Альбрэхт Станіслаў Радзівіл
From Wikipedia, the free encyclopedia
Альбрэхт Станіслаў Радзівіл (мянушка «Абаронца Правоў»; 1 ліпеня 1593, места Алыка Валынскага ваяводзтва — 12 лістапада 1656, места Гданьск) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, пісьменьнік і гісторык Рэчы Паспалітай. Падканцлер (1619—1623) і канцлер вялікі літоўскі (з 1623).
![]() Альбрэхт Станіслаў Радзівіл | |
![]() Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1 ліпеня 1593 Алыка |
Памёр | 12 лістапада 1656 (63 гады) Гданьск |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Станіслаў Радзівіл Марына з Мышкаў |
Жонка | Рэгіна з фон Айзэнрайхаў Ганна Крыстына зь Любамірскіх |
Дзейнасьць | палітык, гісторык, канцлер, дзяржаўны службовец |
Меў вялікія зямельныя ўладаньні на Валыні (Алыка і іншыя), а таксама на тэрыторыі сучасных Беларусі (Нягневічы, Налібакі), Летувы і Польшчы. Трымаў шматлікія дзяржаўныя ўладаньні, быў старостам луцкім (1618–1622)[1], барысаўскім (1629), пінскім (1631), геранёнскім (1644), адміністратарам Кобрынскай і Шавельскай эканоміяў.
Біяграфія

З алыцка-нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Станіслава, старосты генэральнага жамойцкага, і Марыны з Мышкаў. Меў старэйшага брата Мікалая Крыштапа Радзівіла, II ардыната на Алыцы. Рана асірацеў, ягоным апекуном быў стрый Мікалай Радзівіл «Сіротка»[2].

У 1598—1605 гадох навучаўся ў Віленскай акадэміі, потым у Вюрцбургу, з 1609 году ў Лёвэне, да 1616 году вандраваў у Нідэрлянды, Францыю, Італію, Швайцарыю.

Абіраўся паслом на соймы 1613 і 1619 гадоў. 23 лютага 1619 году атрымаў урад падканцлера, у 1623 годзе — канцлера вялікага літоўскага.
Склаў пагадненьне з канцлерам Львом Сапегам аб тым, што адзін зь іх абавязкова будзе знаходзіцца пры каралю і вялікім князі дзеля пільнаваньня інтарэсаў Вялікага Княства Літоўскага. У замежнай палітыцы падтрымліваў пляны Жыгімонта Вазы авалодаць швэдзкім стальцам. Каб зьменшыць пагрозу з боку Турэччыны і крымскіх татараў, выступаў за хаўрус з трансыльванскім князем Бэтленам Габарам і аўстрыйскімі Габсбургамі.
У 1632 годзе падтрымаў абраньне каралём і вялікім князем Уладзіслава Вазы, але як шчыры каталік пры гэтым не падтрымліваў аднаўленьня правоў пратэстантаў і праваслаўных. У 1646 годзе выступіў супраць плянаў караля распачаць вайну з Турэччынай. У 1648 годзе падтрымаў абраньне на сталец Яна Казімера.
Пры правядзеньні ўнутранай і замежнай палітыкі рашуча адстойваў інтарэсы роду Радзівілаў, у тым ліку кальвінісцкай галіны, дэманстрацыйна бараніў асобныя інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага ў Рэчы Паспалітай.
Адной з прычынаў казацкага паўстаньня ва Ўкраіне лічыў «сілу нашых злых учынкаў і ўціск бедных», выступаў за рашучае змаганьне з Багданам Хмяльніцкім. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1654—1667) і Паўночную вайну (1655—1660) выехаў у Прусію, у 1656 годзе браў удзел у перамовах з Даніяй і Галяндыяй у Гданьску, дзе і памёр.
Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіюм, касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Алыцы.
Першы раз ажаніўся ў 1618 годзе з Рэгінай фон Айзэнрайх (пам. 1637), удавой ваяводы берасьцейска-куяўскага Міхала Дзялінскага[2], другі — 30 сакавіка 1638 году з Ганнай Крыстынай (1618—1667), дачкой ваяводы рускага і кракаўскага Станіслава Любамірскага (1583—1649) і Соф’і Астроскай (1590—1622). Не пакінуў нашчадкаў.
Спачыў у калегіяце Найсьвяцейшай Тройцы ў Алыцы (у 1946 годзе парэшткі князя перапахавалі ў супольнай магіле на каталіцкіх могілках). Па ягонай сьмерці ўся спадчына перайшла да нясьвіскіх ардынатаў.
Творчасьць


Альбрэхт Станіслаў Радзівіл — аўтар і перакладнік каталіцкіх рэлігійных твораў. Напісаў на лаціне «Кароткі выклад падзеяў у Каралеўстве Польскім у часы панаваньня Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казімера» (частковая публікацыя ў польскім перакладзе Э. Катлубаем у 1848 годзе) і падрабязны «Дыярыюш» за 1632—1656 гады — каштоўную крыніцу пра ўнутраную і вонкавую палітыку Рэчы Паспалітай (упершыню выйшлі ў польскім перакладзе Э. Рачынскім у 1839 годзе)[3].
У адрозьненьне ад іншых твораў мэмуарнай літаратуры сярэдзіны XVII ст. «Дыярыюш» А. С. Радзівіла мае мастацкую суцэльнасьць, якая адлюстроўвае размаітасьць жыцьця, адзінства індывідуальнага чалавечага лёсу ў складаным і шматгранным сьвеце. Калі раней аўтабіяграфічная літаратура толькі падыходзіла да адлюстраваньня складанасьцяў у характары героя, то ўзбагачэньне вобразнага сьвету коштам выкарыстаньня барокавай паэтыкі і паглыбленьне самааналізу ў «Дыярыюшы» зрабіла такі паказ магчымым і эстэтычна апраўданым[4].
Бібліяграфія
- Memoriale remm gestanim in Polonia, 1632—1656. T. 1—5. Wrocław etc., 1968—75;
- Rys panowania Zygmunta III // Athenaeum. 1848. T. 3, z. 4 (польскі пераклад);
- Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1—3. Warszawa, 1980 (польскі пераклад);
- Дыярыюш аб падзеях у Польшчы // Спадчына. 1995. № 6; 1996. № 1—3 (беларускі пераклад).
Галерэя
- Іканаграфія Альбрэхта Станіслава Радзівіла
- Невядомы мастак, 1646—53 гг.
- Фрагмэнт абраза Каранацыі Панны Марыі ў Буцку Велькім, XVII ст.
- З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 г.
- М. Бусэ, 1839 г.
- М. Бусэ, 1839 г.
- М. Старкман, 1857 г.
- Невядомы мастак, 1863 г.
- Р. Жукоўскі, XIX ст.
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт 1640-х гадоў пэндзля Пітэра Данткерса дэ Рыя зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.