From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) — нацыянальная партыя праванародніцкага кірунку. Заснавана ў Менску на арганізацыйным сходзе 15—16 траўня 1917 году[1].
Беларуская народная партыя сацыялістаў | |
Лідэр партыі | Язэп Сушынскі |
---|---|
Дата заснаваньня | 1917 |
Штаб-кватэра | Менск |
Саюзьнікі і блёкі | БСГ |
Ідэалёгія | сацыялістычная |
Аб’ядноўвала нешматлікую групу інтэлігентаў, якія былі блізкімі да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), але лічылі яе праграму і тактыку залішне радыкальнымі.
У Арганізацыйнае бюро БНПС уваходзілі Язэп Сушынскі (старшыня), А. І. Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Самуіл Плаўнік (Зьмітрок Бядуля), Ф. Стульба; значным уплывам у партыі карыстаўся Павал Аляксюк і Раман Скірмунт. З канца ліпеня 1917 існаваў аддзел БНПС м. Сьмілавічы (Ігуменскі павет) на чале з ксяндзом Аляксандрам Астрамовічам.
Праект праграмы БНПС спалучаў ідэі палітычнага самавызначэньня беларускага народу з рэфармісцкімі ўяўленьнямі пра шляхі сацыялістычнай перабудовы грамадзтва. Выстаўляў патрабаваньне абвясьціць Расею фэдэратыўна-дэмакратычнай рэспублікай, у якой Беларусь павінна мець статус аўтаноміі з заканадаўчым органам — Беларускай краёвай радай, абранай на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні. У далёкай пэрспэктыве прадугледжвалася ажыцьцяўленьне шляхам паступовых рэформ сацыялістычнага ідэалу — абагульненьня вытворчасьці і спажываньня.
Цэнтральнае месца ў праекце праграмы займала аграрнае пытаньне. БНПС падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі («уся зямля павінна быць агульнанароднай уласнасьцю»). Нацыяналізаваныя землі павінны былі паступаць у распараджэньне Беларускай краёвай рады і складаць нацыянальны народны фонд, зь якога ў адпаведнасьці з працоўнай нормай меркавалася надзяляць безьзямельных і малазямельных сялянаў. Праграма не прадугледжвала неадкладнага пераходу ўсіх зямель у агульнанародную ўласнасьць. У нацыянальны народны фонд бясплатна павінны былі паступаць землі кабінэцкія, казённыя, удзельныя, царкоўныя, падараваныя каралямі Рэчы Паспалітай і расейскімі імпэратарамі, а таксама купленыя за гады Першай суьсветнай вайны. Сялянскія надзельныя землі і дробныя ўчасткі, якія не перавышалі працоўныя нормы, заставаліся ў прыватнай уласнасьці. З мэтай выключэньня прыватнаўласьніцкіх зямель з гандлёвага абароту права іх куплі давалася толькі нацыянальнаму народнаму фонду. Захоўвалася палажэньне аб выкупе: землі, купленыя «за грошы запрацаваныя», павінны перайсьці да народа «за памяркоўную плату» за кошт нацыянальнага народнага фонду. Дапускалася поўная свабода прыватнай ініцыятывы ў галіне прамысловасьці і гандлю, БНПС выказвалася за 8-гадзінны працоўны дзень, увядзеньне сыстэмы страхаваньня, ахову жаночай і дзіцячай працы. Абвяшчаўся прынцып адзінства школы, бясплатнае навучаньне на роднай мове ў школах усіх разрадаў.
Імкнучыся знайсьці апору ў масах, БНПС летам 1917 правяла ў Менску некалькі мітынгаў, але адчувальнай падтрымкі не атрымала. У пачатку ліпеня 1917 г. прадстаўнікі БНПС удзельнічалі ў рабоце зьезду беларускіх арганізацый і партый, дзе выказваліся супраць скасаваньня Беларускага нацыянальнага камітэту; у выніку канфлікту з фракцыяй БСГ, якая складала большасьць зьезду, пакінулі яго. Летам 1917 на муніцыпальных выбарах у Менску БНПС выставіла кандыдатуру ў блёку зь мясцовымі арганізацыямі БСГ, жыдоўскіх, украінскіх і летувіскіх партыяў (Блёк нацыянальных сацыялістычных партыяў) і атрымала адно месца ў Менскай гарадзкой думе. Кастрычніцкі пераварот не прыняла, разам зь іншымі беларускімі арганізацыямі падпісала «Грамату да беларускага народу» 27 кастрычніка (9 лістапада) 1917 г., дзе рэвалюцыя характарызавалася як праяўленьне анархіі, у віхуры якой можа загінуць справа абароны нацыянальных правоў беларусаў.
У сьнежні 1917 г. удзельнічала ва Ўсебеларускім зьезьдзе. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва ня мелі посьпеху. Ня здолеўшы выйсьці з зародкавай стадыі разьвіцьця, яна неўзабаве зьнікла з палітычнай арэны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.