From Wikipedia, the free encyclopedia
Калізэ́й (лац. Colosseum або Amphitheatrum Flavium) — самы вялікі са старажытнарымскіх амфітэатраў, адно з найбольш прыкметных збудаваньняў сьвету. Знаходзіцца ў Рыме, у лагчыне паміж Эсквілінскім, Палятынскім і Цэліеўскім узгоркамі, на месцы сажалкі, што адносілася да «Залатога дому» Нэрона(be), на ўсход ад гарадзкога форуму. Лічыцца адным з найвялікшых твораў рымскай архітэктуры і яскравым прадстаўніком рымскай антычнай тэхнікі. Ягонае будаўніцтва распачалося ў 72 годзе н. э.[1] пры імпэратары Вэспасіяне й было завершанае ў 80 годзе н. э. пад кіраваньнем імпэратара Тытуса[2], з наступнымі зьменамі, зробленымі падчас панаваньня Даміцыяна[3]. Назва «Амфітэатар Флявіюм» паходзіць ад прозьвішчаў абодвух імпэратараў, Вэспасіяна й Тытуса Флявіяў.
Калізэй | |
---|---|
Colosseum* | |
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО | |
Калізэй уначы | |
Краіна | Італія |
Тып | амфітэатар |
Крытэры | i, ii, iii, iv, vi |
Спасылка | 91 |
Рэгіён** | Эўропа й Паўночная Амэрыка |
Каардынаты | 41°53′26″ пн. ш. 12°29′32″ у. д. |
Гісторыя ўключэньня | |
Уключэньне | 1980 (4-я сэсія) |
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску ** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО |
Здольны зьмяшчаць 50 тыс. гледачоў[4], (паводле іншых зьвестак — 80 тыс)[5][6], Калізэй выкарыстоўваўся як месца правядзеньня глядыятарскіх баёў і публічных відовішчаў, пастановачных марскіх баёў, паляваньня, перапастановак вядомых бітваў, драматычных спэктакляў, заснаваных на антычнай міталёгіі. Будынак перастаў выкарыстоўвацца па сваім прызначэньні ў эпоху Раньняга Сярэднявечча. Пазьней збудаваньне стала выкарыстоўвацца для іншых мэтаў: забесьпячэньне жыльлём, у якасьці майстэрні, як памяшканьне для рэлігійнага ордэну, у якасьці фартэцыі, каменаломні, як мясцовая хрысьціянская сьвятыня і, урэшце, Калізэй — сусьветна вядомы турыстычны пункт.
Нягледзячы на тое, што ў XXI стагодзьдзі Калізэй застаецца часткова разбураным з-за пашкоджаньняў, атрыманых у выніку землятрусаў і дзейнасьці рабаўнікоў каменьня, збудаваньне зьяўляецца знакавым сымбалем імпэратарскага Рыму. Гэта адна з найбольш папулярных турыстычных славутасьцяў сучаснага гораду. У 1980 годзе Калізэй, як і ўвесь гістарычны цэнтар Рыму і ўладаньні Ватыкану, быў уключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Калізэй і да гэтага часу мае цесныя сувязі з Рымска-каталіцкай царквой, бо кожную вялікую пятніцу Папа з працэсіяй праходзіць з паходнямі «Крыжовы шлях», які пачынаецца ў раёне Калізэю[7]. Выява Калізэю месьціцца на італьянскай вэрсіі пяці эўрацэнтаў.
