From Wikipedia, the free encyclopedia
Вуго́рская рэвалю́цыя 1956 го́ду (па-вугорску: 1956-os forradalom) — спантаннае агульнанацыянальнае паўстаньне супраць ураду Вугорскай Народнай Рэспублікі і навязанай яму савецкім рэжымам палітыкі. Пачалася 23 кастрычніка, падаўлена 10 лістапада 1956 году.
Вугорская рэвалюцыя 1956 году | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Зьнішчаны савецкі танк Т34/85 у Будапэшце, 1956 год | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
СССР Упраўленьне дзяржаўнай бясьпекі (ÁVH) | Вугоршчына | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Іван Конеў | Імрэ Надзь | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
31 550 чалавек 1130 танкаў | невядома | ||||||||
Страты | |||||||||
722 забіты 1251 ранены | 2500 забіты 13 000 ранены | ||||||||
Паўстаньне пачалося як студэнцкая дэманстрацыя, якая праходзіла ў цэнтры Будапэшту, да якой далучыліся тысячы людзей. Студэнцкая дэлегацыя была затрымана, калі паспрабавала прайсьці на радыё, каб перадаць свае патрабаваньні. Калі дэманстранты запатрабавалі вызваленьня дэлегатаў, супрацоўнікі Ўпраўленьня дзяржаўнай бясьпекі (ÁVH) адкрылі агонь. Навіны аб гэтых падзеях хутка распаўсюдзіліся, і гвалт распачаўся паўсюды ў сталіцы.
Бунт хутка ахапіў усю краіну, і ўрад быў скінуты. Тысячы людзей, арганізаваных у народнае рушаньне, вялі баі супраць Упраўленьня дзяржаўнай бясьпекі (ÁVH) і савецкіх войскаў. Прасавецкіх камуністаў і дзеячаў ÁVH забівалі або саджалі ў турмы, былыя зьняволеныя былі вызвалены і ўзброены. Імправізаваныя рады вырвалі муніцыпальнае кіраўніцтва ў Вугорскай партыі працоўных і патрабавалі палітычных зьменаў. Новы ўрад афіцыйна распусьціў ÁVH, заявіў пра свой намер выйсьці з Варшаўскай дамовы і абавязаўся правесьці вольныя выбары. Па стане на канец кастрычніка барацьба амаль спынілася, і адчуваньне мірнага жыцьця пачало вяртацца.
Спачатку абвясьціўшы пра гатоўнасьць весьці перамовы аб вывадзе савецкіх войскаў, Палітбюро ЦК КПСС зьмяніла свае рашэньне і пачало падаўленьне рэвалюцыі. 4 лістапада савецкія войскі ўварваліся ў Будапэшт і іншыя раёны краіны. Вугорскі супраціў працягваўся да 10 лістапада. Каля 2500 вугорцаў былі забіты, 200 000 апынуліся бежанцамі. Масавыя арышты і абвінавачваньні працягваліся на працягу месяца пасьля гэтага. Да студзеня 1957 году новае, усталяванае савецкім рэжымам кіраўніцтва падавіла ўсю грамадзкую апазыцыю.
Падаўленьне вугорскае рэвалюцыі выявіла цьвёрды намер савецкага кіраўніцтва захоўваць жорсткі палітычны кантроль над краінамі сацыялістычнага блёку, незалежна ад памкненьняў іх народаў, і было адмоўна ўспрынятае прыхільнікамі камуністычнай ідэалёгіі на Захадзе, выклікаючы сярод іх гэтак званы «крызіс сьвядомасьці» і азначаючы, разам з XX зьездам КПСС, пачатак разбурэньня камуністычнай сыстэмы. Разам з бэрлінскімі падзеямі 1953 году вугорскае паўстаньне азначыла паварот сусьветнага ўспрыманьня СССР і Савецкай арміі ад вобразу вызваліцеляў Эўропы да вобразу яе акупантаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.