вёска ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Мо́сар[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Маргве. Уваходзіць у склад Удзелаўскага сельсавету Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 348 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на поўнач ад Глыбокага, за 220 км ад Віцебску; на аўтамабільнай дарозе, якая злучае Мосар з Глыбокім.
Мосар лац. Mosar | |
Касьцёл Сьвятой Ганны | |
Першыя згадкі: | 1514 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Глыбоцкі |
Сельсавет: | Удзелаўскі |
Вышыня: | 143 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 348 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2156 |
Паштовы індэкс: | 211807 |
СААТА: | 2215882096 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°13′39″ пн. ш. 27°27′59″ у. д. |
± Мосар | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Мосар — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). У наш час атрымаў вядомасьць дзякуючы а. Юзэфу Бульку, намаганьнямі якога мясцовы касьцёл Сьвятой Ганны ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, пераўтварыўся ў духоўны цэнтар. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Бжастоўскіх, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, зруйнаваны бальшавікамі.
Упершыню Мосар ўпамінаецца ў 1514 годзе. Ягоным уладальнікам быў Юры Зяновіч (Зяноўевіч), намесьнік браслаўскі, якому ў грамаце вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 11 кастрычніка 1554 году было дазволена «при именью его Мосары над р. Дисною, местечко посадити, торг и корчмы вольные к пожитку у его мети».
Пазьней Мосар перайшоў у валоданьне ваяводу троцкаму Пацу, а ад яго — маршалку вялікаму Марцыяну Валовічу. У 1639 годзе ўладальнікамі маёнтку зьяўлялася сям’я Долмат-Ісайкоўскіх, ад якой ён зноў перайшоў Пацам у якасьці пасагу. Пэўны час уладальнікамі Мосара былі Млечкі. Канстанцыя Млечка ў канцы 17 стагодзьдзя пабралася шлюбам з кашталянам троцкім Янам Уладыславам Бжастоўскім з гербу Стрэмя, па чым маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Бжастоўскіх на працягу больш чым 200 гадоў.
У 1775—1790 гадох Робэрт і Ганна (з роду Плятэраў) Бжаздоўскія збудавалі ў Мосары вялізны палац, які ўяўляў сабой двухпавярховы будынак, выкананы ў стылі строгага клясыцызму і нагадваў каралеўскую рэзыдэнцыю ў варшаўскіх Лазенках. Палац меў багатае ўнутранае аздабленьне і налічваў некалькі заляў, у адной зь якіх — Каралеўскай — знаходзіліся генэалягічнае дрэва ўсіх каралёў польскіх, арыгінальная печ у выглядзе піраміды на пяці кулях, а таксама францускі камін зь бюстам Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які некалькі разоў гасьцяваў у Мосары. Апроч Каралеўскай, палац меў Бальную залю з камінам з чорнага мармуру і Люстраную, дзе сьцены былі аздобленыя люстранымі панэлямі. Таксама ў палацы знаходзіўся Кітайскі пакой, аздоблены ва ўсходнім стылі. Вакол знаходзіўся пэйзажны парк з дубовай алеяй і садам. Палац быў зьнішчаны бальшавікамі падчас адступленьня ў 1920 годзе.
Апроч палаца, у 1792 годзе ў Мосары Робэрт і Ганна (з роду Плятэраў) Бжастоўскія збудавалі мураваны касьцёл Сьвятой Ганны і запісалі «фундуш» з 1000 чырвоных злотых, зацьверджаны Ігнатам Масальскім. У касьцёле ў срэбранай труне былі пахаваныя рэліквіі сьвятога Юстына, якія трапілі сюды зь Мядзела. Апроч гэтага, у касьцёле былі пахаваныя яго заснавальнік — Р. Бжастоўскі — а таксама ягоныя нашчадкі.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мосар апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Віленскай губэрні. У XIX стагодзьдзі некалькі тысячаў вернікаў штогод зьяжджаліся ў мясцовы касьцёл на дзень Сьвятога Юстына. За ўдзел у вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў расейскія ўлады канфіскавалі частку земляў Бжаздоўскіх. Каля 1840 году ўніяцкая царква, збудаваная ў XVIII стагодзьдзі, абрушылася, і царкоўную маёмасьць разам з званамі перадалі ў Вярхнянскую царкву.
