![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/07/Eskimo%25E2%2580%2593Aleut_-01.svg/langbe-tarask-640px-Eskimo%25E2%2580%2593Aleut_-01.svg.png&w=640&q=50)
Эскімоска-алеуцкія мовы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Эскімоска-алеу́цкія мовы (таксама вядомыя як эскалеуцкія[1] альбо інуіцка-юпіцка-унанганскія[2]) — адна зь першасных моўных сем'яў, на мовах якой размаўляюць у Алясцы, поўначы Канады, Грэнляндыі і ўсходнім ускрайку Чукоцкага паўвостраву. Падзяляецца на дзьве галіны — эскімоскую і алеуцкую.
Эскімоска-алеуцкая сям’я | |
эскалеуцкая, інуіцка-юпіцка-унанганская | |
Народнасьць | эскімосы, алеуты |
---|---|
Арэал | Аляска, паўночная Канада, Грэнляндыя, поўнач Далёкага Ўсходу Расеі |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Эскімоска-алеуцкая сям’я |
Склад |
эскімоскія,
алеуцкія галіны
|
Колькасьць носьбітаў | блізу 85 000 чал. |
ISO 639-5: | esx |
![]() |
Алеуцкая галіна ў сваім складзе зьмяшчае толькі адну мову — алеуцкую, распаўсюджаную на Алеуцкіх астравох і астравох Прыбылова, што на паўднёвы захад ад Аляскі. Мова падзяляецца на некалькі дыялектаў.
Эскімоская галіна мае падзел на дзьве групы, юпіцкую і інуіцкую. Юпіцкая група складаецца зь некалькіх моваў, распаўсюджаных на захадзе і паўднёвым захадзе Аляскі, а таксама на ўсходзе Чукоткі. Інуіцкая група мае ў сваім складзе толькі адну мову (інуіцкая мова), распаўсюджаную на паўночны ўсход ад арэалу юпіцкіх моваў, а менавіта на поўначы Аляскі, Канадзе і Грэнляндыі. Інуіцкая мова ахоплівае вялікую тэрыторыю і падзяляецца на некалькі дыялектаў. Геаграфічна суседнія дыялекты лінгвістычна вельмі блізкія адзін да аднаго, тады як дыялекты краёў арэалу інуіцкае мовы (напрыклад, астравоў Дыяміда, што паміж Чукоткай і Аляскай, і ўсходу Грэнляндыі) маюць вялікія адрозьненьні[3], праз што інуіцкую мову нярэдка могуць лічыць некалькімі асобнымі мовамі.
Існуе сірэніцкая мова, клясыфікацыя якой як эскімоска-алеуцкай даведзеная, аднак ня вызначаная яе пазыцыя адносна галінаў сям'і. Некаторымі дасьледаваньнямі мова лічыцца як частка юпіцкіх[4], тады як паводле іншых зьвестак мова лічыцца трэцяй, асобнай галіной у складзе эскімоска-алеуцкае сям'і нараўне зь юпіцкай ды інуіцкай.
Паводле дасьледаваньняў амэрыканскага Цэнтру карэнных моваў Аляскі, агульная прамова (мова-продак) эскімоска-алеуцкіх моваў падзялілася на эскімоскую ды алеуцкую галіны прынамсі ў раёне 2000 г. да н. э.[3][5]. Каля 500—1000 гг. н.э. эскімоскія мовы падзяліліся на юпіцкую, інуіцкую групы[5], а таксама, верагодна, на сірэніцкую мову.
Эскімоска-алеуцкія мовы ў культуралягічным і этнаграфічным пляне адносяцца да адных з аўтахтонных моваў Паўночнай Амэрыкі. Тым ня менш, у лінгвістычным дачыненьні эскімоска-алеуцкія мовы ня маюць сувязяў зь іншымі сем'ямі аўтахтонных моваў Паўночнай Амэрыкі[5], а таксама, як лічыцца, прадстаўляюць зь сябе вынік апошняга дагістарычнага перасяленьня людзей з Азіі.