From Wikipedia, the free encyclopedia
Троцкі замак на высьпе або Новы замак — помнік архітэктуры XIV—XV стагодзьдзяў у Троках, рэзыдэнцыя гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага. Уваходзіў у лінію фартыфікацыяў Ліда — Наваградак — Крэва — Меднікі. Знаходзіцца ў паўночнай частцы места, на высьпе возера Гальвы. Твор гатычнай архітэктуры ВКЛ. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Помнік абарончай архітэктуры | |
Троцкі замак на высьпе | |
Краіна | Летува |
Места | Трокі |
Каардынаты | 54°38′20″ пн. ш. 24°56′10″ у. д. |
Архітэктурны стыль | гатычная архітэктура |
Троцкі замак | |
Троцкі замак на Вікісховішчы |
Будаваньне новага мураванага замка ў Троках вялося вялікім князем Вітаўтам у канцы XIV — першай палове XV стагодзьдзяў. Па Грунвальдзкай бітве (1410 год) замак страціў сваё вайсковае значэньне і пачаў выкарыстоўвацца як адна з рэзыдэнцыяў вялікіх князёў, месца ўрачыстых прыёмаў дыпляматаў. Тады ж сьцены замка аздобілі фрэскамі. Паміж 1413 і 1430 гадамі Ягайла наведваў замак 13 разоў. У 1430 годзе тут памёр Вітаўт. Пазьней замак неаднаразова перабудоўваўся і прыстасоўваўся да патрэбаў сваіх гаспадароў: за Жыгімонтам Аўгустам яго аднавілі як летнюю каралеўскую рэзыдэнцыю ў стылі рэнэсансу[1].
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе замак зруйнавалі маскоўскія захопнікі.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Трокі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, паскорыўся заняпад замка. У 1822 годзе мастак Вінцэнт Смакоўскі ў адной з заляў першага паверху знайшоў і замаляваў эскізы 12 фрагмэнтаў фрэсак, апублікаваныя ў 1841 годзе.
У 1904 годзе ў замку правялі першыя дасьледніцкія і кансэрвацыйныя працы.
У 1929—1931 і 1936—1940 гадох дасьледаваньне замка і кансэрвацыя яго руінаў працягнуліся.
У 1955—1962 гадох улады Летувіскай ССР правялі маштабную рэканструкцыю замка, што выклікала незадавальненьне цэнтральнай савецкай прэсы. У 1962 годзе ўсярэдзіне замка адкрыўся музэй гісторыі Трокаў.
Займае цалкам ізаляваную водамі возера выспу. Мяркуецца, што будаваўся паводле ўзораў ордэнскай архітэктуры і пад уплывам замкаў Францыі і Нідэрляндаў. Увасобіў найлепшыя дасягненьні фартыфікацыі свайго часу: княскі палац ў выглядзе крыжацкага канвэнтгаўза зь вежай-бэргфрыдам умацоўваўся невялікай сьцяной-цьвінгерам пэрымэтрам і з боку галоўнага ўваходу прыкрываўся магутным прадзамчам ці форбургам з трыма мураванымі вежамі і арсэналам. Асноўны будаўнічы матэрыял — палявыя камяні. Верхнія часткі фасадаў, скляпеньні, аконныя і дзьвярныя праёмы выкладаюццы з цэглы.
Рэзыдэнцыйная частка ў пляне мае форму прастакутніка і атачаецца мурамі, асобныя праслы якіх умацоўваюцца контрфорсамі. У цэнтры дзядзінца — два 2-павярховыя прастакутныя ў пляне палацавыя карпусы, злучаныя драўлянымі галерэямі. Памяшканьні палаца аздабляліся паліхромным сьценапісам сьвецкага зьместу. Рэпрэзэнтацыйная заля з зоркавымі скляпеньнемі знаходзілася на другім ярусе правага корпуса і мела памеры 10 на 21 мэтар і вышыню 5,5 мэтра. Уваход у рэзыдэнцыю быў праз 6-ярусны данжон вышынёй каля 34 мэтраў, архітэктура якога падкрэсьлівала высокі палітычны статус уладальніка замка. Рэзыдэнцыйная частка аддзялялася ад форбургу ровам з вадой, цераз які перакідваўся мост.
Форбург у пляне мае форму трапэцыі. Ён атачацца выкладзенымі ў тэхніцы гатычнай муроўкі сьценамі з трыма 5-яруснымі вежамі, якія маюць у аснове квадрат, вышэй — круг. У вежах разьмяшчаліся гарматы. У паўднёва-заходнім муры месьціцца вежа-брама. Дзядзінец з заходняга і ўсходняга бакоў атачаецца казэматамі[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.