беларускі гісторык, грамадзкі дзяяч From Wikipedia, the free encyclopedia
Вітаўт Кіпель (30 траўня 1927, Менск — 3 сьнежня 2022, ЗША) — беларуска-амэрыканскі грамадзкі дзяяч і публіцыст. Быў адным з кіраўнікоў скаўцкага руху беларусаў у эміграцыі і амэрыканскага скаўцкага руху.
Вітаўт Кіпель лац. Vitaŭt Kipiel | |
Дата нараджэньня | 30 траўня 1927 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 3 сьнежня 2022 (95 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | гісторык, літаратуразнаўца |
Навуковая сфэра | гісторыя |
Месца працы | |
Псэўданімы | В. Зубкоўскі |
Бацька | Яўхім Кіпель |
Дзеці | Алеся Кіпель[d] |
Узнагароды |
У 1933 годзе Вітаўт Кіпель разам з маці пераехаў у г. Налінск (пазьней Молатаўск) Вяцкай вобласьці, каб быць бліжэй да бацькі, Яўхіма Кіпеля, якога арыштавалі ў 1930 годзе (быў асуджаны на 5 гадоў ссылкі як «нацдэм»). У 1935 годзе яго сям’я пераехала ў Арол (паколькі ім было забаронена вяртацца ў Беларусь). У тым самым годзе бацьку паўторна арыштоўваюць і засуджваюць яшчэ на 5 гадоў лягероў у Байкала-Амурскім Краі.
У 1936 годзе маці зарэгістравала Вітаўта пад прозьвішчам Зубкоўскі (ейнае дзявочае прозьвішча), каб пазьбегчы магчымых далейшых перасьледаў сям’і ды мець магчымасьць паслаць сына ў школу без таўра сына «ворага народу». Прозьвішчам Зубкоўскі Вітаўт карыстаўся ўсе свае школьныя гады да 1942 году.
У г. Арле, дзе ён навучаўся з 1935 году, закончыў 6-ю клясу ў 1941 годзе. Далей, у 1942—1944 гадах, вучыўся ў Менску чаргова ў народнай школе (дыр. Пётра Кісель), настаўніцкай сэмінарыі (дыр. Саломенік) і прагімназіі (дыр. Аляксандар Акановіч).
У 1945—1948 гадах вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, у горадзе Рэгенсбургу, Баварыя (матурыст ІІІ выпуску). У 1948—1949 гадах вучыўся на мэдычным факультэце Цюбінгэнскага ўнівэрсытэту, а ў 1949—1953 гадах на геалягічным факультэце Лювэнскага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі. У 1953 годзе атрымаў ступень магістра, а ў 1955 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па мінэралёгіі з суправаджальнай («меншай») тэзай з палеанталёгіі. У тым сама годзе выехаў ў ЗША. У 1956 годзе ажаніўся з Зорай Савёнак (сяброўка яшчэ па гімназіі і ўнівэрсытэце).
У ЗША Вітаўт Кіпель нейкі час працаваў ў галінах геялёгіі й геахіміі, супрацоўнічаў са спэцыялізаванымі навуковымі часопісамі «Chemical Abstracts», «Engineering Index», «Economic Geology». У 1962—1963 гадах закончыў бібліятэказнаўства ў Ратгэрскім унівэрсытэце ў штаце Нью-Джэрзі. Кіпель 26 гадоў працаваў на розных пасадах у навуковым аддзеле Нью-ёрскай публічнай бібліятэкі (пачынаючы ад найніжэйшай прафэсійнай прыступкі да пасады загадчыка навуковага аддзелу), ён укамплектаваў гэты аддзел больш чым стотысячным зборам новых навуковатэхнічных выданьняў. У 1982—1985 гадах рэдагаваў месячны бібліяграфічны бюлетэнь «New Technical Books». Разам са сваёй жонкай Зорай Вітаўт разбудаваў і папоўніў беларускі збор у славянскім аддзеле бібліятэкі.
В. Кіпель увесь час дапасоўваў сваё жыцьцё да грамадзкіх вымогаў беларускай дыяспары.
У Нямеччыне прымаў актыўны ўдзел у беларускім скаўтынгу, у аб’яднаньні «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне», як адзін зь ягоных кіраўнікоў і арганізатараў: наведваў дзясяткі лягероў ДП зь беларускімі групамі й засноўваў у тых лягерох скаўцкія адзінкі.
У Бэльгіі В. Кіпель працаваў у студэнцкім згуртаваньні, пасьля ў Саюзе беларусаў Бэльгіі (дзе некалькі гадоў быў заступнікам старшыні гэтай арганізацыі). Наладжваў новыя кантракты, зьмену працы для беларускіх работнікаў, іх выезды ў Амэрыку. Ладзіў культурна—асьветніцкую працу: даклады, канцэрты, заняткі беларусаведы для дзяцей.
У ЗША ягоная грамадзкая дзейнасьць толькі пашыралася. В. Кіпель браў актыўны ўдзел у «вонкавым» — палітычным — жыцьці беларусаў Амэрыкі, палітычна прыспасабляючыся да рэспубліканскага боку (у параўнаньні з дэмакратамі рэспубліканцы былі менш схільныя да «патураньня камунізму»). Кантакты са шматлікімі вядучымі амэрыканскімі палітыкамі й удзел у працы розных камітэтаў надаў магчымасьць увесьці беларускае пытаньне на палітычную арбіту ЗША. Беларуская прысутнасьць ў грамадзкім жыцьці Амэрыкі замацавалася ўдзелам у шматлікіх міжнацыянальных (этнічных) арганізацыях.
Увесь гэты час перабываньня ў ЗША быў багаты й на грамадзка—палітычную публіцыстыку В. Кіпеля (як на беларускай, так і на ангельскай мовах). Шмат артыкулаў пра беларусаў у Амэрыцы Кіпель зьмяшчае ў квартальніку «Heritage Review» (які ў 1970-х гадох выходзіў у штаце Нью-Джэрзі). У В. Кіпеля ва ўнутраным эміграцыйным жыцьці былі сотні арганізацыйных зборак, дакладаў і выступаў, мэмарандумаў і артыкулаў. З 1982 году В. Кіпель пераймае кіраўніцтва «Беларускім інстытутам навукі й мастацтва». Гэтаксама й далей працягвае навукова-выдавецкую дзейнасьць гэтай установы.
У 1993 годзе Вітаўт Кіпель атрымаў тытул доктара honoris causa Гарадзенскага ўнівэрсытэту.
У 1997 г. абраны ў склад Прэзыдыюму Рады БНР.[1] Займаў пасаду Намесьніка Старшыні Рады БНР.[2]
У Амэрыцы грамадзкая актыўнасьць В. Кіпеля зьвязаная таксама з амэрыканскім скаўтынгам, у якім ён дзейнічаў больш за 12 гадоў. Вітаўт скончыў вышэйшыя курсы інтэрнацыянальнага скаўтынгу, быў выкладнікам на гэтых курсах, арганізаваў скаўцкія лягеры, некалькі гадоў кіраваў адной з найстарэйшых амэрыканскіх скаўцкіх адзінак (Troop 161, Tamarack Council, засн. 1910). Меў некалькі амэрыканскіх і інтэрнацыянальных скаўцкіх узнагародаў.
Памёр 3 сьнежня 2022 году на 96 годзе жыцьця[3].
У 1993 годзе ў Менску выйшла манаграфія В. Кіпеля «Беларусы ў ЗША» — фундамэнтальны досьлед беларускае дыяспары ў ЗША ад ейных пачаткаў да сёньняшняга дня.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.