![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/7d/El_Se%25C3%25B1or_de_los_Anillos_lectura.jpg/640px-El_Se%25C3%25B1or_de_los_Anillos_lectura.jpg&w=640&q=50)
Уладар Пярсьцёнкаў
фэнтэзійны раман Дж. Р. Р. Толкіна / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Улада́р Пярсьцёнкаў» (па-ангельску: The Lord of the Rings) — эпічная фэнтэзійная трылёгія ангельскага філёляга і прафэсара Оксфардзкага ўнівэрсытэту Джона Рональда Руэла Толкіна. Сьпярша кніга плянавался як звычайны працяг фэнтэзійнага дзіцячага раману 1937 року «Хобіт», але ў выніку вырасла ў самы вядомы твор жанру фэнтэзі.
- Гэта артыкул пра раман. Калі вам патрэбны артыкул пра фільм, глядзіце артыкул Уладар Пярсьцёнкаў (кінатрылёгія).
Уладар Пярсьцёнкаў | |
The Lord of the Rings | |
![]() Пярсьцёнак-гаспадар | |
Аўтар | Дж. Р. Р. Толкін |
---|---|
Жанры | Фэнтэзі, прыгоды |
Краіна | Вялікабрытанія |
Мова арыгіналу | ангельская |
Кнігі | Зьвяз Пярсьцёнка Дзьве вежы Вяртаньне караля |
Выдавецтва | George Allen & Unwin |
Старонак | 1216 |
Выданьне | 1954—1955 |
Папярэдняя | Хобіт |
Трылёгія была напісаная паміж 1937 і 1949 рокамі, значная частка ў тым ліку падчас Другой сусьветнай вайны[1]. Кніга займае трэцяе месца ў сьпісе бэстсэлераў з больш за 150 мільёнамі прададзеных асобнікаў[2].
Раман структурна падзелены на шэсьць частак, але Джон Рональд Руэл Толкін намерваўся выдаць яго як адзіную кнігу. Аднак з-за вялікага аб’ёму і эканамічных чыньнікаў выдавец вырашыў апублікаваць яго ў трох тамох (па дзьве кнігі ў кожным), і цяпер раман вядомы выключна як трылёгія[3][4][5], кнігі якой называюцца «Зьвяз Пярсьцёнка», «Дзьве вежы» і «Вяртаньне караля».
Назва раману адсылае да гісторыі галоўнага антаганіста, Цёмнага лорда Саўрона, які ў ранейшыя часы выкаваў пярсьцёнак для валоданьня іншымі дзевятнаццацьцю як наймагутнейшай зброяй у сваёй кампаніі па заваёве і валадараньні ўсім Міжзем’ем. Ад спакойнага зачыну ў Шыры, зямлі, дзе пражываюць хобіты, гісторыя пераходзіць да паўночна-заходняга Міжзем’я, апісваючы вайну Пярсьцёнка вачыма яе ўдзельнікаў, галоўнымі зь якіх па кнізе зьяўляюцца хобіты Фрода Торбінс, Сэмвайз «Сэм» Гэйхад, Мэрыядок «Мэры» Бронь-Быч і Перэгрын «Піпін» Хват, а таксама іхнія хаўрусьнікі і падарожнікі Арагорн, чалавек-сьледапыт з Поўначы; Барамір, чалавек з Гондару; Гімлі, гном-ваяр; Легалас, эльфійскі прынц; Гэндальф, чараўнік.