Remove ads
гістарычны рэгіён Украіны From Wikipedia, the free encyclopedia
Захо́дняя Ўкраі́на (па-ўкраінску: Західна Україна) — тэрмін, якім у розныя часы ўкраінскай гісторыі пазначалі пэўную сукупнасьць украінскіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны (1867—1918), Польшчу (1918—1939), Вугоршчыну, Румынію, а таксама Галіцка-Валынскае княства ды Заходне-Ўкраінскую Народную Рэспубліку.
Па другім і трэцім падзелах Рэчы Паспалітай назва «Заходняя Ўкраіна» замацавалася пераважна за землямі, якія ўваходзілі ў склад Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Вугоршчына).
«Заходняя Ўкраіна» — назва, якая сустракаецца пераважна ў публіцыстыцы ў дачыненьні да Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР).
Пасьля таго, як паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 року, заключанай паміж РСФСР, Украінай і Польшчай, заходняя частка Ўкраіны адышла Польшчы, тэрмін «Заходняя Ўкраіна» трывала замацаваўся менавіта за гэтай часткаю Ўкраіны ў адрозьненьне ад Усходняй Украіны, якая апынулася ў складзе УССР. У 1920-я тэрыторыю Ўкраіны складалі землі, якія афіцыйна ў Другой Рэчы Паспалітай называліся Крэсамі ўсходнімі — Галічына («Усходняя Малапольшча») з часткаю Заходняга Падольля, Заходняя Валынь, Холмшчына, Падляшша і Заходняе Палесьсе. У Заходнюю Ўкраіну ўваходзілі ваяводзтвы: Станіслаўскае, Тарнопальскае, Валынскае, Львоўскае (без васьмі заходніх паветаў), Палескае (бяз Косаўскага і паловы Пружанскага паветаў), Холмшчына Люблінскага ваяводзтва і палова Бельскага павету Беластоцкага ваяводзтва.
Як адзначае гісторык Яраслаў Вярменіч, такую «цераспалосіцу» польскія ўлады стварылі наўмысна — з палітычных меркаваньняў: польскі ўрад катэгарычна не ўспрымаў памкненьня ўкраінцаў мець (прынамсі ў Галіччыне) асобныя адміністрацыйныя адзінкі.
У шырокім сэнсе тэрмін «Заходняя Ўкраіна» адносна ўкраінскіх земляў у пэрыяд між Першай і Другой сусьветнай войнамі выкарыстоўваўся датычна толькі тых земляў, якія былі пад уладаю Польшчы, Румыніі і Чэхаславаччыны. Акрамя ўжо пералічаных тэрыторыяў, якія былі ў межах польскіх граніцаў, гэта былі таксама землі Паўночнай Букавіны і Закарпацьця. Пасьля далучэньня заходнеўкраінскіх земляў у склад УССР назва «Заходняя Ўкраіна» замацавалася за абласьцямі, утворанымі на працягу 1939—1946 (акрамя Ізмаільскай вобласьці).
Як адзначае «Энцыкляпэдыя гісторыі Ўкраіны» (2005), датычна тэрыторыяў сучаснай Украіны тэрмін «Заходняя Ўкраіна» ўжываецца ў двух значэньнях. У асноўным так называюць толькі тры галіцкія вобласьці — Івана-Франкоўскую, Львоўскую і Тарнопальскую. Аднак даволі часта тэрмінам карыстаюцца і для пазначэньня тэрыторыі васьмі абласьцей — акрамя трох галіцкіх, Валынскай, Ровенскай, Хмяльніцкай, Чарнавіцкай і Закарпацкай. Аднак «Геаграфічная энцыкляпэдыя Ўкраіны» (1990) пазначыла Заходнюю Ўкраіну як гістарычна-геаграфічную назву земляў Украіны (на то час — СССР), што складаюць тэрыторыю цяперашніх пяці абласьцей — Валынскай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Ровенскай і Тарнопальскай. Надзвычай рэдка да Заходняй Украіны адносяць Віньніцкую і Жытомірскую вобласьці.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.