Роды
заканчэньне цяжарнасьці, пры якім нараджаецца дзіця / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ро́ды — фізыялягічны працэс заканчэньня цяжарнасьці, пры якім нараджаецца дзіця з дадатковымі зародкавымі ўтварэньнямі, як то пляцэнта, абалонка і каляплодныя воды.
Адбываюцца пры ўзаемадзеяньні родавых сілаў схватак і патугаў з плодам у час яго праходжаньня па родавых шляхах. Звычайна плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным разьмяшчэньні галоўкай. Зрэдку — тазам уніз. Працягласьць першых родаў складае 8—12 гадзінаў, а паўторных — 6—10 гадзінаў. Пэрыяды: 1) раскрыцьцё шыйкі маціцы, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пухір і выходзяць каляплодныя воды; 2) выгнаньне плода з дапамогай патугаў; 3) пасьлед і яго абалонка выдаляецца ад схаватак і патугаў. Віды: тэрміновыя — на 38—41 тыдзень цяжарнасьці, заўчасныя — 22—37 тыдняў, запозьненыя — пасьля 42-га тыдня. Хваратворна могуць праходзіць ад зьмяненьня родавых шляхоў, хваробаў цяжарных, адхіленьняў у плодзе і папярочнага яго разьмяшчэньня, а таксама ад слабасьці і нерытмічнасьці родавых сілаў. У такіх надзвычайных выпадках пры нараджэньні дзіцяці выкарыстоўваюць кесарава сячэньне. Ускладненьнем бывае крывацёк або родавая траўма жанчыны або плода. Роды могуць прымаць у радзільні[1].
У 2013 годзе ў ЗША на заўчасныя роды прыпала 12,5 % усіх родаў[2].