Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гарадзенскае княства — удзельнае княства Тураўскай, пазьней Наваградзкай зямлі і Вялікага Княства Літоўскага. Існавала ў пачатку XII — пачатку XV стагодзьдзяў[1]. Сталіца — Горадня. Разьмяшчалася ў басэйне сярэдняга Нёману. Выгаднае геаграфічнае становішча княства (мела выхад у Балтыйскае мора і зьвязкі праз прытокі Нёману з басэйнамі Дзьвіны, Прыпяці і Дняпра) спрыяла яго хуткаму эканамічнаму і культурнаму разьвіцьцю.
У хроніках Прусіі аўтарства Сымона Грунаў і Лукаша Давіда пачатку XVI стагодзьдзя Гарадзенская зямля з сталіцай у Горадні мае назву Малая Літва (ням. Kleinlittaw, Klein Litauen)[2][3][4].
Гарадзенскае княства вылучылася з Тураўскай зямлі ў 1116 годзе як удзел для князя Усеваладкі, што пабраўся шлюбам з дачкой Уладзімера Манамаха. Княства знаходзілася ў палітычнай залежнасьці ад князя кіеўскага і рэлігійна падпарадкоўвалася Тураўскай япархіі.
У 1128 годзе Ўсевалад браў удзел у паходзе кіеўскага князя Мсьціслава Уладзімеравіча на Полацак, у 1132 годзе — на Літву. Імаверна, па сьмерці Ўсевалада з Гарадзенскага княства вылучылася 2 удзелы — Ваўкавыскі і Наваградзкі.
У 1144 годзе князі Барыс Усеваладавіч і Глеб Усеваладавіч бралі ўдзел у выправе кіеўскага князя Ўсевалада на Галіцка-Валынскае княства. У 1150 годзе Барыс падтрымаў Ізяслава Мсьціславіча ў змаганьні за кіеўскі пасад, у 1151 годзе ягоныя войскі бралі ўдзел у аблозе Кіева, па чым гналі войска князя Юрыя Ўладзімеравіча да Белгараду. У 1174 годзе гарадзенскія палкі на чале з Мсьціславам Усеваладавічам бралі дзел у выправе Андрэя Багалюбскага на Кіеў. У 1167, 1170, 1184 гадох у складзе аб’яднаных дружынаў гарадзенцы хадзілі на полаўцаў[1].
У апошняй чвэрці XII ст. склалася Гарадзенская архітэктурная школа. У гэты час у Горадні збудавалі чатыры царквы, княскі палац і ўмацаваньні на дзядзінцы. У Ваўкавыску заклалі, але не дабудавалі, царкву на ўзор гарадзенскіх. Яшчэ адну царкву ўзьвялі ў Наваградку.
У сярэдзіне XIII ст.[5] Гарадзенскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, хоць у адрозьненьне ад іншых княстваў Наваградзкай зямлі (Ваўкавыскага, Слонімскага, уласна Наваградзкага) яно не згадваецца як асобнае ўладаньне. Відаць, у гэты час у Горадні не было свайго князя, а тэрыторыяй княства кіраваў намесьнік вялікага князя. У 1274 вялікі князь Трайдзень сіламі гарадзенцаў адваяваў у Галіцка-Валынскага княства Дарагічын (Падляшша). У 1270—1280-я гады сюды перасялілася частка прусаў-бартаў, што ўцякалі ад крыжакоў. З дапамогай прускіх перасяленцаў у 1277 годзе абаронцы Горадні адбілі супольны паход татараў і залежных ад іх князёў Русі.
Пазьней Горадня стала цэнтрам змаганьня супраць крыжакоў. У 1320-я гады на пасадзе тутэйшага намесьніка згадваецца Давыд. Па сьмерці вялікага князя Гедыміна (1341 год) Гарадзенскае княства аднавілася як адзін з удзелаў ягонага сына Кейстута. Апошні перадаў княства свайму сыну Паціргу, які ўзначальваў абарону Горадні ад крыжакоў у 1365 годзе. У пачатку 1380-х гадоў тут княжыў Вітаўт, пазбаўлены аднак Гарадзенскага княства па паразе Кейстута ў міжусобным змаганьні зь Ягайлам. У 1384 годзе Вітаўт вярнуў сабе княжаньне. Нават па ягоным няўдалым мецяжы (1387 год), які прывёў да ўцёкаў у Прусію, гарадзенская залога захавала вернасьць Вітаўту і не паддалася войскам Ягайлы. Па прыходзе Вітаўта да ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім (1392 год) Гарадзенскае княства стала беспасярэднім уладаньнем вялікіх князёў і канчаткова пераўтварылася ў намесьніцтва.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.