Сьнег
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сьнег — атмасфэрны ападак крышталікаў лёду ў выглядзе шасьцікутных зорак, злучаных у шматкі сьнегу. Апады сьнегу, спалучаныя з халодным ветрам, называюць завірухай. Зярністы сьнег — сьнег у выглядзе вельмі малых крышталікаў лёду зь сярэднім памерам меней за 1 мм. Сьнежны покрыў мае дужае экалягічнае значэньне, ахоўвае глебу і расьліны ад моцных маразоў[1].
Сьнег ёсьць адной з прамежкавай стадыяў замарожанай крышталічнай вады ў ейным жыцьцёвым цыклі, пачынаючы з моманту, калі яна крышталізуецца ў атмасфэры і да выпадзеньня, уляганьня і назапашваньня на паверхні, а ў канчатковым рахунку раставаньня і ператварэньня ў ваду. Назапашаны сьнег, выпалы на зямлю, утварае сьнежныя гурбы. З часам такія гурбы зьведваюць мэтамарфозы, шляхам размарожваньня і адтаваньня. Там, дзе клімат дастаткова халодны для назапашваньня кожны год нерасталых гурбаў сьнегу, можа ўтварыцца ледавік. У адваротным выпадку, як правіла, сьнег растае сэзонна, у выніку чаго ручаі і рэкі сілкуюцца расталай вадой, а таксама папаўняюцца запасы падземных водаў.
Асноўныя засьнежныя вобласьці Зямлі ўключаюць у сябе палярныя вобласьці, верхнюю палову паўночнага паўшар’я і горных раёны па ўсім сьвеце, дзе дастаткова вільгаці і назіраюцца нізкія тэмпэратуры. У паўднёвым паўшар’і, сьнег абмежаваны ў асноўным горнымі раёнамі, акрамя Антарктыды[2].