брытанская палітыкіня From Wikipedia, the free encyclopedia
Элізабэт Мэры «Ліз» Трас (па-ангельску: Elizabeth Mary «Liz» Truss; нар. 26 ліпеня 1975, Оксфард) — брытанская палітыкіня, міністарка замежнага гандлю (2019—2021), міністарка замежных справаў (2021—2022). Прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі з 6 верасьня 2022 па 25 кастрычніка 2022 году. Пратрымалася на пасадзе толькі 50 дзён, што сталася рэкордам ажно з XIX стагодзьдзя ў брытанскае гісторыі[8].
Міністарка навакольнага асяродзьдзя, харчаваньня і сельскай гаспадаркі ў першым і другім кабінэтах Дэйвіда Кэмэрана (2014—2016), міністарка юстыцыі і першая ў гісторыі жанчына-лорд-канцлерка ў першым кабінэце Тэрэзы Мэй (2016—2017). Міністарка замежнага гандлю (2019—2021), міністарка замежных справаў (2021—2022).
Пасьля адстаўкі Борыса Джонсана з пасадаў прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі і лідэра Кансэрватыўнай партыі стала адным з асноўных прэтэндэнтаў на вакантныя пасады. 20 ліпеня 2022 году разам з Рышы Сунакам выйшла ў фінал галасаваньня за пасаду прэм’ер-міністра.
5 верасьня 2022 году ў Лёндане абвесьцілі вынікі агульнанацыянальнага галасаваньня на выбарах кіраўніка Кансэрватыўнай партыі, пераможца якіх аўтаматычна павінен быў стаць кіраўніком ураду. Міністарка замежных справаў Вялікай Брытаніі Ліз Трас перамагла міністра фінансаў Рышы Сунака на выбарах, на якіх галасавалі толькі сябры Кансэрватыўнай партыі. Трас набрала больш за 57% галасоў, Сунак — больш за 42%[9].
У сваёй прамове пасьля выбараў Трас заявіла, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі стане першым, каму яна патэлефануе на пасадзе прэм’ер-міністаркі. Калі Трас узначальвала МЗС Вялікай Брытаніі, ведамства ўвяло самыя строгія санкцыі супраць Расеі. Таксама Трас плянавала працаваць з хаўрусьнікамі па «Групе сямі» дзеля павелічэньня вайсковай і гуманітарнай дапамогі Ўкраіне. Трас паабяцала зьнізіць падаткі, а менавіта адмяніць уведзеныя або заплянаваныя якраз ейным супэрнікам, міністрам фінансаў Рышы Сунакам, павышэньне падатку на ахову здароўя і карпаратыўнага падатку.
Журналісты часта зьвяртаюць увагу на драматычны пералом палітычных перакананьняў, пройдзены Трас — у юнацтве яна пад уплывам маці, якая працавала мэдычнай сястрой і настаўніцай, удзельнічала ў маніфэстацыях супраць палітыкі Маргарэт Тэтчэр[10]. Вылучэньне кандыдатуры Трас на выбары ў Палату абшчынаў выклікала ў свой час моцны супраціў з боку найбольш кансэрватыўна скіраваных праціўнікаў мадэрнізатарскай палітыкі Дэйвіда Кэмэрана ў партыі, якім журналісты газэты The Mail on Sunday далі мянушку Turnip Taliban, гэта значыць «Талібан балваноў». У момант атрыманьня свайго першага міністэрскага партфэлю ў 2014 годзе Трас стала самай маладой жанчынай-міністрам Вялікабрытаніі за ўсю гісторыю.
У 2000 годзе Элізабэт трас выйшла замуж за фінансавага дырэктара Г’ю О’Ліры, пасьля ў сям’і зьявіліся дзьве дачкі[11], Фрэнсіс у 2006 годзе і Лібэрці у 2008 годзе[12].
У чэрвені 2005 году была выкрытая сувязь, якая доўжылася 18 месяцаў, Элізабэт Трас зь ейным палітычным настаўнікам і дэпутатам Маркам Філдам. У выніку шлюб дэпутата быў зруйнаваны, але Трас пашчасьціла, бо яна здолела пераканаць мужа, што ён ёсьць бацькам старэйшай дачкі, і захавала сям’ю[13]..
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.