Расстралянае адраджэньне
зьнішчэньне ўкраінскай культурнай эліты ў сталінскіх рэпрэсіях / From Wikipedia, the free encyclopedia
Расстраля́нае адраджэ́ньне (па-ўкраінску: Розстріляне відродження), таксама Чырвоны рэнэсанс (па-ўкраінску: Червоний ренесанс)[1] — духоўна-культурнае і літаратурна-мастацкае пакаленьне 20-х гг. XX ст. ва Ўкраіне, якое дало высокамастацкія творы ў галіне літаратуры, філязофіі, жывапісу, музыкі, тэатру, і якое было зьнішчана ў час сталінскіх рэпрэсій[2][3].
Кульмінацыяй рэпрэсій стаў расстрэл 3 лістапада 1937 году. У гэты дзень былі расстраляныя Лесь Курбас, Мікола Куліш, Мацьвей Яворскі, Уладзімер Чахоўскі, Валяр'ян Падмагільны, Павел Філіповіч, Валяр'ян Палішчук, Клім Палішчук, Рыгор Эпік, Міраслаў Ірчан, Марк Вараны, Міхаіл Казарыс, Алекса Слісарэнка, Міхаіл Ялавы і іншыя — усяго больш за сто прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі. Да гэтага былі арыштаваны і пакараны сьмерцю мастакі-манумэнталісты браты Цімафей і Міхаіл Байчукі і мастакі іх кола, рух якіх вядомы ў мастацтвазнаўстве як «байчукізм».
Тэрмін «расстралянае Адраджэньне» ўпершыню прапанаваў літаратуразнавец Юры Лаўрыненка[2], выкарыстаўшы яго як назву для лепшых тэкстаў украінскай паэзіі і прозы 1920—1930-х гадоў. Пад гэтай назвай у 1959 годзе ў Парыжы пад рэдакцыяй Лаўрыненкі (з удзелам Юрыя Шавялёва-Шэраха і іншых) выйшла анталёгія ўкраінскай паэзіі і прозы 1917—1933 гадоў. У яе ўвайшлі творы ня толькі расстраляных у літаральным сэнсе слова, але і тых, хто перайшоў да афіцыёзнай літаратуры і стаў сьпяваць дыфірамбы палітыцы СССР: (Паўло Тычына, Мікола Бажан), знаходзіўся ў зьняволеньні (Барыс Антаненка-Давыдавіч, Астап Вішня, Максім Рыльскі). Шмат з тых, чые творы патрапілі ў анталёгію, яшчэ жылі ў той час.
Юры Лаўрыненка стаў ужываць тэрмін з 1944—1945-х гадоў, але ў сталым звароце ён пачаў выкарыстоўвацца пасьля выданьня ў 1959 годзе аднайменнай анталёгіі[3].