Ота фон Бісмарк
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ота Эдуард Леапольд фон Бісмарк-Шонгаўзэн (па-нямецку: Otto Eduard Leopold von Bismarck-Schönhausen; 1 красавіка 1815 — 30 ліпеня 1898) — князь, палітык, дзяржаўны дзяяч, першы канцлер Нямецкай імпэрыі, празваны «жалезным канцлерам». Меў ганаровы чын прускага генэрал-палкоўніка ў рангу генэрал-фэльдмаршала з 20 сакавіка 1890 году.
У Прускім каралеўстве Бісмарк заслужыў сярод кансэрватараў славу прадстаўніка інтарэсаў юнкераў, служыў дыпляматам з 1851 па 1862 гады ў часы рэакцыі. У 1862 годзе быў прызначаны міністрам-старшынём урада Прусіі. Падчас канстытуцыйнага крызісу выступаў супраць лібэралаў у абарону манархіі. Зьяўляючыся міністрам замежных справаў, ператварыў Прусію ў дамінуючую сілу ў Нямеччыне пасьля Дацкай вайны 1864 году. У Франка-прускай вайне 1870—1871 гадох выступаў рухаючай сілай рашэньня нямецкага пытаньня паводле маланямецкаму шляху й удзельнічаў у стварэньні Другога Райха.
Знаходзячыся на пасадзе райсхканцлера й прускага міністра-старшыні, ён меў значны ўплыў на палітыку створанага Райху да сваёй адстаўкі ў 1890 годзе. У замежнай палітыцы Бісмарк прытрымліваўся прынцыпу балянсу сілаў, то бок эўрапейскай раўнавагі. У 1878 годзе арганізаваў Бэрлінскі кангрэс.
Ва ўнутранай палітыцы час яго кіраваньня з 1866 году можна разьбіць на дзьве фазы. Спачатку ён заключыў зьвяз з памяркоўнымі лібэраламі. У гэты пэрыяд адбыліся шматлікія ўнутраныя рэформы, напрыклад, укараненьне грамадзянскага шлюбу, які быў выкарыстаны Бісмаркам для паслабленьня ўплыву каталіцкай царквы. Пачынаючы з канца 1870-х гадоў Бісмарк аддзяліўся ад лібэралаў. На працягу гэтай фазы ён зьвяртаўся да палітыкі пратэкцыянізму й дзяржаўнага ўмяшаньня ў эканоміку. У 1880-я гады дзякуючы Бісмарку быў укаранёны антысацыялістычны закон. Рознагалосьсі з тагачасным кайзэрам Вільгельмам II прывялі да адстаўкі Бісмарка.
У наступныя гады Бісмарк гуляў прыкметную палітычную ролю, крытыкуючы сваіх пераемнікаў. Дзякуючы папулярнасьці сваіх мэмуараў Бісмарку атрымоўвалася доўгі час ўплываць на фармаваньне ўласнага ладу ў грамадзкай сьвядомасьці.
Да сярэдзіны XX стагодзьдзя ў нямецкай гістарычнай літаратуры дамінавала, безумоўна, станоўчая адзнака ролі Бісмарка як палітыка, адказнага за аб’яднаньне нямецкіх княстваў у адзіную нацыянальную дзяржаву, што часткова задавальняла нацыянальным інтарэсам. Пасьля сьмерці ў ягоны гонар былі ўсталяваныя шматлікія помнікі як сымбалю моцнай асабістай улады. Ім была створана новая нацыя й увасоблены прагрэсіўныя сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня. Бісмарк, зьяўляючыся на прысягу да каралю, ўзмацніў дзяржаву моцнай, добра падрыхтаванай бюракратыяй. Пасьля Другой сусьветнай вайны сталі гучаць крытычныя галасы, якія абвінавачвалі Бісмарка, у прыватнасьці, у згортваньні дэмакратыі ў Нямеччыне. Больш увагі надавалася недахопаў ягонай палітыкі, а дзейнасьць разглядалася ў бягучым кантэксьце.