беларускі паэт-гумарыст, драматург, перакладчык і мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Альбэ́рт Фра́нцавіч Паўло́віч (11 лістапада 1875, Менск — 17 сакавіка 1951, Курск) — беларускі паэт-гумарыст, драматург, перакладчык і мастак. Цесьць Язэпа Фарботкі. Найбольш значная фігура беларускай гумарыстыкі пачатку XX стагодзьдзя.
Альбэрт Паўловіч лац. Albert Paŭłovič | |
Альбэрт Францавіч Паўловіч, 1924 год | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 11 лістапада 1875 Менск |
Памёр | 17 сакавіка 1951 (75 гадоў) Курск |
Жонка | Стэфанія Сямёнаўна |
Дзеці | Уладзіслава (1898), Севярын (1900), Тамара (1906), Яніна (1908), Альбэрт (1926) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт і перакладчык |
Мова | беларуская мова[1], украінская мова[1], польская мова[1], расейская мова[1], кітайская мова[1] і летувіская мова[1] |
Дэбют | «Песьня» // «Наша Ніва» № 29, 1907 |
Нарадзіўся 11 лістапада 1875 году ў Менску. Паходзіў з шляхетнага роду. Яго дзед і бабка па бацьку памерлі ў часе паўстаньня[2]. Скончыў чатырохклясную гарадзкую вучэльню (1894). Не зважаючы на тое, што для А. Паўловіча было забясьпечана месца ў Строганаўскай рысавальнай школе на казённы кошт[3], 13 ліпеня 1894 уладкаваўся ва Ўпраўленьне Лібава-Роменскай чыгункі: чатыры гады працаваў канторшчыкам галоўнай бухгальтэрыі, потым памочнікам бухгальтара і бухгальтарам у розных установах (за гэты час аклад вырас з 240 да 960 рублёў)[4]. 8 студзеня 1898 ажаніўся са Стэфаніяй Сямёнаўнай. У 1911 зрабіўся старшым рахункаводам з гадавым акладам у 1100 рублёў. У 1912 г. стаў справаводцам галоўнай бухгальтэрыі з накладам 1500 рублёў у год[5]. За дваццаць гадоў службы быў у адпачынку толькі тройчы і за руплівую выслугу быў узнагароджаны срэбраным мэдалём на станіславаўскай стужцы і ордэнам сьвятога Станіслава[4]. У часе Першай сусьветнай вайны пэўны час загадваў канцылярыяй асобаўпаўнаважанага Расейскага таварыства Чырвонага Крыжа[4].
Захапляўся гульнёй у шашкі і шахматы. Друкаваў у часопісах і газэтах шахматныя і шашачныя задачы[6]. Жыў у аднапавярховым драўляным доме на былой Нова-Раманаўскай, № 36 (цяпер — Гарадзкі вал, участак тэрыторыі каля кінатэатра «Беларусь»[7]), які дастаўся ў спадчыну ад бацькі. У 1890—1917 тут адбываліся сустрэчы беларускай інтэлігенцыі. У розныя часы ў доме А. Паўловіча былі Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч, Цішка Гартны, Зьмітрок Бядуля і Максім Багдановіч[6].
У вольны час ад працы і заняткаў паэзіі толькі ўлетку вышываў ваўнянымі ніткамі вялікія дываны з адлюстраваньнем розных краявідаў. Ім было вышыта тры дываны, два зь якіх дэманстраваліся на мастацкай выставе 1914 году. Займаўся калекцыянаваньнем манэтаў і пёраў, меў вялікую калекцыю паштовак з пэзажамі. З школьных гадоў зьбіраў маркі.
У 1932 Альбэрт Паўловіч пераехаў у Маскву. Пасьля жыў на Ўрале. У 1946—1951 жыў у Курску.
Памёр 17 сакавіка 1951 у Курску. Пахаваны на Маскоўскіх могілках.
Літаратурную дзейнасьць пачаў у канцы XIX стагодзьдзя пад уплывам свайго дзядзькі Апалінарыя Паўловіча, служачага лясьніцтва, які «дасканала ведаў мову і быт сялян». А. Паўловіч у сваёй аўтабіяграфіі прызнаваўся, што «пад уплывам яго запісаў і апавяданьняў я пачаў пісаць вершы»[3]. У друку ўпершыню выступіў у 1907 на старонках газэты «Наша Ніва». Матывы яго раньняй творчасьці засяроджваюцца на тэмах сялянскай нядолі і гаротнага стану роднай краіны. Таксама пісаў лірычныя вершы. Да такіх твораў адносяцца «Родны край» і «Родныя малюнкі», у якіх гучаць патрыятычныя матывы, пэйзажная і філязофская лірыка («Трывога», «Мары», «Летняя ноч», «Над Сьвіслаччу» і інш.
