Remove ads
грамадзкі транспарт Менску, які дзейнічаў у 1892—1928 гадах From Wikipedia, the free encyclopedia
Менская конка — грамадзкі транспарт Менску, які дзейнічаў у 1892—1928 гадах.
Менская конка | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Уласьнік | Андрэй Гарчакоў |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Колькасьць лініяў | 3 |
Штаб-кватэра | дэпо на Пецярбурскай вуліцы |
Дзейнасьць | |
Пачатак дзейнасьці | 10 траўня 1892 (132 гады таму) |
Сканчэньне дзейнасьці | 1928 год |
Апэратар(ы) | акцыянэрнае таварыства |
Колькасьць сродкаў руху | звыш 20 вагонаў (1897 год) |
Даўжыня цягніку | 1 вагон |
Парамэтры | |
Працягласьць маршруту | 7 км (сярэдзінны маршрут) |
Сярэдняя хуткасьць | 5 км/гадзіна |
Налічвала 3 маршруты: 1) між Берасьцейскім і Віленскім вакзаламі; 2) сярэдзінны працягласьцю 7 км ад Віленскага вакзала да Саборнай плошчы, які ішоў па Пецярбурскай, Каломенскай, Захар'еўскай і Губэрнатарскай вуліцах; 3) ад Раманаўскай Слабады да Залатой Горкі. Пазьней зьявілася адгалінаваньне да бровара Фрумкінай. У выніку Менская конка зьвязвала цэнтар места з вакзаламі і прадмесьцямі. Вагон з 20 сядзеньнямі цягнулі 2-3 кані. На крутым пад’ёме па Гандлёвай вуліцы ад Сьвіслачы да Высокага Рынку запрагалі дадатковых коней. Фурман пастаянна званіў, каб пешаходы ня трапілі пад капыты і колы. Кандуктар забясьпечваў паяжджанаў квіткамі і знаходзіў ім вольныя сядзеньні. Гімназісты і школьнікі па льготных квітках езьдзілі стоячы. Цягам усіх 35 год існаваньня конкі цана праезду складала 3-6 капеек, што было па кішэні для рамесьнікаў, студэнтаў і чыноўнікаў. Дагэтуль рамізьнікі за развоз у экіпажы бралі 15 капеек за паездку па цэнтры, 30 капеек — ад цэнтру да Віленскага вакзала, 55 капеек — з Камароўкі да Берасьцейскага вакзала. Конка хадзіла да 11-й гадзіны вечару. Стайні і вагоннае дэпо месьціліся на Пецярбурскай вуліцы. Хуткасьць складала каля 5 кілямэтраў за гадзіну[1].
У 1890 годзе ў Менску пабудавалі 2-і чыгуначны вакзал — Віленскі вакзал, які абслугоўваў Лібава-Роменскую чыгунку. Паяжджанам даводзілася пешшу з торбамі і кайстрамі пераходзіць да Берасьцейскага вакзала, які абслугоўваў Маскоўска-Берасьцейскую чыгунку і месьціўся каля «Таварнай» станцыі. Яшчэ ў 1888 годзе кіраўніцтва будаванай чыгункі прапанавала мескай уладзе пракласьці ведамасную конку між вакзаламі. У адказ улады Менску заключылі пагадненьне аб стварэньні агульнамескай конкі з прадпрымальнікам Андрэем Гарчаковым з Санкт-Пецярбургу. Паводле пагадненьня, конка заставалася ва ўласнасьці створанага ім акцыянэрнага таварыства цягам 25 гадоў. 10 траўня 1892 году па вуліцах Менску пусьцілі першы вагон на рэйках, запрэжаны коньмі. За 5 гадоў да конкі ў Менску зьявіліся конныя амнібусы на 15 чалавек. У 1897 годзе Менская конка мела 91 каня і звыш 20 вагонаў, зь іх 7 адкрытых летніх бяз шкла. У 1899 годзе адбылася безвыніковая стачка фурманаў, якія патрабавалі 8-гадзіннага працоўнага дня і сэзоннага адзеньня. У 1904 годзе зьявіліся абавязковыя прыпынкі. У 1905 годзе ў ходзе рэвалюцыі фурманы конкі пачалі хваляваньні. Тады ўласьнік наняў новых, але менчукі байкатавалі конку. У выніку на працу вярнулі ранейшых работнікаў. У 1912 годзе конка перайшла ў мескую ўласнасьць. У 1918—1921 гадах конка прыпыніла працу ў выніку ўварваньня расейскіх бальшавікоў. 13 кастрычніка 1929 году па маршрутах конкі, якая спыніла існаваньне годам раней, пусьцілі Менскі трамвай[1].
3 сакавіка 2017 году ў Цэнтральным раёне Менску па вуліцы Кірылы і Мятода, д. 6а адчынілі музэй «Менская конка». У музэі разьмясьцілі рэканструкцыю коннага вагона і канторы конкі, а таксама дыяраму дэпо[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.