацыйныя ўлады шырока выкарыстоўвалі карныя экспэдыцыі. Зьнішчаліся цэлыя раёны, якія ператвараліся ў «зоны пустыняў». За час акупацыі БССР было праведзена звыш 140 карных экспэдыцыяў. Першая зь іх — «Прыпяцкія балоты» — адбылася ў ліпені — жніўні 1941 на тэрыторыі Берасьцейскай, Менскай, Пінскай і Палескай абласьцей. За час апэрацыі нямецкімі карнымі атрадамі было расстраляна 13 788 чалавек[7]. За ўвесь час нямецкай акупацыі было зьнішчана 628 населеных пунктаў разам з жыхарамі, 5295 населеных пунктаў зьнішчаныя з часткай жыхароў[8].
Найбольш буйнымі карнымі апэрацыямі зьяўляліся «Арол», «Трыкутнік», «Чароўная флейта», «Котбус», «Герман». У справаздачы пра вынікі экспэдыцыі «Герман» (ліпень — жнівень 1943), праведзенай на тэрыторыі Валожынскага, Івянецкага, Любчанскага, Навагрудзкага і Юрацішкаўскага раёнаў, Курт фон Готбэрг паведамляў у Бэрлін, што забіта 4280 чалавек, узята ў палон 20 944 чалавекі, у тым ліку 4180 дзяцей. Нямецкімі жаўнерамі было рэквізавана 3145 курэй, 6776 кароў, 499 цялят, 9571 авечка, 1517 сьвіняў і звыш 100 сельскагаспадарчых машын[8].
Нямецкія акупацыйныя ўлады часта выкарыстоўвалі дзяцей у якасьці донараў крыві. Нямецкія захопнікі стварылі 14 дзіцячых канцлягераў для прымусовай крывядачы, ад якой тыя дзеці паміралі. Сярод іншых, такія канцлягеры дзейнічалі ў Сёмкаве (Менскі раён), Скобраўцы (Пухавіцкі раён), Парычах (Гомельская вобласьць) і навучальнай гаспадарцы «Чырвоны бераг» у Жлобінскім раёне. У Скобраўцы пастаянна знаходзілася звыш 200 дзяцей, якіх рэгулярна адпраўлялі ў Нямеччыну, пасьля чаго канцлягер наноў папаўнялі. Апошнюю партыю такіх дзяцей у Сёмкаве партызаны пасьпелі ўратаваць ад вывазу[9].
Мясцовае насельніцтва прыцягвалася да расчысткі замінаваных участкаў, было жывым шчытом у баявых апэрацыях супраць партызанаў і войскаў Чырвонай Арміі. Нямецкай адміністрацыяй ужывалася дэпартацыя насельніцтва на прымусовыя працы ў Нямеччыну, Аўстрыю, Францыю, Чэхію. Такіх «добраахвотных» работнікаў называлі остарбайтарамі. Зь Беларусі было вывезена каля 400 тыс. чалавек. 186 тыс. беларусаў загінулі на працах[10].
Усе эканамічныя і прыродныя рэсурсы захопленых раёнаў былі абвешчаныя нямецкай уласнасьцю. Уводзілася абавязковая працоўная павіннасьць. Пра сутнасьць эканамічнай палітыкі ва Ўсходняй Эўропе (уключаючы Беларусь) можна меркаваць з патрабаваньняў райхсмаршала Г. Герынга да райхскамісараў у жніўні 1942[10]:
Вы накіраваныя туды для таго, каб працаваць на дабрабыт нашага народу, а дзеля гэтага неабходна забіраць усё магчымае. Пры гэтым мне абсалютна ўсё роўна, калі вы мне скажаце, што людзі акупаваных абласьцей паміраюць з голаду. Хай паміраюць, абы толькі былі жывыя немцы. Я зраблю ўсё — я прымушу выканаць пастаўкі, якія на вас ускладаю, і калі вы гэтага ня зможаце зрабіць, тады я пастаўлю на ногі органы, якія пры любых абставінах вытрасуць гэтыя пастаўкі.
Насельніцтва Беларусі павінна было плаціць непасільныя плацяжы: 3-4 цэнтнэры збожжа з гектару, 350 л малака з кожнай каровы, 100 кг сьвініны з аднаго двару, 35 яек ад кожнай курыцы, 6 кг птушкі з двару, 1,5 кг воўны з кожнай авечкі і ў сярэднім 100 рублёў на чалавека[11].
Усе гэтыя мерапрыемствы, якія праводзіліся нямецкай адміністрацыяй на тэрыторыі Беларусі, спрыялі ўздыму вызваленчага руху. Зь першых дзён вайны беларусы пачалі аказваць супраціўленьне нямецкім акупацыйным уладам. Пасьля ўвядзеньня розных абмежаваньняў і падаткаў незадаволенасьць сярод мірнага насельніцтва нарастала ў геамэтрычнай прагрэсіі, што дазволіла пасьпяхова арганізаваць партызанскі рух на Беларусі. Партызанскі рух падразьдзяляўся на некалькі плыняў: прасавецкі, які імкнуўся да ўзяцьця пад кантроль тэрыторыі Беларусі савецкімі органамі ўлады, а таксама антысавецкі, які імкнуўся да барацьбы зь нямецкімі і савецкімі сіламі (у гэтай плыні вылучаліся прабеларускія рухі, а таксама ўкраінскія й польскія, апошнія дзейнічалі ў памежных рэгіёнах побач з адпаведнымі краінамі).
Пачынаючы з 1941 В. Кубэ, які кіраваў грамадзянскай адміністрацыяй у генэральным камісарыяце «Вайсрутэнія» («Беларусь») праводзіў палітыку г. зв. «вайсрутэнізацыі», якая, між іншым, вылікала сур’ёзныя канфлікты між ім і кіраўніцтвам нацысцкай партыі, аб’ектыўна паспрыяла ўзмацненьню беларускага не-савецкага нацыянальнага пачуцьця і пацягнула за сабой шэраг трывалых палітычных наступстваў, у тым ліку ў савецкай пасьляваеннай нацыянальнай і дэмаграфічнай палітыцы.
Пачынаючы з 1942 дадаткова да дапаможнай паліцыі нямецкія ўлады фармавалі на тэрыторыі Беларусі ваенна-паліцэйскія сілы, у тым ліку беларускія (Беларускі корпус самааховы).
Глядзіце таксама
Заўвагі
- рас. «Дружба народов Германии и Советского Союза, скрепленная кровью, имеет все основания быть длительной и прочной»
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.