У пазьнейшых лірычных вершах, якія друкаваліся ў 1913—1914 у клерыкальнай газэце «Беларус», сацыяльная тэматыка заглушаецца рэлігійна-містычнымі матывамі («У нядзелю», «Званы», «Сон і вечнасьць»).
Агульнапрынята, што найбольшы сьлед у гісторыі беларускай паэзіі пачатку XX стагодзьдзя пакінуў Альбэрт Паўловіч у гумарыстыцы. Пачынаючы з 1907, паэт выступаў на старонках «Нашай Нівы» з жартаўлівымі сцэнкамі і гумарыстычнымі замалёўкамі. На першым часе іх тэматыка абмяжоўвалася сьмешнымі праявамі сялянскага побыту («На начлезе», «Няўмекі і лекі»). Нярэдка паэт сьлепа перадае вершам народны жарт або бытавы анекдот. Пераважная большасьць яго гумарыстычных твораў не выходзіла сваёй тэматыкай за межы побыту беларускай вёскі, паэт аддаваў найбольшую ўвагу навучаньням і агульнагуманістычным ідэалам. Максім Багдановіч у сваім літаратурным аглядзе краснай пісьменнасьці 1911—1913 гг. «За тры гады» адзначаў:
|
Аднак, сам пісьменьнік у сваёй аўтабіяграфіі пазьней патлумачыў, чаму ён быў аднесены ў лягер гумарыстаў, апавядаючы гісторыю публікацыі ягоных першых вершаў у газэце «Наша Ніва»:
|
Таксама ў «Жыцьцяпісе» А. Паўловіч прыводзіць статыстыку сваіх твораў: гумарыстычныя вершы — 175 назваў, 8612 радкоў, лірычныя — 120 назваў, 3966 радкоў, аднак разам зь перакладамі, як адзначыў пісьменьнік, гумарыстыка складае 9316 радкоў, а лірыка — 10850 радкоў[11].
У 1913—1917 і 1919—1921 гг. творы А. Паўловіча не друкуюцца. Як адзначыў сам паэт, «усе мае спробы прарвацца ў друк разьбіліся аб мур выразнай няпрыхільнасьці тых, ад каго шмат залежала»[11].
Альбэрт Паўловіч шмат працаваў у галіне мастацкага перакладу (перакладаў творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі і інш.) Працаваў над беларуска-польскім слоўнікам. Прысьвяціў два вершы Янку Купалу — «Каліва праўды» і «Ноч на Івана Купалу» і адзін Якубу Коласу — «У хаце сьветлай і прасторнай»[12]. Я. Купала адказаў яму вершам «За пасьвячэньне, вершык харошы».
У 1927 Альбэрт Паўловіч даслаў сваю аўтабіяграфію пад назваю «Мой жыцьцяпіс» дасьледніку беларускай літаратуры Л. М. Клейнбарту (захоўваецца ў ягоным архіве ў Рукапісным аддзеле Пушкінскага дома ў Санкт-Пецярбургу, ф. 586, адз. зах. 160)[3].
Жывучы ў Курску, рабіў шмат копіяў карцін Левітана, Шышкіна і іншых расейскіх мастакоў.
На думку А. Баршчэўскага, вершы А. Паўловіча можна падзяліць на грамадзкія, прыродаапісальныя, фэміністычна-любоўныя, асабістыя і гумарыстычныя[13]. Паводле дасьледніка, творчасьць паэта зьяўляецца тыповай для раньняй стадыі нашаніўскай беларускай літаратуры і ў пэўным сэнсе служыць злучальным зьвяном паміж беларускай літаратурай XIX і XX ст[13].