Будаўніцтва Калізэю пачалося падчас кіраваньня імпэратара Вэспасіяна[3], каля 70—72 году н. э. Месцам будаўніцтва быў абраны плоскі ўчастак у нізкай даліне паміж узкоркамі Цэліян, Эсквілін і Палятын, дзе працякаў ручай. У II стагодзьдзі да н. э. гэты раён быў ужо шчыльна заселены. Пазьней быў зьнішчаны ў выніку вялікага пажару ў Рыме ў 64 годзе, пасьля чаго Нэрон, авалодаўшы значнай часткай тэрыторыі, аб’явіў яе сваім дамэнам. Імпэратар пабудаваў у гэтым месцы грандыёзны асабісты палац «Залаты дом(ru)» (лац. Domus Aurea), перад якім ён стварыў штучныя азёры, навокал таксама месьціліся павільёны й пышныя сады. Існы аквэдук Aqua Claudia быў пашыраны для падачы вады ў палац, а пры ўваходзе ў палац была пабудаваная вялізная статуя Калёс Нэрона[8]. Нягледзячы на тое што Калёс захаваўся, вялікая частка Залатога дому была разбураная. Возера было зарытае, а зямля стала месцам будаўніцтва новага амфітэатру Флявіяў. Глядыятарскія школы й іншыя будынкі былі пабудаваныя паблізу ад Калізэю, на месцы былога Залатога дому. Паводле рэканструяванага надпісу, знойдзенага на месцы «імпэратар Вэспасіян загадаў пабудаваць новы амфітэатар на грошы, якія атрымаў са сваёй часткі здабычы». Лічыцца, што гэтая частка была атрыманая зь велізарнай колькасьці скарбаў, захопленых рымлянамі пасьля перамогі ў Першай Юдэйскай вайне(en) (66-73 гады н. э.). Такім чынам Калізэй можа быць інтэрпрэтаваны як вялікі трыюмфальны помнік, пабудаваны ў рымскай традыцыі вялікіх пераможных сьвяткаваньняў. Рашэньне Вэспасіяна пабудаваць Калізэй на месцы возера й палацу Нэрона, можа таксама разглядацца як публічны жэст сымбалічнага вяртаньня да людзей раёну гораду, які Нэрон раней вылучыў для ўласнага карыстаньня. У адрозьненьне ад многіх іншых амфітэатраў, разьмешчаных на ўскраіне гораду, Калізэй быў закладзены ў цэнтры, у сэрцы Рыму.
Амфітэатар быў дабудаваны да трэцяга паверху на момант сьмерці Вэспасіяна ў 79 годзе. Верхні ўзровень быў завершаны падчас панаваньня ягонага сына Тытуса ў 80 годзе. Дыён Касіюс распавядае, што падчас першых гульняў у амфітэатры было забіта больш за 9 тыс. дзікіх жывёлаў. Будынак быў перабудаваны Даміцыянам, малодшым сынам Вэспасіяна, які пабудаваў Гіпагей — сэрыю падземных тунэляў, якія выкарыстоўваліся як месца разьмяшчэньня жывёлаў і рабоў. Ён таксама дадаў галерэю паўзьверх Калізэю з мэтаю павелічэньня ўмяшчальнасьці трыбунаў.
У 217 годзе Калізэй быў моцна пашкоджаны буйным пажарам, выкліканым маланкай[9]. Пажар зьнішчыў драўляныя верхнія ўзроўні інтэр’еру амфітэатру (часткова адрамантаваны да 240 году). У 250-х і ў 320 годзе быў праведзены чарговы рамонт будынку. Паводле запісаў, аднаўленьне розных частак Калізэю праходзіла падчас панаваньня імпэратараў Тэадосіюса II і Валентыніяна III, магчыма, для рамонту пашкоджаньняў, выкліканых моцным землятрусам у 443 годзе. Арэна працягвала выкарыстоўвацца як месца правядзеньня спаборніцтваў прынамсі да VI стагодзьдзя: апошні глядыятарскі бой згадваецца каля 435 году[9], а паляваньне на жывёлаў працягвалася прынамсі да 523 году, калі Аніцыюіс Максім адсьвяткаваў сваё прызначэньне на пасаду консула, з прычыны чаго быў раскрытыкаваны каралём Тэадорыхам Вялікім за вялікую растрату сродкаў на сьвяткаваньне.
Нашэсьце барбараў спрычынілася да запусьценьня амфітэатру Флявіяў й паклала пачатак яго паступовага разбурэньня. З XI стагодзьдзя й да 1130-х гадоў ён служыў фартэцыяй для знатных рымскіх фаміліяў. Напрыклад, для роду Франджыпані(en), роду Анібальдзі(en)[10]; апошнія, аднак, былі вымушаныя саступіць Калізэй імпэратару Генрыху VII, які падараваў яго рымскаму народу. Яшчэ ў 1332 годзе мясцовая арыстакратыя ладзіла тут баі быкоў, аднак прыкладна з тых часоў і пачалося сыстэматычнае разбурэньне арэны.