У канцы XIX стагодзьдзя Мосар перайшоў у валоданьне Пілсудзкіх: у 1870 годзе яго набыў Эдмунд Пілсудзкі, а ягоны сын Калікст Юзаф Пілсудзкі быў наступным і апошнім уладальнікам маёнтку. У 1872 годзе ў мястэчку адкрылася расейская народная вучэльня. На 1885 год маёнтак налічваў 558 сялянаў і 2030 дзесяцінаў зямлі, зь якіх 1206 дзесяцінаў былі ў Мосары і 824 — у Буках.
За часамі Першай сусьветнай вайны Мосар занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мосар абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мосар апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва[3].
У 1939 годзе Мосар увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Дунілавіцкага раёну. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да чэрвеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. З 1960 году Мосар уваходзіць у склад Удзелаўскага сельсавету Глыбоцкага раёну. На 1992 год у вёсцы было 204 двары, на 1997 — 231, на 1999 — 224.
У вёсцы працуюць базавая школа, бібліятэка, клюб, фэльчарска-акушэрскі пункт, пошта і 2 крамы.
Мосар уваходзіць у склад ААТ «За Радзіму», працуе льнозавод.
З ініцыятывы ксяндза Юзафа Булькі ў Мосары быў створаны адзіны ў Беларусі антыалькагольны музэй, разьмешчаны ў званіцы. У музэі знаходзіцца самагонны апарат, прынесены местачкоўцамі, столік з самаварам і шалямі, зь якіх можа выпіць гарбаты. Сьцены музэю аздабляюць антыалькагольныя плякаты, а ў самім касьцёле ёсьць «Кніга цьвярозасьці», дзе людзі на пэўны тэрмін даюць перад Богам абяцаньне ня піць[7] Апроч самога музэю, у вёсцы створаная Алея цьвярозасьці,[8]. якую заклалі прадстаўнікі клюбаў ананімных алькаголікаў зь Беларусі, Латвіі і Летувы. Дзякуючы сьвятару многія жыхары Мосара і навакольных вёсак спынілі злоўжываньне алькаголем[9].
У Мосары дзее адзіны ў вобласьці музэй Мосарскай парафіі, дзе захоўваецца калекцыя прыладаў працы, якімі карысталіся продкі беларусаў: мёдагонка, жорны, сталярны варштат, кросны, разнастайныя стругальныя інструмэнты. Сам музэй знаходзіцца ў былой пуні, дзе калісьці захоўвалі збожжа[7].
За 1,5 км на паўднёвы захад ад Мосару знаходзіцца курганны могільнік, які складаецца зь 10 насыпаў. Ягонае стварэньне адносяць да X — пачатку XI стагодзьдзяў. Могільнік у канцы XVIII стагодзьдзя выявіў і дасьледаваў В. Мінліх, які раскапаў 6 насыпаў. Цяпер матэрыялы гэтых дасьледаваньняў захоўваюцца ў Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу.
Шматлікія археалягічныя знаходкі і курганны могільнік сьведчаць пра тое, што Мосар зьяўляецца адным з найбольш старажытных паселішчаў у раёне[10].
Галоўная славутасьць Мосара — касьцёл Сьвятой Ганны, помнік архітэктуры клясыцызму XVIII стагодзьдзя. У 1990 годзе сюды прызначылі пробашчам Юзафа Бульку, з ініцыятывы якога касьцёл адрэстаўравалі, а вакол заклалі парк з рэдкімі расьлінамі, кветкамі, фантанамі і садам камянёў[11].
У 2004[11] годзе на вяршыні ўзгорку, што знаходзіцца на ўсходзе вёскі, паставілі 23-мэтровы крыж, які зьяўляецца самым высокім у Беларусі і бачны за 15 км навокал у яснае надвор’е. Крыж быў пастаўлены ў гонар 490-годзьдзя вёскі дзякуючы намаганьням ксяндза Ю. Булькі[11].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.