Сілаба-танічнае вершаваньне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сіла́ба-тані́чнае вершава́ньне — сыстэма вершаваньня, у аснове якой — раўнамернае чаргаваньне націскных і ненаціскных складоў. Ужываецца перш за ўсё ў мовах зь пераменным месцам націску (расейскай, украінскай, беларускай, ангельскай, нямецкай і інш.). Рытм сілаба-танічнага верша ствараецца таксама чаргаваньнем у вершаваных радках аднолькавай колькасьці складоў (як у сілабічным вершаваньні). Адсюль і назва гэтай сыстэмы. Ёсьць у ёй і шэраг іншых рытмастваральных кампанэнтаў (аднолькавая колькасьць адных і тых жа стопаў у радках, упарадкаванае чаргаваньне рыфмаў, кляўзулаў, розных паўзаў і інш.), па багацьці якіх сілаба-танічнае вершаваньне пераўзыходзіць усе іншыя сучасныя вершаваныя сыстэмы.
Сілаба-танічнае вершаваньне карыстаецца пяцьцю мэтрамі (ямбічным, харэічным, дактылічным, амфібрахічным і анапестычным) і вялікай колькасьцю вершаваных памераў.