Калізэй зьведаў некалькі радыкальных зьмяненьняў у сваім выкарыстаньні падчас сярэднявечнага пэрыяду. Да канца VI стагодзьдзя да структуры амфітэатру была прыбудаваная невялікая царква, хоць гэта, відаць, у цэлым не надало ніякага канкрэтнага рэлігійнага значэньня будынку. Арэна была пераўтвораная ў могілкі. Шматлікія прасторы ў скляпеністых аркадах пад сядзеньнямі былі ператвораныя ў жыльлё й майстэрні, і ўлічваліся як арэндныя памяшканьні ў канцы XII стагодзьдзя. Каля 1200 году сям’я Франджыпані ўмацавала Калізэй і, імаверна, выкарыстоўвала яго ў якасьці фартэцыі[11].
Цяжкія страты былі нанесеныя Калізэю моцным землятрусам 1349 году, у выніку чаго зьнешні бок на поўдні збудаваньня быў зруйнаваны[12]. Зь сярэдзіны XIV стагодзьдзя да пачатку XIX стагодзьдзя ў паўночнай траціне Калізэю асталяваўся рэлігійны ордэн сьвятога Сальватора. У сярэдзіне амфітэатар моцна пацярпеў ад здабычы каменьня, большая частка якога паўторна выкарыстоўвалася пры будаўніцтве палацаў, цэркваў, лякарань і іншых будынкаў па ўсім Рыме, кавалкі мармуру паліліся дзеля атрыманьня нягашанай вапны[8], бронзавыя заціскі, якія замацоўвалі каменныя блёкі адзін з адным, былі вырваныя са сьценаў у многіх месцах, пакідаючы шматлікія шчарбіны, якія існуюць і дагэтуль.
У XVI—XVII стагодзьдзі, каталіцкімі ўладамі рабіліся спробы надаць Калізэю новую ўтылітарную ролю. Гэтак папа Сыкст V плянаваў ператварыць будынак у ваўняную фабрыку, тым самым забясьпечыўшы прыстойнай працай прастытутак Рыма, аднак гэтая прапанова правалілася па прычыне заўчаснай сьмерці папы[13]. У 1671 кардынал Альт’еры прапанаваў выкарыстоўваць будынак як арэну для бою быкоў, аднак ідэя выклікала грамадзкі розгалас з адмоўнымі інтанацыямі, таму кардынал пасьпешліва адмовіўся ад прапановы[14].
У 1749 годзе папа Бэнэдыкт XIV ухваліў у якасьці афіцыйнай палітыкі Царквы той тэзіс, што Калізэй зьяўляецца сьвятым месцам, дзе былі забітыя першыя хрысьціяне[9]. Ён забараніў выкарыстаньне Калізэю ў якасьці кар’еру[9] й асьвяціў будынак, загадаўшы ўсталяваць крыж, заявіўшы, што будынак асьвечаны крывёю хрысьціянскіх пакутнікаў, якія там загінулі. Пазьней папа быў ініцыятарам праектаў рэстаўрацыі й аднаўленьня Калізэю, правёўшы мерапрыемтсвы па выдаленьню з будынку расьліннасьці, якая пагражала далейшым пашкоджаньнем збудаваньня. Фасад быў узмоцнены цэглай у 1807 і 1827 гады, а рамонт інтэр’еру быў зроблены ў 1831, 1846 і 1930 гадох. Ніжнія паверхі арэны былі часткова раскапаныя ў 1810—1814 і 1874 гадох, і цалкам выкапаныя ў 1930 годзе, падчас панаваньня ў Італіі дыктатара Бэніта Мусаліні[8].
