гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Забалацьце, Забалаць — гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў, разьмешчаная ў паўночнай частцы места.
Забалацьце | |
трансьліт. Zabałaćcie | |
Дата заснаваньня: | перад 1811 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°50′0″ пн. ш. 29°59′0″ у. д. |
± Забалацьце |
Назву Забалацьце паселішча атрымала праз сваё месцазнаходжаньне адносна мястэчка Хвойнікі за балотам, частка якога ператварылася ў вужар (ужар). Так на Палесьсі людзі называлі выгаралае тарфяное балота, залітае вадой[1][a].
У шляхецкай рэвізіі 1811 году хвойніцкую вёску Забалаць з 61-й душой прыгонных сялянаў[b], прыналежную да фальварку Linterny дзедзіцтва абозных Прозараў, трымаў у арэндзе па кантракту Ваўжынец Балашэвіч, ротмістар Берасьцейскага павету[2]. Гэта, падобна, — найранейшая зьвестка пра паселішча ў пісьмовых крыніцах.
Надалей асобна, як вёска, Забалацьце згадвалася хіба ў дакумэнтацыі мясцовага ўжытку. Скажам, як у мэтрычных кнігах Астраглядаўскага парафіяльнага касьцёлу, дзе найчасьцей сустракаліся прозьвішчы яе жыхароў Гапоненкаў (бясспрэчныя лідары), Сьлесарэнкаў, Купрэйчыкаў, Худзенкаў, Самкоў, Стасенкаў, Дубінскіх, Караткевічаў, Сьнігіроў[c]. Ды яшчэ ў «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 84 асобы мужчынскага і 81 жаночага пола зь ліку жыхароў Забалацьця належалі да Астраглядаўскай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[4]. У асноўнай жа масе тэкставых дакумэнтаў больш шырокага прызначэньня ўпаміны аб паселішчы ажно да савецкіх часоў адшукаць пакуль не ўдавалася. На плянах Хвойнікаў 1864 і 1886 гадоў на самым іх ускрайку пазначаная вуліца Забалоцкая (Забалацкая)[5] альбо Забалотная (Забалатная), а яшчэ далей за ёй раскінуліся «усадебные земли крестьян м. Хойник» [6]. Што праўда на ўсіх збольшага падрабязных старых мапах Забалацьце паказанае побач з Хвойнікамі, а ня як частка мястэчка.
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Забалацьце і Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[7]. 1 студзеня 1919 году, паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году вёска Забалацьце — цэнтар сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданае і Забалацьце, у якім налічвалася 130 каталіцкіх альбо «польскіх» сем’яў. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Забалоцьці[d] меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[8]. На той час у вёсцы існавала створаная бальшавікамі ячэйка «польсекции ЦСББ» з 12 чалавек. 13 сьнежня 1933 году пастановай паседжаньня Тройкі пры ПП ОГПУ па БССР жыхары Забалацьця і Хвойнікаў Караль Крывенчык[e], Віктар Ермалкевіч і Пётар Кунцэвіч за нібыта ўдзел у ПОВ, «ставившей своей целью свержение Соввласти, путём поднятия вооружённого восстания», асуджаныя да 5 гадоў, а Яўхім Смольскі і Ўладыслаў Гапоненка[f] да 8 гадоў ИТЛ. Шпіёнская гісторыя мела працяг. У ліпені-жніўні 1938 году Палескім УНКВД БССР были арыштаваныя 12 чалавек — «участники шпионско-повстанческой организации, активные костёльники, бывш. бандиты, пособники белополяков...» — Смольскі А. Р., Жыляк В. В., Гапоненка М. Ю., Гапоненка С. М., Сенажэнскі А. К., Караткевіч Н. Л, Самок А. А., Купрэйчык Б. І. (усе з Забалацьця), Кунцэвіч П. І. (ужо адбыў тэрмін на Беламорканале), Наляговіч С. С., Цішкевіч А. Л. (Настольле), Шаціла І. М. (Хвойнікі). П. І. Кунцэвіч і М. Ю. Гапоненка былі расстраляныя[9], А. Р. Смольскі памёр у зьняволеньні, а і астатнія больш ніколі не вярнуліся[10].
З 20 лютага 1938 году Забалацьце апынулася ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. 16 ліпеня 1954 году да Забалацкага сельсавету далучана тэрыторыя скасаваных Карчоўскага і Небытаўскага сельсаветаў[11]. 16 красавіка 1959 году населеныя пункты Забалацьце, Першамайск і Чырвоная Ніва перададзеныя ў адміністрацыйнае падпарадкаваньне Хвойніцкага пасялковага савету, цэнтар сельсавету перанесены ў вёску Небытаў, сельсавет перайменаваны ў Небытаўскі[12]
У 1972 годзе вёска Забалацьце далучаная да места Хвойнікі пад назвай вуліца Сялянская.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.