Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Унебаўзя́цьця Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і, сустракаецца таксама варыянт Міхайлаўскі касьцёл[1][2] — каталіцкі храм у Пружанах Пінскае дыяцэзіі, збудаваны ў 1883 року. Помнік архітэктуры нэаклясыцызму.
Касьцёл | |
Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі | |
Краіна | Беларусь |
Места | Пружаны |
Каардынаты | 52°33′42.47″ пн. ш. 24°27′23″ у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Пінская дыяцэзія |
Тып будынка | храм |
Архітэктурны стыль | нэаклясыцызм |
Заснавальнік | Валенці Швыкоўскі |
Будаваньне | 1878—1883 гады |
Асноўныя даты: 29 верасьня 1883 — Скончанае будаўніцтва 8 верасьня 1884 — Асьвячэньне 2 сакавіка 1948 — Апячатаны бальшавікамі 19 красавіка 1951 — Аддадзены пад Дом культуры 8 сьнежня 1991 — Першае дазволенае ўладамі набажэнства 1 лютага 1993 — Вернуты каталікам 1993—1998 — Рэстаўрацыя 14 жніўня 1998 — Адкрыцьцё адрэстаўраванага храму | |
Прыбудоўкі | Плябанія |
Вядомыя насельнікі | Казімер Сьвёнтак |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | дзейны |
Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі | |
Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі на Вікісховішчы |
У сярэдзіне XIX стагодзьдзя было вырашана пабудаваць для каталікоў новы храм побач са старым драўляным, збудаваным яшчэ ў 1522 року. За яго пабудову ўзяўся мясцовы шляхціч Валенці Швыкоўскі, які дзеля гэтай мэты запрасіў з Варшавы славутага архітэктара Генрыка Марконі. Аднак пасьля падзеяў паўстаньня 1863 року яшчэ недабудаваны касьцёл быў адабраны і перабудаваны пад праваслаўную царкву.
Паколькі стары храм згарэў, вернікі-каталікі дамагаліся таго, каб у Пружане быў хоць адзін касьцёл. Урэшце ў 1877 дазвол быў атрыманы з умоваю, што касьцёл ня будзе ўзвышацца над іншымі пабудовамі места, а 21 сьнежня 1878 року зацьверджаны праект[3]. Узьвядзеньне храма ізноў фундаваў Валенці Швыкоўскі; частку сродкаў (22 000 рублёў) выдзялілі царскія ўлады[4].
Храм узводзіўся на зямлі, выкупленай парафіянамі ў 1881 у памешчыка Быліны. Будаўніцтва касьцёлу скончылася ў 1883 року, 29 верасьня ён быў перададзены духоўным уладам. Ля касьцёлу была збудаваная двухпавярховая званіца вышынёй амаль 8 мэтраў, у алтары якой былі зьмешчаныя абразы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай з кляштару ў Бярозе-Картускай, Маці Божай Ружанцовай, Сьвятога Антонія, Сьвятога Міхаіла і інш.
8 верасьня 1884 року касьцёл быў асьвечаны пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, сьв. Ганны і сьв. Караля Барамэя[4]. Мерапрыемствы зладзіў сьвятар Караль Грынявіцкі.
У 1886 побач была збудаваная драўляная плябанія.
Храм зазнаў значныя пашкоджаньні ў Першую сусьветную вайну: пацярпеў будынак, амаль зьнішчаная арганная частка.
У 1926—28 роках вікарыем парафіі быў Фабіян Пачобут-Адляніцкі[5].
У 1929—1930 пры матэрыяльнай падтрымцы пружанскіх шляхціцаў Дзяконскага і Марачэўскага былі праведзеныя грунтоўныя аднаўленча-будаўнічыя працы. Храм поўнасьцю адрамантавалі, замянілі дах і вокны, правялі электраасьвятленьне. Было адноўленае арганнае памяшканьне. Перабудавалі й плябанію, пры якой зьявілася дадатковае памяшканьне для парафіянаў.
У 1939 року вікарыем быў пастаўлены Казімер Сьвёнтак. Пасьля прыходу Саветаў быў арыштаваны, знаходзіўся ў вязьніцы. З прыходам нацыстаў вызвалены, вярнуўся ў касьцёл і служыў да 17 сьнежня 1944, калі зноў быў арыштаваны бальшавікамі. Празь няпоўныя два рокі ў Польшчу зьехаў пробашч парафіі кс. Антоні Ройка (польск. Antoni Rojko), баючыся перасьледу ўладаў. Вернікі працягвалі зьбірацца ў касьцёле на малітвы нават безь сьвятара яшчэ два рокі, пакуль ён ня быў апячатаны 2 сакавіка 1948 року.
19 красавіка 1951 року райвыканкам вырашыў перабудаваць будынак пад Дом культуры. Драўляныя дэталі аргану выкарыстоўваліся для яго абагрэву[3], мэталёвыя здадзеныя на мэталалом; касьцёльнае ўбранства і вопратка пушчаныя на пашыўку тэатральных касьцюмаў[4]. Частка маёмасьці была распрададзеная.
У пачатку 90-х рокаў мінулага стагодзьдзя вернікі сталі дамагацца вяртаньня касьцёлу. 4 жніўня 1991 ў Пружану быў прысланы на душпастырскую дзейнасьць кс. Эдвард Лоек, 2 сьнежня ўлады дазволілі правядзеньне набажэнстваў у будынку Дому культуры ў нядзелі і сьвяточныя дні. Першая мша адбылася ўжо 8 сьнежня 1991[6].
1 лютага 1993 року вернуты каталікам і асьвечаны ў гонар Маці Божай[3]. 6 лютага з гэтай нагоды ўрачыстую мшу цэлебраваў арцыбіскуп Казімер Сьвёнтак.
Рэстаўрацыя цягнулася да 1998 року. Поўную інвэнтарызацыю і дакумэнтацыю па рэканструкцыі бясплатна зрабіў прафэсар Інстытуту кансэрвацыі помнікаў Кракаўскай палітэхнікі Віктар Зін. Давялося аднаўляць чатыры слупы, якія трымалі скляпеньні і дах. Разбураныя печы і коміны, пастаўленыя падчас перабудовы пад Дом культуры, заменены стары дах, вокны атрымалі свой ранейшы выгляд, і інш.
14 жніўня 1998 адбылася ўрачыстая рэкансэкрацыя сьвятыні. Акт пра гэта на беларускай і польскай мовах захоўваецца ў храме. Да 2005 року вакол касьцёла была збудаваная агароджа і ўпарадкаваная тэрыторыя. На месцы зьнішчанага за камуністамі помніку Хрысту Збаўцы пастаўлены юбілейны крыж да 2000-годзьдзя хрысьціянства[6].
Помнік архітэктуры нэаклясыцызму.
Прастакутны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае строгую сымэтрычна-восевую двухярусную кампазыцыю, ягоная асноўная прастакутная плоскасьць завершаная высокім шчытом з трыкутным франтонам, пастаўленым на прастакутны атык з бакавымі ўвагнутымі валютамі.
Галоўны ўваход разьмешчаны ў глыбіні лёджыі, завершанай цыркульнай аркай. Бакавыя фасады рытмічна расчлененыя пілястрамі і прастакутнымі ваконнымі праёмамі ў 2 ярусы.
З прычыны таго, што ўладамі была агавораная ўмова, што будынак касьцёлу ня мог быць вышэйшым за іншыя пабудовы места, архітэктар адмовіўся ад узьвядзеньня вежаў[7]. Скляпеньні былі паднесеныя амаль пад самы дах, каб максымальна выкарыстаць адведзеную прастору.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.