рэзыдэнцыя вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх у складзе комплексу віленскіх замкаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Ніжні або Дольны замак, таксама Віленскі палац вялікіх князёў — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XVII стагодзьдзяў у Вільні, рэзыдэнцыя гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага ў другой чвэрці XVI — сярэдзіне XVII ст. Знаходзіцца ў Старым Месьце каля Катэдры, на Катэдральным пляцы[a]. Твор архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсансу і раньняга барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Дольны замак па аднаўленьні | |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°41′09″ пн. ш. 25°17′21″ у. д. |
Архітэктурны стыль | Адраджэньне |
Аўтар праекту | Барталямэа Бэрэччы[d] |
Статус | Ахоўная зона |
Сайт | valdovurumai.lt (лет.) |
Палац вялікіх князёў літоўскіх | |
Палац вялікіх князёў літоўскіх на Вікісховішчы |
Уваходзіць у комплекс віленскіх замкаў. Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай улады Расейскай імпэрыі загадалі зьнішчыць палац гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага, у 2009 годзе скончылася яго адбудова. Тут разьмясьціўся Нацыянальны музэй Палац вялікіх князёў літоўскіх.
Мураваны Дольны замак у Вільні збудавалі за часамі вялікага князя Аляксандра ў позьнегатычным стылі[1]. Аднак няма гістарычна дакладных зьвестак пра тое, што ў XIV—XV стагодзьдзях тут была рэзыдэнцыя вялікіх князёў. Тым часам у другой палове XIV — пачатку XV ст. 3-павярховы княскі палац збудавалі ў Верхнім замку, раней жа рэзыдэнцыйныя функцыі, магчыма, выконваў мураваны будынак, збудаваны на мяжы XIII і XIV стагодзьдзяў каля заходняй падэшвы Замкавай гары.
Вялікі князь Жыгімонт Стары загадаў рэканструяваць Дольны замак у рэзыдэнцыю вялікіх князёў у рэнэсансным стылі, будаўнічыя працы даручылі архітэктарам Барталамеа Берэці, Бэрнарзіна Дзанобі дэ Дж'яноцісу і Бэнэдыкту з Сандаміру. Усходні і паўднёвы флігелі палаца скончылі ўжо ў 1520—1530-я гады[2]. У час пажару 1530 году, які зьнішчыў значную частку места, палац ацалеў.
За часамі Жыгімонта Аўгуста ў 1544 годзе збудавалі новае крыло Дольнага замка, якое сталі называць Новым палацам. Будаўнічымі працамі кіраваў Джавані Чыні пры ўдзеле Джамарыі Москі і Філіпа Барталамеа да Ф'есоле. У 1544—1548 гадох Жыгімонт Аўгуст жыў у палацы, ён заснаваў тут вялікую бібліятэку і багатую калекцыю твораў мастацтва. 4 кастрычніка 1562 году тут адбылося вясельле сястры вялікага князя Кацярыны Ягелонкі і швэдзкага прынца герцага фінлядзкага Яна, а таксама рыцарскі турнір у двары палаца з нагоды ўрачыстасьці. Пазьней тут спыняліся і жылі каралі і вялікія князі Стэфан Баторы, Жыгімонт Ваза, Уладзіслаў Ваза[3].
У 1610 годзе замак згарэў[4], але неўзабаве яго аднавілі ў стылі маньерызму з выкарыстаньнем шматкаляровага мармуру і пясковіку. У 1624 годзе замак перабудавалі пад кіраўніцтвам Кастантэ Тэнкалы ў стылі раньняга барока. У 1634 годзе тут адбыліся першыя ў Вялікім Княстве Літоўскім опэрныя спэктаклі.
За часамі вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1655—1661 гадоў маскоўскія войскі значна пашкодзілі замак, па чым ён ужо ня мог выконваць функцыі каралеўскай рэзыдэнцыі. Каля 100 гадоў будынак прастаяў без рамонту. У 1766 годзе згодна з пастановай Сойму Рэчы Паспалітай памяшканьні замка здалі ў арэнду і тут пасялілся 25 радзінаў, якія зрабілі рамонт сваім коштам.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1799 годзе расейскі губэрнатар Іван Фрызель загадаў прадаць замак купцу з Крамянчуку, які разабраў яго ў 1800—1801 гадох. Атрыманую цэглу выкарысталі пры будаваньні дамоў. Захавалася толькі частка ўсходняга крыла, якую набыў і перабудаваў пад жылы дом жыдоўскі купец Абрам Шлосбэрг.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў на месцы замка збудавалі расейскую цытадэль (яе роў глыбінёй 2,4 мэтра перасёк тэрыторыю замка[5]).
У 1955—1964 гадох тэрыторыю замка дасьледавалі археолягі, але яго сыстэматычнае вывучэньня ў 1987 годзе Інстытутам кансэрвацыі помнікаў, з 1988 году дасьледаваньні працягнуў Інстытут гісторыі Летувы. У 1989 годзе выяўленыя археолягамі рэшкі замка накрылі дахам з шклаплясту і зрабілі даступнымі для наведнікаў.
У 2001 годзе Летувіскі Сойм пастанавіў аднавіць замак у якасьці рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Будаўнічыя працы пачаліся ў 2002 годзе, а 17 сакавіка 2004 году, прэм’ер-міністар Альгірдас Бразаўскас і мэр Вільні Артурас Зуокас урачыста заклалі першы камень у яго падмурак. 6 ліпеня 2009 году адбылося сымбалічнае адкрыцьцё замку ў час сьвяткаваньня тысячагодзьдзя першага гістарычнага ўпаміну пра Літву. Кошт рэканструкцыі, які пачаткова ацэньваўся крыху большым за 100 мільёнаў літаў, у выніку перавысіў 176 мільёнаў. Адбудова замка крытыкуецца праз тое, што наяўных гістарычных і іканаграфічных зьвестак бракавала дзеля навукова абгрунтаванага аднаўленьня.
Помнік архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсану і раньняга барока, прыклад італьянскага palazzo нерэгулярнага тыпу. На захадзе замак далучаўся да Катэдры, на ўсходзе — пачынаўся сад.
У пэрыяд росквіту меў у пляне форму няправільнага пяцікутніка, велічныя 3-павярховыя ўсходняе і паўднёвае крылы выходзілі аркадным кружганкам ва ўнутраны двор памерамі 50 на 50 мэтраў. Усе будынкі завяршаліся рэнэсансным атыкам. Па аднаўленьні інтэр’ер ўсходняга крыла атрымаў гатычнае афармленьне, паўднёвага крыла — рэнэсанснае, а паўднёва-заходняга — у стылі раньняга барока.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.