Калізэй зьяўляецца сёньня адной з самых папулярных славутасьцяў Рыму для турыстаў, атрымліваючы мільёны наведвальнікаў штогод. Агульнае пагаршэньне збудаваньня зь цягам часу выклікала неабходнасьць выпрацоўкі плянаў рэстаўрацыі, якія была ажыцьцёўленая ў пэрыяд паміж 1993 і 2000 гадамі, пры агульным кошце ў 40 млрд італьянскіх ліраў, што складае каля 20,7 млн эўра ў эквіваленце[15]. У апошнія гады арэна стала сымбалем міжнароднай кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня (мараторый у Італіі дзейнічае з 1948 году)[16][17].
З-за дрэннага ўнутранага стану арэны, немэтазгодна выкарыстоўваць Калізэй сёньня для правядзеньня буйных мерапрыемстваў, бо толькі некалькі соцень гледачоў могуць быць разьмешчаныя ў часовых трыбунах. Тым ня менш, вялікая колькасьць канцэртаў была праведзеная звонку арэны, з выкарыстаньнем Калізэю ў якасьці фону.
Падобна да іншых рымскіх амфітэатраў, амфітэатар Флявіяў прадстаўляе ў пляне эліпс, сярэдзіна якога занятая арэнай й навакольнымі да яе канцэнтрычнымі колцамі месцаў для гледачоў. Ад усіх збудаваньняў такога роду Калізэй адрозьніваецца сваёй велічынёй. Гэта самы грандыёзны антычны амфітэатар: даўжыня ягонага вонкавага эліпсу складае 524 м, вялікая вось — 187,77 м, малая вось — 155,64 м, даўжыня арэны — 85,75 м, шырыня — 53,62; вышыня ягоных сьценаў — ад 48 да 50 м. Пры такіх памерах ён быў здольны зьмясьціць у сабе каля 50 тыс. гледачоў[4][6]. Амфітэатар Флявія быў пабудаваны на падмурку таўшчынёй у 13 м.
Сьцены Калізэю ўзьведзеныя з буйных кавалкаў або блёкаў з травэртынавага каменю або травэртынавага мармуру, які здабывалі ў бліжэйшым горадзе Тывалі. Блёкі злучаліся паміж сабой сталёвымі клямкамі агульнай вагой прыкладна ў 300 тыс. кг[8]; для ўнутраных частак ужывалі таксама мясцовы туф і цэглу. Пры будаўніцтве Калізэю былі выкарыстаныя тыповыя для рымскай архітэктуры ордэрныя аркады з ордэрнай супэрпазыцыяй(ru).
Архітэктурна-лягістычнае рашэньне, ужытае ў Калізэі, якое атрымала назоў vomitoria (ад лац. vomere — «вывяргаць»), выкарыстоўваецца пры будаўніцтве стадыёнаў і дагэтуль: мноства ўваходаў разьмешчаны раўнамерна па ўсім пэрымэтры будынка. Дзякуючы гэтаму публіка магла запоўніць Калізэй за 15 хвілінаў праз 80 уваходаў[10][18], зь якіх 4 былі прызначаныя для вышэйшай артыстакратыі і вялі ўніз. Простыя гледачы ўваходзілі ў амфітэатар з-пад арак ніжняга паверху, пазначаных лічбамі ад I да LXXVI (76), і падымаліся да сваіх месцаў па лесьвіцах, якіх было таксама 76. Гэтыя месцы былі разьмешчаныя вакол усёй арэны ў выглядзе шэрагаў каменных лавак, зьмешчаных адна пад адной (лац. gradus). Ніжні шэраг, подыюм (лац. podium), быў прызначаны выключна для імпэратара, ягоных набліжаных, сэнатараў і вэсталак, прычым імпэратар меў асаблівае, узвышанае сядзеньне (лац. pulvinar). Подыюм быў адасоблены ад арэны парапэтам, досыць высокім для таго, каб засьцерагчы гледачоў ад нападу выпушчаных на арэну жывёлаў. Далей ішлі месцы наогул для публікі, якія ўтвараюць тры ярусы (лац. maeniana), адпаведна ярусам фасаду будынка. На першым ярусе, які ўключае ў сабе 20 шэрагаў лавак (зараз цалкам разбураных), сядзелі гарадзкія ўлады й асобы, якія належаць да саслоўя вершнікаў-экўітаў(en), другі ярус, які складаўся з 16 шэрагаў лавак, прызначаўся для рымскіх грамадзянаў. Сьцяна, аддзяляўшая другі ярус ад трэцяга, была даволі высокай, лавы ж трэцяга ярусу былі разьмешчаныя на больш крутой пахілай паверхні, каб даць ягоным гледачам магчымасьць лепш бачыць арэну і ўсё, што адбываецца на ёй. Наведвальнікі трэцяга ярусу належалі да ніжэйшых саслоўяў. Над гэтым ярусам знаходзіўся портык, які апяразвае ўсю акружнасьць будынка і прымыкае адным сваім бокам да зьнешняй сьцяны.