Да грамадзкай лірыкі пісьменьніка А. Баршчэўскі залічае вершы: «Працуй і пей», «У хаце сьветлай і прасторнай», «Старасьць», «Мары», «Каліва праўды», «Ноч на Івана Купалу», «Пасьня» і «Татка» (апрача названых вершаў грамадзкая праблематыка выступае таксама ў многіх вершах патрыятычных, прыродаапісальных і гумарыстычных)[14]. Грамадзкія вершы, у сваю чаргу, дасьледнік падзяляе на пэсымістычныя і аптымістычныя творы: да пэсымістычнага цыклю належаць вершы «Старац», «Каліва праўды», «Песьня» і «Татка»[14], да аптымістычнага — «Працуй і пей», «Брату», «Мары», «У хаце сьветлай і прасторнай», «Ноч на Івана Купалу»[15] і «Восень», які займае пераходную пазыцыю паміж прыродаапісальнай і грамадзкай лірыкай[16].
Да прыродаапісальных твораў А. Баршчэўскі залічвае вершы: «Над Сьвіслаччу», «На беразе Сьвіслачы», «Летняя ноч», «Асеньняя пара», «Восень», «Трывога», «Родныя малюнкі» і «Родны край»[17].
Да асабістых твораў (часам з матывам каханьня) А. Баршчэўскі адносіць вершы: «У маладосьці час і радасны і мілы», «Раманс», «Не шкадуй» і «Галіна»[18]. На думку дасьледніка, лірыка каханьня і тэма асабістага жыцьця ў творчасьці Паўловіча прадстаўлена досыць скромна, але вершы гэтага цыклю не пазбаўленыя літаратурнай і псыхалягічнай вартасьці[18].
Да найбольш разбудаванай катэгорыі гумарыстычных твораў А. Паўловіча А. Баршчэўскі адносіць каля 40 вершаў. Некаторыя зь іх налічваюць больш за сто радкоў і па свайму характару набліжаюцца да вершаваных фэльетонаў[19]. Паводле дасьледніка, гумарыстычную спадчыну паэта можна разглядаць у некалькіх частках, напрыклад, у аспэкце: камізм сытуацыйны, камізм характару, камізм слоўны, або ў аспэкце выступаных у вершах паэта прыёмаў: гумару, іроніі ці сарказму[19]. На думку А. Баршчэўскага, можна таксама аналізаваць паэтавы вершы ў тэматычным аспэкце: хітрасьці, неахайнасьці, п’янства, абжорства, грубасьці, зьверхветлівасьці і няшчырасьці[19]. Але перадусім вершы А. Паўловіча дасьледнік разглядае паводле схемы: сямейны гумар («Пястун», «Скупы хлопчык», «Сыноўняя апека», «І плач не памагае», «Жаласьлівая матка і цыган», «Бацькава ўцеха», «Боты», «За справункамі» і «Спадчына»[20]), сацыяльны гумар («Пан і акуляры», «Ракі», «Далікатнасьць за далікатнасьць», «Сакпіў», «Шчодрая ахвяра», «У фельчара», «Рэцэпт», «Кравец Юдэль», «Нэйтралітэт», «Няўмекі і лекі»[21]), нацыянальны гумар («Поп і цыган», «Хітры цыган»[22]), жаночы гумар («Прыйшла ў цэркву раз бабулька», «Гаспадыніна дзяжа», «З падслуханага», «Лепшая рада», «Маладая гаспадынька»[23]), дзе высьмейваюцца такія рысы жанчын, як наіўная хітрасьць, неахайнасьць, лянота, гаварлівасьць[23], гумар характару альбо сытуацыйны камізм («На начлезе», «З кірмашу», «Адказ», «Махорка»[24]) і гумар алегарычны («Лыкі, не каўбасы», «Што пяць вёрст», «На рынку»[25]).
Творчая спадчына А. Паўловіча дайшла да нас ня цалкам. У 1910 у Вільні выйшаў яго зборнік «Снапок», частка твораў раскідалася ў беларускіх календарах і розных пэрыядычных выданьнях («Наша Ніва», «Маладая Беларусь», «Беларус», «Лучына» і інш.) Падрыхтаваны аўтарам зборнік гумару «Перавясла», якія мусіў друкавацца ў Бэрліне, так і ня выйшаў. Многія творы гэтага зборніка не былі апублікаваныя і таму згубіліся. Яго пяру таксама належыць драма «Васількі» (Вільня, 1919).
Быў аўтарам артыкулаў «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сьцяпанам», 1925), «Сялянка» В. Дунін-Марцінкевіча на менскай сцэне" (1929).
У 1931 Браніслаў Эпімах-Шыпіла пераклаў верш А. Паўловіча «Сумная восень» на польскую і нямецкую мовы[26].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.