Сэрбскахарвацкая мова
паўднёваславянская мова / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сэрбскахарва́цкая ці харвацкасэ́рбская мо́ва (таксама сэрбская або харвацкая, харвацкая аб сэрбская) (у арыгінале srpskohrvatski/cрпскохрватски, hrvatskosrpski, hrvatski ili srpski, srpski ili hrvatski) — паўднёваславянская мова.
Сэрбскахарвацкая | |
српскохрватски / hrvatskosrpski hrvatski ili srpski / српски или хрватски | |
Ужываецца ў | Сэрбіі, Босьніі і Герцагавіне, Чарнагорыі, Харватыі (пад рознымі назвамі) і іншых краінах |
---|---|
Рэгіён | Цэнтральная Эўропа, Паўднёвая Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | каля 15,7 мільёнаў[1] |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская Славянская |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | - |
Пісьмо | гаевіца[d], сэрбскі кірылічны альфабэт, кірыліца і лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | sh |
ISO 639-2(Б) | scr, scc |
ISO 639-2(Т) | - |
ISO 639-3 | hbs |
SIL | - |
Тэрмін «сэрбскахарвацкая мова» выкарыстоўваўся для абагульненьня пад адной назвай сукупнасьці дыялектаў, якія ўжываюцца ў Сэрбіі, Чарнагорыі, Босьніі і Герцагавіне і Харватыі. Афіцыйная мова Югаславіі (разам са славенскай, пазьней і македонскай) з 1918 да 1991 году.
Літаратурны стандарт базаваўся на штокаўскім дыялекце і дапускаў экаўскі і іекаўскі варыянты (неафіцыйна яны лічыліся «ўсходнім» (сэрбскім) і «заходнім» (харвацкім) варыянтамі літаратурнай мовы). Да таго ж, фармальна дыялектамі сэрбскахарвацкай лічыліся кайкаўскі і чакаўскі дыялекты, але яны не былі ў афіцыйным ужытку.
Упершыню тэрмін «сэрбскахарвацкая мова» быў выкарыстаны славенскім філёлягам Ярнеем Копітарам у ліставаньні ў 1836 годзе, хоць нельга выключыць, што Копітар пазнаёміўся з гэтым тэрмінам, чытаючы рукапіс працы славацкага філёляга Шафарыка «Slovanské starožitnosti» («Славянскія старажытнасьці»), якая была надрукаваная ў 1837 годзе.
З распадам Югаславіі афіцыйнымі мовамі новаствораных дзяржаў сталіся сэрбская, харвацкая, басьнійская, чарнагорская мовы. Тэрмін «сэрбскахарвацкая мова» пачаў зьнікаць з ужытку, спачатку з афіцыйных дакумэнтаў, пасьля паступова і зь лінгвістычнай літаратуры. Сёньня найменьне «сэрбскахарвацкая мова» зьяўляецца дыскусійным гістарычна-палітычным пытаньнем. Шматлікія носьбіты лічаць тэрмін «сэрбскахарвацкая» палітычна некарэктным і нават абразьлівым. Іншыя працягваюць ужываць гэты тэрмін.
Сярод лінгвістаў няма адзінага погляду на лёс тэрміну. Ён усё яшчэ выкарыстоўваецца, дзякуючы ляканічнасьці пры абазначэньні сукупнасьці некалькі моваў. Альтэрнатыўная назва басьнійская/харвацкая/сэрбская мова (БХС) зьявілася ў афіцыйным ужытку ў замежжы. У рэгіянальнай лінгвістыцы існуе таксама тэрмін «цэнтральная паўднёваславянская дыясыстэма».
Узаемна зразумелыя формы сэрбскахарвацкай мовы працягваюць выкарыстоўвацца пад рознымі назовамі ў Сэрбіі, Чарнагорыі, Харватыі і Босьніі і Герцагавіне.