На даху портыку, падчас паказу, зьмяшчаліся матросы імпэратарскага флёту, камандзіраваныя для нацягваньня над амфітэатрам вялізнага тэнту для абароны гледачоў ад прамянёў сонца або ад непагадзі[19]. Тэнт прымацоўваўся з дапамогай лінаў да мачтаў, расстаўленых па верхнім краі сьцяны. У многіх месцах зьнешняга карнізу яшчэ да гэтага часу бачныя адтуліны, дзе праходзілі мачты, якія абапіраліся сваім ніжнім канцом у камяні са сьцяны ў кранштэйны. Такія кранштэйны і дагэтуль засталіся ацалелымі там, дзе яшчэ захаваўся чацьвёрты паверх. Месцы для гледачоў падпіраюць зьнізу магутная скляпеністая канструкцыя, якая заключае ў сабе праходныя калідоры (лац. itinera), камэры рознага прызначэньня й лесьвіцы, якія вядуць ў верхнія ярусы.
Сама арэна мела памеры 83 X 48 м[8]. Яна ўключала ў сябе драўляную падлогу, пакрытую пяском (пясок — па-лацінску: harena), якая ўзвышалася над складанымі падземнымі памяшканьнямі-пячорамі (лац. hypogeum). Ад арэны мала што засталося, але пячоры відаць і зараз. Яны складаліся з двухузроўневай падземнай сеткі тунэляў і клетак пад арэнай, дзе месьціліся глядыятары й жывёлы да пачатку спаборніцтваў. Восемдзесят вэртыкальных шахтаў забясьпечвалі мамэнтальны доступ да арэны жывёлаў, а таксама аб’ектаў пэйзажу, схаваных пад падлогай. Вялікія навясныя плятформы, званыя гэгматамі (лац. hegmata), забясьпечвалі доступ на арэну сланоў і габарытных аб’ектаў. На працягу свайго існаваньня пячоры неаднаразова перабудоўваліся, вядома мінімум дванаццаць розных этапаў перабудаўніцтва[8].
Падземныя памяшканьні былі зьвязаныя між сабой хадамі таксама з будынкамі па-за Калізэем. Жывёлы, да прыкладу, праводзіліся ў пячоры праз тунэль з бліжэйшых стайняў, глядыятараў прыводзілі праз тунэль з суседняй казармы Людус Магнус[19]. Асобныя тунэлі выкарыстоўваліся імпэратарамі й вэсталкамі як уваход на трыбуну арэны[8].
У пячорах мелася значная колькасьць тэхнікі. Ліфты й шківы падымалі й апускалі дэкарацыі і рэквізыт, а таксама ўздымалі клеткі з жывёламі на паверхню арэны[19]. У адпаведнасьці са старажытнымі запісамі мяркуецца, што ў пячорах існавалі буйныя гідраўлічныя мэханізмы[8], з дапамогай якіх можна было хутка затапіць арэну, выкарыстоўваючы ваду з суседняга аквэдуку.
