Рух за жыцьцё
міжнародны грамадзкі рух у абарону права на жыцьцё чалавека з часу зачацьця / From Wikipedia, the free encyclopedia
Рух за жыцьцё — міжнародны грамадзкі рух у абарону права на жыцьцё чалавека з часу зачацьця.
Узьнік у адказ на пераўтварэньне акушэрства з родадапамогі ў пераважна ўчыненьне спарону без патрэбы ратаваньня жыцьця цяжарнай жанчыны. Прадугледжвае вяртаньне да чалавечнага падыходу ў мэдыцыне з ратаваньнем жыцьцяў абодвух пацыентаў пры цяжарнасьці — маці і дзіця. Прызнае спарон у якасьці грамадзкай зьявы, што нішчыць жыцьцё дзіцяці і здароўе жанчыны. Прапануе выкладаньне са школы пра каштоўнасьць чалавечага жыцьця з моманту зачацьця. Выступае ў абарону права на нараджэньне дзіцяці і на мацярынства ад абмежаваньняў і грэбаваньня. Таксама рух патрабуе адкрыцьця службаў дапамогі ў захаваньні цяжарнасьці пры паліклініках з удзелам акушэра-гінэколяга, псыхоляга, сацыяльнага працаўніка і праўніка. Пры гэтым прапануецца адмовіцца ад службаў «плянаваньня сям’і», якія схіляюць падлеткаў да раньняга сэксуалізаваньня, якое праз пашырэньне спаронаў вядзе да росту захваральнасьці на бясплоднасьць. Сярод іншага, рух за жыцьцё бароніць захаваньне жыцьця дзяцей з сындромам Даўна і выступае за дапамогу бацькам і матулям пры нараджэньні і выхаваньні дзяцей з парушэньнямі ў разьвіцьці[1].
Адпаведна рух падтрымлівае патрабаваньне да ўрадаў «забясьпечваць у максімальна магчымай ступені выжываньне» дзяцей незалежна ад нараджэньня паводле Канвэнцыі аб правах дзіцяці 1989 году, прэамбула якой падкрэсьлівае: «дзіця, з прычыны яго фізычнай і разумовай нясталасьці, мае патрэбу ў спэцыяльнай ахове і клопаце, уключаючы належную прававую абарону, як да, так і пасьля нараджэньня»[2].