Мартын Лютэр
нямецкі сьвятар, багаслоў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ма́ртын Лю́тэр (па-нямецку: Martin Luther; 10 лістапада 1483 году, Айсьлебэн, Саксонія, Сьвятая Рымская імпэрыя — 18 лютага 1546 году, Айсьлебэн, Саксонія, Сьвятая Рымская імпэрыя) — нямецкі манах, былы каталіцкі сьвятар, прафэсар багаслоўя й дзяяч і пачынальнік хрысьціянскага рэфармарскага руху XVI стагодзьдзя, пасьля вядомага як пратэстанцкая Рэфармацыя[2]. Палка палемізуючы са сьцьвярджэньнем, што вызваленьне ад Боскага пакараньня за грахі можа быць выкуплена грашыма, у 1517 годзе Лютэр супрацьпаставіў гандляру індульгенцыямі Ёгану Тэцэлю свае 95 тэзісаў. Пасьля ягонай адмовы выракчыся сваіх пісаньняў, на загад рымскага папы Льва X (1520) і ў выніку Вормскага эдыкту імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Карла V (1521) Мартын Лютэр быў адлучаны ад царквы й асуджаны імпэратарам у якасьці злачынца.
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лютэр.
Мартын Лютэр | |
Martin Luther | |
Мартын Лютэр працы Люкаса Кранаха Старэйшага, 1533 год (дошка, алей) | |
Род дзейнасьці | манах, сьвятар, тэоляг, прафэсар багаслоўя, пачынальнік Рэфармацыі, заснавальнік лютэранства |
---|---|
Дата нараджэньня | 10 лістапада 1483 |
Месца нараджэньня | Айсьлебэн, Саксонія, Сьвятая Рымская імпэрыя |
Дата сьмерці | 18 лютага 1546 |
Месца сьмерці | Айсьлебэн, Саксонія, Сьвятая Рымская імпэрыя |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | немец |
Месца вучобы | |
Занятак | перакладнік, тэоляг, прафэсар, манах жабрацкага ордэна, адвакат, перакладнік Бібліі, складальнік гімнаў, пратэстанцкі рэфарматар, прэсьбітар, філёзаф, пастар, пісьменьнік, прапаведнік, кампазытар, пісар |
Навуковая сфэра | багаслоўе[1], філязофія[1], Рэфармацыя[1], літаратура[1] і пераклад[1] |
Месца працы | |
Бацька | Ганс Лютэр[d] |
Маці | Маргарэт Лютэр[d] |
Жонка | Катарына фон Бора |
Дзеці | Ганc, Элізабэт, Магдалена, Мартын, Паўль, Маргарэт |
Подпіс | |
Лютэр прапаведваў, што выратаваньне ня робіцца добрымі справамі, але атрымліваецца толькі як дарунак ласкай Боскай празь веру ў Ісуса Хрыста як Збавіцеля ад граху. Ягоная тэалёгія аспрэчвала права Папы Рымска-каталіцкай царквы, навучаючы, што Біблія зьяўляецца адзінай крыніцай абсалютных ведаў[3] у адрозьненьне ад сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, паводле якой прызнаецца ўлада духавенства[4]. Пасьлядоўнікі вучэньня Лютэра атрымалі назву лютэране, у той час, як само вучэньне было названа лютэранствам.
Ягоны пераклад Бібліі на нямецкую мову, у адрозьненьне ад клясычнай латыні, зрабіў Сьвятое Пісаньне больш даступным шырокім саслоўям, што аказала велізарны ўплыў на царкву й на нямецкую культуру. Гэта спрыяла разьвіцьцю стандартнай вэрсіі нямецкай мовы, дадало некалькі прынцыпаў у мастацтве перакладу. Ягоныя гімны паўплывалі на разьвіцьцё сьпеваў у цэрквах[5]. Шлюб Лютэра з Катарынай фон Борай усталяваў мадэль для практыкі шлюбаў у пратэстанцкіх кірунках, якія дазваляюць сьвятарам уступаць у шлюб[6].
У апошнія гады жыцьця, да пагаршэньня здароўя, у Лютэра значна актывізавалася антысэміцкая палеміка, то бок ён пісаў, што габрэйскія дамы павінны быць зьнішчаныя, сынагогі спаленыя, грошы канфіскаваныя й абмежавана свабода габрэяў. Гэтыя заявы прывялі да ягонага спрэчнага становішча[7].