Згодна з хранографам 354 году, амфітэатар умяшчаў ў сабе каля 87 тыс. чалавек, аднак паводле сучасных падлікаў, Калізэй быў здольны зьмясьціць толькі каля 50 тыс. чалавек[4][6]. Месцы для сядзеньня былі падзеленыя на ўзроўні, кожны зь якіх быў прызначаны для пэўнага саслоўя ці групы людзей. На поўначы й поўдні знаходзіліся месцы для імпэратара й вэсталак, гэтыя месцы забясьпечвалі добры від на арэну. На гэтым жа ўзроўні знаходзіліся месцы сэнатараў, якім дазвалялася прыносіць з сабой свае крэслы. Характэрна, што на некаторых месцах для сэнату можна знайсьці высечаныя імёны сэнатараў V стагодзьдзя, якія, відаць, служылі для рэзэрвацыі месцаў. Вышэй на ўзровень для сэнату былі месцы для саслоўя вершнікаў, а вышэй за іх разьмяшчаліся грамадзяне Рыму, падзеленыя на дзьве катэгорыі: для заможных грамадзянаў, якія знаходзіліся адразу вышэй ваяроў, і маламаёмасных грамадзянаў, якія разьмяшчаліся яшчэ вышэй за рымскую арыстакратыю.
Пазьней, у часы панаваньня імпэратара Даміцыяна, быў прыбудаваны высокі ўзровень, дзе разьмяшчаліся бедныя грамадзяне, рабы і жанчыны. У большасьці, гэта былі стаячыя месцы. Акрамя таго, некаторым групам людзей быў наогул забаронены ўваход у Калізэй, у прыватнасьці магільшчыкам, акторам і былым глядыятарам[8].
Калізэй у былыя часы меў разьвітую інфраструктуру. У дадатак да самога амфітэатру, многія іншыя будынкі, якія знаходзіліся паблізу, так ці інакш былі зьвязаныя з правядзеньнямі гульняў у Калізэі. Адразу на ўсход ад Калізэю захаваліся рэшткі Людус Магнус (лац. Ludus Magnus), навучальнай школы для глядыятараў. Гэты будынак быў зьвязаны з Калізэем па падземным пераходзе, каб забясьпечыць лёгкі пераход глядыятараў да арэны. Людус Магнус меў сваю меншую арэну для трэніровак, якая сама па сабе зьяўлялася папулярным месцам для рымскіх гледачоў. Іншыя навучальныя ўстановы для глядыятараў знаходзіліся ў тым жа раёне, у тым ліку Людус Матутынус (лац. Ludus Matutinus), дзе навучаліся байцы з жывёламі, а таксама дакійскія й гальскія школы[20]. Таксама непадалёк ад Калізэю знаходзіўся арсэнал (лац. Armamentarium)з памяшканьнямі для захоўваньня зброі; майстэрня Сумум Харагіюм (лац. Summum Choragium), дзе захоўвалася тэхніка; лякарня (лац. Sanitarium) для лячэньня параненых глядыятараў, і Спаліярыюм (лац. Spoliarium), куды зносілі трупы глядыятараў.
Па ўсім пэрымэтры Калізэю, на адлегласьці 18 м ад будынку, меўся шэраг высокіх каменьняў-пастоў, зь якіх засталося толькі пяць на ўсходнім баку ад амфітэатру. Існуюць розныя тлумачэньні на конт іхнай функцыі, магчыма яны пазначалі сымбалічныя сакральныя межы ці зьяўляліся зьнешняй мяжой для праверкі квіткоў або маглі выкарыстоўвацца як апора для навяснога казырку[8]. Прама побач з Калізэем месьціцца Трыюмфальная арка імпэратара Канстантына[18].
