Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Арганізацыя беларускіх нацыяналістаў (АБН) — беларуская нелегальная кансьпірацыйная арганізацыя, мэтай якой было адраджэньне беларускай дзяржаўнасьці хаця б у межах супольнай беларуска-польскай фэдэрацыі. Таксама вядомая як Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН)[1].
Арганізацыя беларускіх нацыяналістаў | |
Лідэр партыі | Янка Станкевіч |
---|---|
Дата заснаваньня | 1940 год |
Распушчаная | 1943—1944 гады |
Штаб-кватэра | Варшава (спачатку) |
Саюзьнікі і блёкі | Армія Краёва |
Ідэалёгія | беларускі нацыяналізм |
Колькасьць | да 500 чалавек |
Арганізацыя была створаная ў 1940 годзе ў Варшаве, як нелегальная арганізацыя. Улетку 1941 году перанесла сваю дзейнасьць у Беларусь. Паводле некаторых зьвестак, у 1942 годзе АБН налічвала 500 чалавек. На яе чале стаяў Цэнтральны камітэт. Старшыня ЦК АБН — Янка Станкевіч.
АБН вяла перамовы з польскай падпольнай Арміяй Краёвай аб супрацоўніцтве, «польска-беларускай фэдэрацыі» й нават аб стварэньні беларуска-польскіх партызанскіх аддзелаў. Аднак кантакты з польскім супрацівам ня далі ніякага выніку.
У 1943 годзе АБН увайшла ў падпольнае Беларускае Нацыянальна-Дэмакратычнае Аб’яднаньне (БНДА) ды была ў ім галоўнай сілай. Дагэтуль невядома, чым займаліся АБН і БНДА, акрамя кантактаў з палякамі. Па гібелі ў сьнежні 1943 году ў Менску Вацлава Іваноўскага й выезду ў Чэхію Янкі Станкевіча, АБН-БНДА фактычна спыніла сваё існаваньне. Многія сябры арганізацыі, якія працавалі ў цывільнай адміністрацыі й школьніцтве, улетку 1944 году падаліся на Захад. Тыя нешматлікія, што засталіся на Бацькаўшчыне, маглі далучыцца да руху супраціўленьня, які арганізоўвала Беларуская незалежніцкая партыя.
У лютым 1941 г. Станіслаў Грынкевіч ад імя АБН вёў перамовы з польскім падпольлем. Ініцыятыва перамоваў зыходзіла ад камандаваньня Віленскай акругі Саюзу ўзброенай барацьбы, якое прапанавала абмеркаваць «магчымасьці навязаньня цясьнейшых кантактаў, а ў пэрспэктыве — сумеснага дзеяньня дзьвюх арганізацыяў — польскай і беларускай — супраць супольнага ворага, Савецкай Расеі».
Камэндант Віленскай акругі СУБ падпалкоўнік Нікадым Сулік упаважніў на перамовы кс. К. Кухарскага. На сустрэчы з С. Грынкевічам апошні паставіў умову супрацоўніцтва: беларусы мусілі заявіць, што «сваю будучыню яны бачаць у прыязным сужыцьцю з польскім народам і польскай дзяржавай у межах перад верасьнем 1939 году». Такая ўмова адразу ж ставіла перамовы ў тупік. Станіслаў Грынкевіч «прадстаўляючы пазыцыю беларускага боку… сьцьвердзіў, што спробы апанаваньня беларускага руху ўжо даўно робяць немцы, якія абяцаюць стварэньне ў будучыні, на руінах савецкай імпэрыі, незалежнай Беларусі». Грынкевіч дадаў, што большасьць беларускіх дзеячоў чакаюць нападу Нямеччыны на СССР і спадзяюцца, што немцы выканаюць свае абяцаньні.
Другая сустрэча кс. К. Кухарскага і С. Грынкевіча адбылася пасьля нарады апошняга «зь іншымі беларускімі дзеячамі». Грынкевіч «асьведчыў, што беларусы даволі прыхільна ставяцца да Нямеччыны, якая, як ніхто іншы, абяцае рэалізаваць іх нацыянальныя ідэалы». У той жа час ён адзначыў, што калі б у будучай вайне прайгралі б і немцы, і бальшавікі, то «заходнім дэмакратыям не выпадала б адбіраць у беларусаў тое, што яны трымаюць у жмені».
Такая пазыцыя беларусаў была для тагачасных польскіх палітыкаў незразумелай, бо яны ня бралі да ўвагі факту, што зьвязаньне з Польшчай у межах, усталяваных Рыжскім трактатам, было для беларусаў непрымальным з-за пагрозы падзелу беларускіх этнічных земляў.
У красавіку—траўні 1941 году частка камандаваньня Віленскай акругі СУБ было арыштаванае НКУС. За краты патрапілі падпалкоўнік Сулік і ксёндз Кухарскі. З таго часу Віленскую акругу ачольваў маёр/падпалкоўнік Аляксандар Крыжаноўскі («Воўк»). Менавіта зь ім у наступныя тры гады вялі перамовы прадстаўнікі АБН.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.