дзіцячы фэнтэзійны раман Клайва Льюіса From Wikipedia, the free encyclopedia
«Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету» (па-ангельску: The Voyage of the Dawn Treader) — фэнтэзійны дзіцячы раман Клайва Стэйплза Льюіса, трэці па парадку выданьня (1952), але пяты паводле храналёгіі падзеяў у сэрыі «Хронікі Нарніі».
Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету | |
The Voyage of the Dawn Treader | |
Жанр: | фэнтэзі |
---|---|
Аўтар: | Клайв Стэйплз Льюіс |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | 15 верасьня 1952 |
Выдавецтва: | Geoffrey Bles |
Сэрыя: | Хронікі Нарніі |
Колькасьць старонак: | 223 |
Ілюстратар: | Паўліна Бэйнс |
Папярэдні твор: | Прынц Касьпіян |
Наступны твор: | Срэбраны фатэль |
ISBN: | 978-0-00-723382-3 |
Бацькі, сабраўшыся ў вандроўку ў Амэрыку, бяруць з сабой толькі старэйшую дачку Пэвэнсі. Старэйшы з хлопчыкаў, Пітэр, у гэты час заняты падрыхтоўкай да паступленьня ва ўнівэрсытэт, а малодшых дзяцей — Люсі і Эдмунда — бацькі адвозяць да родных, дзе дзеці вымушаныя праводзіць вакацыі са сваім паскудным стрыечным братам Юстасам.
Праз карціну з выявай карабля ў моры ўсе траёх нечакана трапляюць у Нарнію. Яны апынаюцца ў акіяне непадалёк ад гэтага самага карабля з карціны, называнага «Заваёўнік зары».
На борце іх чакае кароль Нарніі Касьпіян X, галоўны пэрсанаж папярэдняе кнігі «Прынц Касьпіян», у якой усе чацьвёра дзяцей Пэвэнсі дапамаглі яму вярнуць каралеўскі сталец, перамогшы злоснага дзядзьку Міраза.
З тае пары ў Нарніі мінула тры рокі, усталяваўся мір, і цяпер Касьпіян выправіўся на пошук семярых зьніклых лордаў Нарніі, як і абяцаў у сваім каранацыйным прысяганьні.
Так Люсі і Эдмунд, а таксама Юстэс (паняволі) далучаюцца да вандроўкі караля Нарніі на ўсход насустрач невядомым землям. Па дарозе яны трапляюць на Адзінокія астравы, намінальна падпарадкаваныя Нарніі, аднак з прычыны адсутнасьці кантролю іхнія кіраўнікі даўно адхіліліся ад нарнійскіх законаў. Так, тут квітнее гандаль рабамі, і адзін з рабагандляроў захоплівае Касьпіяна, Люсі, Эдмунда, Юстаса і гаворачага мыша Рыпічыпа. Аднак сябры здолелі спаткаць аднаго зь семярых лордаў Нарніі, які прызнае Касьпіяна сваім каралём. Касьпіян прызначае лорда Бэрна герцагам Адзінокіх астравоў замест хцівага губэрнатара Гумпаса.
На другім востраве Юстас, які ўсё яшчэ ня хоча мець нічога агульнага з гэтымі недастойнымі яго пляменьнікамі і іншымі людзьмі, а асабліва з гаворачым мышам, ідзе ў глыб востраву і сустракае там дракона, які памірае на ягоных вачах. Схаваўшыся ў ягонай пячоры ад нечаканае залевы, ён знаходзіць там вялізнае багацьце і напіхвае ім кішэні. Прачнуўшыся, ён разумее, што сам зрабіўся драконам. Дакладней, ператварыў яго ў дракона бранзалет, што Юстас апрануў сабе на прыдалоньне. Аднак цяпер ягоная лапа павялічылася, і бранзалет зьняць немагчыма. Усьвядоміўшы ўсе свае ранейшыя заганы і памылкі, дракон дапамагае мараплаўцам у рамонце карабля. Кароль Касьпіян пазнае бранзалет, які належаў лорду Актэзіяну. Такім чынам яны даведваюцца пра лёс другога лорда Нарніі. Юстаса пераўтварае назад у хлопчыка Аслан, і ад гэтае пары Юстас значна зьмяніўся ў лепшы бок.
Зрабіўшы вымушаны прыстанак на чарговым востраве, яны знаходзяць у лорда Рэстымара, пераўтворанага ў залатую статую. Скеміўшы, што гэты вадаём пераўтварае ўсё, што ў яго трапляе, у золата, яны называюць мясьціну Востравам Мёртвай Вады і рушаць далей.
На востраве галасоў яны вызваляюць ад чараў нябачных насельнікаў — аднатопаў, а Люсі сустракае Аслана. Трапіўшы ў апраметную цемру, што апынаецца Востравам, Дзе Спраўджваюцца Сны, яны вызваляюць роспачнага лорда Рупа.
У рэшце рэшт яны дасягаюць Вострава Зоркі, дзе знаходзяць астатніх трох лордаў, зачараваных сном. Старац Раманду, упалая зорка, які жыве на востраве, паведамляе, што адзіны спосаб абудзіць іх — даплыць да краю сьвету, дзе адзін з чальцоў каманды павінен будзе застацца. Такім чынам зьдзяйсьняецца мара мыша Рыпічыпа, які зьбіраўся ў гэтае падарожжа, каб дасягнуць краю сьвету.
Па дарозе туды вада становіцца ўсё саладзейшай, а не салёнай, як марскай; у вадзе жыве марскі народ. У рэшце рэшт становіцца настолькі плытка, што карабель ня можа плыць далей. Апошні шлях на чоўне па моры, поўным ліліяў, выконваюць Люсі, Эдмунд, Юстас і Рыпічып. Яны даплываюць да краю сьвету, дзе сьцяна вады падымаецца да неба. Рыпічып праходзіць скрозь сьцяну і назаўсёды зьнікае з Нарніі (аўтар падказвае, што ён трапляе ў краіну Аслана). Такім чынам, умова для вызваленьня ад сну трох апошніх лордаў выкананая, а дзеці знаходзяць ягня, якое пераўтвараецца ў Аслана. Аслан паведамляе ім, што Люсі і Эдмунд болей ніколі ня вернуцца ў Нарнію, а калі хочуць трапіць у краіну Аслана, дык павінны навучыцца знаходзіць уваход у яе ў сваім сьвеце. Пасьля гэтага леў вяртае дзяцей дамоў, у Вялікабрытанію.
Пасьля гэтае прыгоды ўсе заўважылі, як зьмяніўся Юстас, і болей ніхто не пазнаваў у ім ранейшага Юстаса. Усе былі гэтым усьцешаныя, акрамя ягонай маці, якая лічыла, што Эдмунд і Люсі блага на яго паўплывалі.
Кароль Касьпіян X вярнуўся ў Нарнію і ажаніўся з дачкой Раманду — Дачкой Зоркі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.