Калізэй выкарыстоўваўся як месца правядзеньня глядыятарскіх баёў, а таксама для шэрагу іншых мерапрыемстваў[21]. Усе мерапрыемствы ладзіліся прыватнымі асобамі, а не дзяржавай. Яны мелі моцны рэлігійны элемэнт, але таксама дэманстравалі сілу й прэстыж фаміліі. Іншым папулярным тыпам мерапрыемстваў было паляваньне на жывёлаў (лац. venatio)[22]. Дзеля гэтага выкарыстоўвалася вялікая колькасьць разнастайных дзікіх зьвяроў, у асноўным завезеных з Афрыкі й Блізкага Ўсходу, як то насарогі, бегемоты, сланы, жырафы, зубры, ільвы, пантэры, леапарды, мядзьведзі, тыгры, кракадзілы й страўсы. Бітвы й паляваньні часьцяком праходзілі з выкарыстаньнем складаных канструкцыяў з рухомых дрэваў і будынкаў, якія ўсталёўваліся на арэне. Такія падзеі часам праходзілі ў велізарных маштабах, як мяркуецца, Траян адсьвяткаваў сваю перамогу ў Дакіі ў 107 годзе, ладзячы такія мерапрыемствы з удзелам 11 тыс. жывёлаў і 10 тыс. глядыятараў на працягу 123 дзён[22].
Першыя гульні адбыліся на арэне за часам Тытуса ў 80 годзе і, згодна з запісамі старажытных пісьменьнікаў, Калізэй выкарыстоўваўся для правядзеньня пастановачных марскіх баёў. Існуюць сьведчаньні, што на арэне праводзілася інсцэніроўка знакамітай марской бітвы паміж керкірыйскімі грэкамі й карынцянамі. Гэтая гіпотэза стала прадметам дэбатаў сярод гісторыкаў: хоць запаўненьне Калізэю вадой не зьяўлялася праблемай, незразумела, якім чынам ён заставаўся воданепранікальным, пры гэтым вады трэба было вельмі шмат, каб вайсковыя караблі мелі месца для манэўраў. Было выказанае меркаваньне, што сьведчаньні могуць памыляцца наконт месца правядзеньня такой пастаноўкі або Калізэй першапачаткова меў шырокі затапляны канал пад арэнай, які пазьней быў заменены на пячоры[8].
Таксама ў Калізэі ладзіліся пастаноўкі сцэнаў жывой прыроды. Дзеля гэтага мастакі, тэхнікі й архітэктары канструявалі лясы й хмызьнякі з выкарыстаньнем рэальных дрэваў, пасаджаных у пясок арэны, пасьля чаго на арэну запускалі зьвяроў. Такія сцэны маглі быць выкарыстаныя проста для адлюстраваньня натуральнага асяродзьдзя, ці маглі служыць у якасьці месца для паляваньня.
Сёньня Калізэй зьяўляецца галоўнай славутасьцю Рыму. Штогод мільёны турыстаў наведваюць унутранную частку арэны[9]. Уваход для грамадзянаў Эўрапейскага Зьвязу часткова субсыдуецца, таму для грамадзянаў ЭЗ ва ўзросьце да 18 гадоў і пасьля 65 кошт на ўваход зьніжаны[18]. На верхнім паверсе зьнешняй сьцяны будынку існуе музэй прысьвечаны Эрасу. Частка падлогі арэны была зьнятая. Пад Калізэем праходзіць сетка падземных праходаў, якія калісьці выкарыстоўвалі для перавозкі дзікіх зьвяроў і глядыятараў на арэну. Яна была адкрытая для агляду турыстамі ўлетку 2010 году[23]. Калізэй таксама зьяўляецца месцам правядзеньня цырымоніяў Каталіцкай царквы. Да прыкладу, папа Бэнэдыкт XVI прыводзіў «Крыжовы шлях» у Калізэі ў вялікую пятніцу[24].
Няма прамых гістарычных дакумэнтаў ці захаваўшыхся рэчыўных доказаў у дачыненьні да выкарыстаньня Калізэю, як месца пакараньня хрысьціянаў[11][19].
У Раньнім Сярэднявеччы Калізэй, відавочна, не разглядаўся як сьвятое месца. Ягонае выкарыстаньне ў якасьці крэпасьці, а потым як кар’еру, дэманструе, што будынку надавалася мала духоўнага значэньня. У той самы час месцы, зьвязаныя з хрысьціянскімі пакутнікамі, звычайна шырока шанаваліся. Між тым Калізэй не ўваходзіў ані ў лік складзеных маршрутаў пілігрымаў, ані ў іншыя працы, як то твор XII стагодзьдзя «Цуды гораду Рыму» (лац. Mirabilia Urbis Romae), які сьцьвярджае , што цырк Флямініюса, а не Калізэй, выкарыстоўваўся ў якасьці месца катаваньня хрысьціянскіх пакутнікаў. Частка Калізэю была месцам разьмяшчэньня хрысьціянскага ордэну сьвятога Сальватора, але, мабыць, месца гэтае было абранае без уліку нейкіх рэлігійных чыньнікаў.
