Remove ads
легендарны кароль брытаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Каро́ль А́ртур (па-ангельску: King Arthur) — легендарны кіраўнік брытаў, які пасьпяхова ўзначальваў абарону супраць саксаў у пачатку VI стагодзьдзя. Папулярнасьць легендам аб Артуры надала «Гісторыя каралёў Брытаніі» Гальфрыда Монмуцкага, напісаная ў XII стагодзьдзе. Пачынаючы з гэтага часу кароль Артур трывала ўвайшоў у агульны эўрапейскі легендарыюм.
Гістарычны грунт легендаў застаецца прадметам спрэчак. Некаторыя навукоўцы лічыць, што брыцкі правадыр з такім імём сапраўды існаваў. Але нават ў гэтым разе паведаміць пра яго амаль няма чаго.
Паводле мітаў, падзеі адбываюцца ў V стагодзьдзі—VI стагодзьдзях. У Брытанскай гісторыі гэты пэрыяд вядомы як «цёмныя часы», аб якіх не захавалася амаль аніякіх зьвестак.
У пачатку V стагодзьдзя Брытанія набывала незалежнасьць ад Рымскай імпэрыі. Празь нейкі час уладу падманам захоплівае фэадал Вортыгерн. Плямёны піктаў зьдзясьняюць напады на Брытанію. Каб абараніць брытаў, Вортыгерн запрашае саксаў. Хутка ў Брытанію прыбываюць кароль саксаў Горса і ягоны брат Гэнгіст разам са сваімі дружынамі. Але сытуацыя выходзіць з-пад кантролю: барбары саксы самі пачынаюць спустошваць Брытанію.
Вортыгерн змагаецца зь імі і будуе сабе замак. Але гэты замак заўсёды развальваецца, і ніхто ня ведае, чаму. Тады Вортыгерн даведваецца, што жыве ў Брытаніі юнак Мэрлін, які можа адкрыць сапраўдную прычыну. Мэрліна знаходзяць і прыводзяць да Вортыгерна. Юнак, як высьвятляецца, быў зачаты ад дэмана, які наведваў ягоную маці, а потым пакінуў зь цяжарам у лоне. Мэрлін расказвае, што пад замкам жывуць два цмокі, якія змагаюцца, і таму будынак разбураецца.
Вортыгерн робіць Мэрліна сваім прыдворным прадказальнікам. Але хутка ўзурпатар Вортыгерн быў разьбіты прынцам Утэрам Пэндрагонам, законным пераемнікам брытанскае кароны. Мэрлін дапамагае новаму каралю Брытаніі, у прыватнасьці сустрэцца на адную ноч з каханай Ігернай, жонкай герцага Гарлюа. Ад гэтай незаконнай сувязі і нараджаецца кароль Артур.
Маладога спадчыньніка кароны гадуе Мэрлін. Калі кароль Утэр Пэндрагон памірае, фэадалы спрачаюцца за трон. Згодна з умоваю, новым манархам зробіцца той, хто выцягне з валуна меч Экскалібур. Нечакана для ўсіх з гэтым спраўляецца малады Артур.
Зрабіўшыся каралём, Артур атрымлівае 12 легендарных перамогаў, у тым ліку над саксамі. Захоплівае Ірляндыю і Ісьляндыю, засноўвае знакаміты Круглы Столец, за якім, як роўныя, зьбіраюцца ўсе славутыя рыцары. Будуе горад Камэлёт, наведвае Анон (незямны сьвет у кельтскай міталёгіі), дзе здабывае чароўны кацёл. Пазьней народная і квазігістарычная традыцыя Брытаніі аднесла да эпохі Артура жыцьцё і подзьвігі большасьці славутых мітычных рыцараў — Івэйна, Кліжэса, Пэрсываля ды іншых.
Артур бярэцца шлюбам з Гвінэўрай, дамай з заможнага рымскага роду. Напрыканцы свайго кіраваньня Артур вырашае пакончыць з уладаньнем рымлянаў у Галіі (сучасная Францыя). Але падчас ягонай адсутнасьці пляменьнік караля, Мордрэд, паквапіўся на Гвінэўру, жонку манарха, і нават спрабаваў захапіць трон. Артур вяртаецца ў Брытанію, адбываецца страшэнная бітва пры Камлане, дзе гіне ўсё прадстаўнічае брытанскае рыцарства. Сам Мордрэд быў забіты, а Артур — сьмяротна паранены. Такім яго дастаўляюць у Авалён — востраў адвечнага жыцьця і шчасьця. Славуты меч Эцкалібур быў вернуты азёрнай дзеве Німуэ, ад якой ён першапачаткова трапіў да Мэрліна.
Больш позьняя легендарная традыцыя перадавала надзею-прароцтва на вяртаньне караля Артура ў далёкай будучыні і аб залатым веку, які наступіць пасьля гэтага ў Брытаніі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.