Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Менскі замак — абарончае збудаваньне ў Менску, узьведзенае на правым беразе ракі Сьвіслач, ля месца ўпадзеньня ў яе Нямігі. Мясьціна, якую абкружалі замкавыя сьцены, атрымала назву Замчышча.
Апошнія ўмацаваньні Менскага замка зьнішчылі ў пач. XIX ст. А ў 1950-я рокі савецкія ўлады скапалі замкавую гару ды вывезьлі яе за межы места.[1] Да нашага часу захаваліся рэшткі культурнага пласта.[2]
Менскі ўмацаваны дзядзіцец быў узьведзены ў XI ст..[3] У XII—XIII стагодзьдзях замак налічваў 80—82 двары і каля 400—500 жыхароў[4][5].
Драўляныя ўмацаваньні неаднаразова гарэлі (1505, 1547, 1552, 1569 рокі і інш.), але зноў адбудоўваліся. Напрыканцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў замак меў значную колькасьць гарматаў і сталкоў з гэтага віду зброі.[6]
З 1581 року ў Менскім замку адзін раз на два рокі на працягу дваццаці тыдняў адбываліся пасяджэньні дзяржаўнага трыбуналу. Да сярэдзіны XVII ст. замак служыў рэзыдэнцыяй велікакняжацкаму намесьніку і быў па-ранейшаму адным з грамадзкіх месцаў места. На тэрыторыі цьвердзі (у адной зь вежаў) разьмяшчаліся вязьніца, таксама былі жылыя дамы, царква Нараджэньня Багародзіцы, склады, стайні, крамы і іншыя пабудовы.[7] У 1612 року ў будынку замкавага суду знаходзіўся мескі архіў.[8]
У дакумэнтах XVII—XVIII стагодзьдзяў Менскі замак згадваецца пераважна як месца правядзеньня шляхецкіх соймікаў, аднак яшчэ ў 1750 року ў ім стаяла замкавая залога.[9]
Апошні ўспамін пра існыя замкавыя ўмацаваньні датуецца 1793 рокам і зьмешчаны ў люстрацыі, складзенай па ўваходжаньні Менску ў склад Расейскай імпэрыі.[10] Пазьней замкавыя збудаваньні перайшлі ў прыватныя рукі.[8]
Менскі замак быў пабудаваны з дрэва, абгароджаны высокім земляным валам (шырынёй да 22 мэтраў, пазьней — да 30—32 мэтраў, вышынёй — каля 15 мэтраў[3]) і апаясаны глыбокім ровам, напоўненым вадой. У пляне ён меў форму, набліжаную да авала, плошчаю 3 га. Уезд у замак уяўляў сабою добра абаронены праход шырынёю 3,4 мэтры, які замыкаўся мінімум на тры брамы.[11]
З XVII ст. у замку існаваў мураваны будынак гродзкага (замкавага) суду, вядомы па малюнках Я. Драздовіча і старых фатаздымках 1-й паловы XX ст.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.