Згодна з крыніцамі, толькі з XVI і XVII стагодзьдзяў Калізэй пачаў разглядацца як месца, якое мае дачыненьне да хрысьціянскіх пакутнікаў. Папа Піюс V, раіў пілігрымам захоўваць пясок з арэны Калізэю як рэліквію, якая прасякнутая крывёю закатаваных вернікаў. Асаблівую папулярнасьць гэтая тэорыя набыла амаль праз стагодзьдзе, дзякуючы Фіяравантэ Мартынэльлі, які паставіў Калізэй на чале сьпісу сьвятых месцаў, зьвязаных з пакутнікамі, у сваёй кнізе 1653 году «Рым ад паганскіх абрадаў» (лац. Roma ex ethnica sacra)[25].
Кніга Мартынэльлі, відавочна, аказала ўплыў на грамадзкую думку, бо адказам на прапанову кардынала Альт’еры праводзіць у Калізэі баі быкоў было абурэньне і грамадзкі розгалас. Пасьля спрэчкі, якая адбылася неўзабаве пасьля гэтага, перакананы папа Клімэнт X загадаў закрыць зьнешнія аркады Калізэю й аб’явіў іх сьвятым месцам, хоць здабыча каменьня тут яшчэ працягвалася некаторы час[25].
На просьбу сьвятога Леанарда з Порта Маўрыцыё, папа Бэнэдыкт XIV забараніў здабычу каменьня і матэрыялаў у Калізэі й усталяваў хросны шлях вакол арэны, які праводзіўся да лютага 1874 году. Сьвяты Бэнэдыкт Ёсіф Лябар правёў апошнія гады свайго жыцьця ў сьценах Калізэю, жывучы толькі на міласьць да сваёй сьмерці ў 1783 годзе[26]. Некалькі разоў у XIX стагодзьдзі папы фінансавалі рамонтна-рэстаўрацыйныя працы ў Калізэі. Збудаваньне і сёньня шчыльна захоўвае сувязь з хрысьціянствам. Крыжы знаходзяцца ў некалькіх пунктах вакол арэны й кожную вялікую пятніцу Папа асабіста водзіць працэсіі «Крыжовага шляху» да амфітэатру[27].
Калізэй мае шырока й добра дакумэнтаваную гісторыю сваёй флёры з тых часоў, калі італьянскі батанік Дамэніка Панаролі (1587—1657) зрабіў першы каталёг расьлінаў Калізэю ў 1643 годзе[28]. З тых часоў у будынку было налічана агулам 684 відаў. Пік прыпаў на 1855 год, калі ў Калізэі адначасова налічвалася да 420 відаў расьліннасьці. У 1871 годзе былі распачатыя спробы выкараніць частку расьліннасьці з-за асьцярогаў наконт шкоднасьці, якую флёра можа нанесьці мурам Калізэю, але спробы гэтыя ня мелі вялікіх посьпехаў[8]. Зараз у будынку налічваецца каля 240 відаў расьліннасьці, зь іх каля 200 упершыню былі выяўленыя яшчэ Панаролі.
Зьмены ў відавым багацьці расьлінаў могуць быць абумоўленыя зьмяненьнем клімату Рыму цягам стагодзьдзяў. Акрамя таго, міграцыя птушак і рост гораду, які прывёў да таго, што Калізэй зараз знаходзіцца ў цэнтры вялікага мегаполісу таксама могуць разглядацца ў якасьці чыньнікаў. Існуе таксама гіпотэза, што багацьце відаў было абумоўленае і тым, што насеньне магло міжволі трапіць у горад праз жывёлаў, якіх прывозілі сюды з усіх куткоў імпэрыі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.