From Wikipedia, the free encyclopedia
Смальяны — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Да нашага часу тут захаваліся руіны замка князёў Сангушкаў Белы Ковель, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, драўляная барокавая царква Сьвятога Спаса і магіла Тамаша Зана, помнікі гісторыі і архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў.
Першы пісьмовы ўпамін пра Смальяны як маёнтак у Аршанскім намесьніцтве, уладаньне князя С. Бельскага, датуецца 1484 годам. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) паселішча ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.
У розныя часы Смальяны знаходзіліся ў валоданьні князеў Курбскіх, Астроскіх, Сангушкаў і інш. Да 1626 году князь С. Сангушка-Ковельскі збудаваў тут мураваны замак, які пацярпеў ад ваенных дзеяньняў у часе вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай і Вялікай Паўночнай вайны. Аднак сапраўдны заняпад замка пачаўся ў канцы XVIII ст., а ў сярэдзіне XIX ст. новы ўласьнік паселішча расейскі сэнатар Сямёнаў прадаў помнік на цэглу[1].
Статус мястэчка Смальяны мелі з 1678 году. У 1680 годзе тут збудавалі мураваны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ордэна дамініканаў, а ў 1742 годзе — драўляную ратушу.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Смальяны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Аршанскага павету. У 1792 годзе тут збудавалі драўляную Спаскую, у 1839 годзе былі тры грэка-каталіцкія царквы: Сьвятой Параскевы Пятніцы, Сьв. Яна Хрысьціцеля й Спаская (Спаса-Прэабражэнская)[2], а ў 1864 годзе пабудавалі мураваную царкву-мураёўку. У Вайну 1812 году 13—14 лістапада пад Смальянамі адбылася бітва паміж расейскімі і францускімі войскамі. У 1877 годзе мястэчка наведаў мастак Н. Орда, які замаляваў магілу Тамаша Зана.
На 1880 год у Смальянах было 252 будынкі, 55 крамаў, 4 царквы, касьцёл, 4 малітоўныя дамы, сынагога. У 1900 годзе адкрылася сельскагаспадарчая школа. У пачатку XX стагодзьдзя існавалі гарбарны і цагельны заводы, шпіталь, аптэка, народная чытальня, пошта, вадасховішча з дамбай і шлюзамі, дзе гадавалі карпаў.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Смальяны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 году Смальяны вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавету Аршанскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі.
На 1999 год у Смальянах было 537 гаспадарак, на 2001 год — 291. У наш час у вёсцы дзейнічае толькі драўляная праваслаўная царква Сьвятога Спаса 2-й паловы XVIII стагодзьдзя. 24 верасьня 2011 году ў склад Смальянаў улучылі вёску Агранамічную[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.