Цьвёрдае цела
стан матэрыі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Цьвёрдае цела — агрэгатны стан рэчыва, які характаразуецца стабільнасьцю формы і характарам цеплавога руху атамаў, якія ажыцьцяўляюць малыя ваганьні каля палажэньняў раўнавагі. Зьяўляецца адным з трох асноўных станаў рэчыва (разам з вадкасьцю і газам). Адрозьніваюць крышталічныя і аморфныя цьвёрдыя целы. Крышталы характарызуюцца прасторавай пэрыядычнасьцю ў разьмяшчэньні раўнаважных палажэньняў атамаў. У аморфных целах атамы вагаюцца вакол хаатычны разьмешчаных пунктаў. Паводле клясычнага ўяўленьня, устойлівым станам (зь мінімумам патэнцыйнай энэргіі) цьвёрдага цела зьяўляецца крышталічны. Аморфнае цела знаходзіцца ў мэтастабільным стане і зь цягам часу павінна перайсьці ў крышталічны стан, аднак час крышталізацыі настолькі вялікі, што мэтастабільнасьць зусім не праяўляецца.
- Атамы і малекулы, зь якіх складаецца цьвёрдае целы, шчыльна ўпакаваны разам. Іншымі словамі, малекулы цьвёрдага цела практычна захоўваюць сваё ўзаемнае палажэньне адносна іншых малекулаў і ўтрымліваюцца паміж сабой міжмалекулярным узаемадзеяньнем.
- Многія цьвёрдыя целы ўтрымліваюць у сабе крышталічныя структуры. У мінэралёгіі і крышталяграфіі пад крышталічнай структурай маецца на ўвазе вызначаны парадак атамаў у крыштале. Крышталічная структура складаецца з элемэнтарных ячэек, набору атамаў разьмешчаных у асаблівым парадку, які пэрыядычна паўтараецца ва ўсіх кірунках прасторавай кратай. Адлегласьці паміж элемэнтамі гэтай краты ў розных кірунках называюць парамэтрам гэтае краты. Крышталічная структура і сымэтрычнасьць іграюць ролю ў вызначэньні мноства ўласьцівасьцяў, такія як спайнасьць крышталя, электронная зонная структура і аптычныя ўласьцівасьці.
- Пры прымяненьні дастатковай сілы любая з гэтых уласьцівасьцяў можа быць парушана, выклікаючы дастатковую дэфармацыю.
- Цьвёрдыя целы валодаюць цеплавой энэргіяй, такім чынам іх атамы ажыцьцяўляюць вагальны рух. Тым ня менш гэты рух нязначны і ня можа назірацца ці быць адчутым пры нармальных абставінах.
У гэтым артыкуле няма спасылак на крыніцы інфармацыі. |
Разьдзел фізыкі, які вывучае цьвёрдыя целы называецца фізыкай цьвёрдага цела і зьяўляецца падразьдзелам фізыкі кандэнсаваных асяродзьдзяў. Матэрыялазнаўства галоўным чынам разглядае пытаньні, зьвязаныя з уласьцівасьцямі цьвёрдых целаў, такімі як цьвёрдасьць, мяжа трываласьці, супраціўленьне матэрыялу нагрузкам, а таксама фазавыя пераўтварэньні. Гэта значным чынам супадае з пытаньнямі, якія вывучаюцца фізыкай цьвёрдага цела. Хімія цьвёрдага стану перакрывае пытаньні, якія разглядаюцца абодвумя гэтымі разьдзеламі ведаў, але асабліва закранае пытаньні сынтэзаваньня новых матэрыялаў.