Remove ads
разьдзел Вікіпэдыі афіцыйным правапісам беларускай мовы From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская Вікіпэдыя наркамаўкай (наркам. Беларуская Вікіпедыя) — разьдзел Вікіпэдыі наркамаўкай, заснаваны ў сакавіку 2007 року згодна з пастановай моўнага падкамітэту фундацыі Wikimedia.
Беларуская Вікіпэдыя наркамаўкай | |
Слоган | Свабодная энцыкляпэдыя |
---|---|
Тып | энцыкляпэдыя |
Даступныя мовы | беларуская (наркамаўка) |
Уладальнік | Фундацыя «Вікімэдыя» |
Аўтар | Юры Тарасевіч |
Пачатак працы | 27 сакавіка 2007 (17 гадоў таму) |
Камэрцыйны? | не |
Рэгістрацыя | неабавязкова |
Прыбытак | няма |
Актуальны стан | дзейны |
Рэйтынг Alexa | ? (2020 год) |
Ліцэнзія | CC BY-SA 3.0[d] і ЛВД ГНУ |
be.wikipedia.org |
Пры яго стварэньні Беларускую Вікіпэдыю, якая ад заснаваньня ў 2004 годзе стваралася на нерусіфікаваным стандарце беларускай мовы, без публічнага абгрунтаваньня з боку Фундацыі «Вікімэдыя» перанесьлі з асноўнага беларускага паддамэну трэцяга ўзроўню «be» на пабочны «be-x-old»[1]. Яе адрас «be.wikipedia.org» заняў перанесены з інкубатару разьдзел, створаны русіфікаваным моўным стандартам. У 2024 годзе — хоць Наркамаўская Вікіпэдыя займае асноўны беларускі паддамэн («be»), а не пабочны (напрыклад, «be-narkam») — тамтэйшая супольнасьць рэдактараў пастанавіла прыбраць з галоўнай старонкі беларускага паддамэну «be.wikipedia.org» спасылку на Беларускую Вікіпэдыю на пабочным паддамэне «be-tarask.wikipedia.org», якую мусіла зьмясьціць ад моманту пераносу. Увогуле, у наркамаўскім разьдзеле з 2010 году існуе асобны шаблён «Userbox/Супраць be-tarask» з тэкстам «Удзельнік выступае за закрыццё Вікіпедыі на тарашкевіцы і перавод яе ў рэжым „толькі для чытання“», які на 2024 год разьмясьцілі на сваіх старонках 12 удзельнікаў, у тым ліку два абраныя супольнасьцю адміністратары[a].
Ахвотна (бяз вонкавага гвалтоўнага прымусу) ужывае і, увогуле, папулярызуе як асноўны[b] (а не часовы, да спыненьня гібрыднай расейскай акупацыі Беларусі) русіфікаваны стандарт беларускай мовы, стварэньне якога разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі (расейскага этнацыду) беларусаў, што праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ўжытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[4]. У самым пачатку артыкулаў пра населеныя пункты Беларусі сыстэматычна падае іх назвы на расейскай мове, а таксама на няіснай з 2023 году афіцыйнай трансьлітарацыі, створанай за рэжымам Лукашэнкі ў рэчышчы імітацыі «мяккай беларусізацыі» замест традыцыйнай лацінкі.
З моманту ейнага стварэньня ў 2004 року Беларуская Вікіпэдыя вялася «тарашкевіцаю», праз пэўны час да яе далучыліся і прыхільнікі наркамаўкі. Пэўны час удзельнікі суіснавалі разам, пішучы артыкулы кожны сваім правапісам, аднак яны жадалі таксама мець і адпаведны інтэрфэйс, таму вырашылі аддзяліцца[5].
3 жніўня 2006 року ў гэтак званым інкубатары паўстаў беларускі разьдзел наркамаўкай[6]. Ужо 25 жніўня ягоныя ўдзельнікі падалі запыт на стварэньне новага разьдзелу Вікіпэдыі[7], аднак па выніках галасаваньня ім было ў гэтым адмоўлена[5][7].
4 сьнежня 2006 року беларускія ўдзельнікі вікіінкубатару падалі новы запыт на стварэньне разьдзелу Вікіпэдыі наркамаўкай[8]. За гэты час правілы падачы заявак на адкрыцьцё новых разьдзелаў былі зьмененыя, і рашэньне пра іхняе стварэньне прымалася не галасаваньнем, а рашэньнем фундацыі «Вікімэдыя»[5].
27 сакавіка 2007[9] згодна з пастановай моўнага падкамітэту фундацыі Wikimedia асноўны беларускі дамэн «be.wikipedia.org» быў аддадзены ўдзельнікам Вікіпэдыі наркамаўкай, на яго былі перанесеныя ўсе створаныя артыкулы з інкубатару (на той час іхняя колькасьць складала 3565[1]). Больш за 6000 артыкулаў, створаных з моманту заснаваньня Беларускай Вікіпэдыі, якія дагэтуль знаходзіліся на азначаным адрасе, зьніклі, што выклікала немалое зьдзіўленьне карыстальнікаў[5]. Пазьней, аднак, было паведамлена, што яны перанесеныя на новы дамэн «be-x-old.wikipedia.org», які адгэтуль займае Вікіпэдыя клясычным правапісам беларускай мовы. Прыхільнікі наркамаўкі зьмясьцілі на галоўнай старонцы адмысловае паведамленьне пра тое, што цяпер артыкулы «тарашкевіцай» знаходзяцца па новым адрасе, а «be.wikipedia.org» адгэтуль ствараецца «ў нарматыўнай беларускай мове»[10].
Паводле некаторых зьвестак, прычынаю перамяшчэньня разьдзелаў стала адсутнасьць асобнага ISO-коду для клясычнага правапісу[11]. Празь месяц Адміністрацыя адрасовае прасторы Інтэрнэту ўвяла для гэтага варыянту правапісу асобны тэг «be-tarask»[12], аднак у Вікіпэдыі да восені 2015 року[13] захоўвалася дамэнная прыстаўка «be-x-old».
Перамяшчэньне Беларускай Вікіпэдыі на пабочны дамэн зь перадачай асноўнага дамэну прыхільнікам наркамаўкі выклікала скандал, які выявіўся ў матэрыялах беларускіх мэдыяў і камэнтарах пад імі: на вэб-бачыне «Нашай Нівы» ў артыкуле Зьмітра Панкаўца «Вікіпэдыі тарашкевіцай больш не існуе»[5] і ў артыкуле «Скандал у беларускай Вікіпэдыі» на Generation.by[14]. Апроч таго, у фундацыю «Вікімэдыя» падалі запыт на закрыцьцё разьдзелу наркамаўкай ды пераносу яго пад іншую назву з адначасовым вяртаньнем на стары адрас Беларускай Вікіпэдыі[15]. Ён, аднак, пасьля непрацяглага абмеркаваньня быў заархіваваны без падвядзеньня вынікаў[16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.