From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Воршы. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Рынку[lower-alpha 1]. Касьцёл дзеяў да 1832 году, калегіюм — да 1820 году. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў | |
Калегіюм езуітаў | |
Краіна | Беларусь |
Места | Ворша |
Каардынаты | 54°30′26.17″ пн. ш. 30°25′21.54″ у. д. |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Дата скасаваньня | 1820 |
Статус | Ахоўная зона |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы |
Комплекс Аршанскага езуіцкага калегіюму складаўся з касьцёла, школы з бурсай, будынкаў калегіюму і аптэкі, гаспадарчых пабудоваў. Усе гэтыя пабудовы атачаў мур. Пляц, выдзелены пад забудову, меў форму няправільнага пяцікутніка. У другой палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі касьцёл (захаваліся падмуркі). У наш час у будынку калегіюма разьмяшчаюцца ўстановы культуры.
Айцы-езуіты зьявіліся ў Воршы з дазволу караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы[1], які разам з канцлерам Львом Сапегам і ксяндзом Лаўрэнціем у 1609 годзе распрацаваў плян стварэньня езуіцкага калегіюму, а ў 1610—1611 гадох перадаў аршанскім езуітам 210 валок зямлі ў вёсках Князях, Крыніцах, Цянках, Чабаданах, Чалне, Чэрніцах; у 1616 годзе — маёнтак Фашчаўку (больш за 2000 сялянаў). Кароль і вялікі князь надзяліў езуітаў манаполіяй на адукацыю шляхетнай моладзі ў месьце і Аршанскім павеце. У калегіюме выкладаліся рыторыка, лёгіка, філязофія. Тут стварылі «Аршанскі кодэкс» — зборнік папулярных драмаў і інтэрмэдыяў эпохі барока, якія ставіліся ў Варшаве, Віцебску, Наваградку, Полацку. У 1634 годзе адкрыліся дзьве бурсы: музычная і для шляхетнай моладзі зь зьбяднелых сем’яў.
У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі зруйнавалі касьцёл. У 1664 годзе аднавілася дзейнасьць калегіюму, а касьцёл адрамантавалі. Пажар 1680 году зьнішчыў усе пабудовы. У 1683 годзе калегіюм адбудавалі, а ў 1686 годзе пачалося будаваньне новага касьцёла, скончанага ў 1693 годзе. 31 ліпеня 1741 году пачалося будаваньне чарговага касьцёла, якое працягвалася прынамсі да 1765 году[2].
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і калегіюм працягвалі дзеяць. У 1786—1788 гадох праводзілася аднаўленьне касьцёла. Па скасаваньні ордэна езуітаў у Расейскай імпэрыі (1820 год) комплекс перадалі аршанскім дамініканам.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а езуіцкі комплекс гвалтоўна адабралі ў каталікоў і перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). Па адмове ад праекту зрабіць тут царкву Ўрадавага сыноду (1835 год), будынак касьцёла разабралі. У 1841—1842 гадох будынкі калегіюму перарабілі пад вязьніцу (працавала да 1989 году).
У 1993 годзе на тэрыторыі помніка архітэктуры правялі археалягічныя раскопкі і зрабілі праект рэстаўрацыі. У 2007—2008 гадох праводзілася аднаўленьне асноўнага будынка калегіюма.
Пры рэканструкцыі Воршы напярэдадні фэсту «Дажынкі» (2004—2008 гады) прызначаныя рэжымам Лукашэнкі мескія ўлады, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, зьнішчылі некалькі будынкаў — помнікаў гісторыі і архітэктуры. Сярод іх афіцына езуіцкага кляштару — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў[3].
Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая крыжова-купальная базыліка з прастакутнай апсыдай, арыентаванай на поўнач да замка. З бакоў галоўнага фасада, завершанага трыкутным франтонам, узвышаліся 4-гранныя 2-ярусныя вежы пад пакатымі шатровымі дахамі.
Інтэр’ер аздаблялі муравана-стукавыя алтары і фрэскавы росьпіс.
Калегіюм — 2-павярховы будынак, які складаўся з двух крылаў, разьмешчаных пад простым кутом адно да другога. У месцы іх скрыжаваньня далучалася 1-павярховая трапезная з вокнамі ў сад[4]. У будынках месьціліся кельлі манахаў, бібліятэка, інтэрнат, склад.
Да заходняга боку касьцёла далучаўся будынак школы і бурсы. Будынкі касьцёла, школы і калегіюму злучаліся крытымі пераходамі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.