From Wikipedia, the free encyclopedia
Малагасі́йская мова (таксама мальга́ская; саманазва: Malagasy, вымаўл. [ˌmalaˈɡasʲ]) — адна з моваў малайска-палінэзійскае падсям'і аўстранэзійскае сям'і моваў, распаўсюджаная на востраве Мадагаскар, а таксама на Каморскіх астравох і востраве Маёта. Адна зь дзяржаўных моваў Мадагаскару (побач з францускай) і родная мова большасьці насельніцтва краіны, распаўсюджаная таксама ў малагасійскай дыяспары. Колькасьць носьбітаў паводле зьвестак на 2007 год — прыблізна 18 млн чал.[2]
Малагасійская мова | |
Malagasy | |
Ужываецца ў | Мадагаскары, Маёце, на Каморскіх астравох |
---|---|
Рэгіён | паўднёва-ўсходняя акваторыя Індыйскага акіяну |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Аўстранэзійская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Мадагаскары |
Пісьмо | лацінскае пісьмо і Sorabe alphabet[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | mg |
ISO 639-2(Б) | mlg |
ISO 639-2(Т) | mlg |
ISO 639-3 | mlg |
Малагасійская мова зь лінгвістычнага пункту гледжаньня ня мае дачыненнья да моваў геаграфічна блізкай Афрыкі. Мова належыць да малайска-палінэзійскай падсям'і аўстранэзійскай моўнай сям'і, мовы якой распаўсюджаныя галоўным чынам у Паўднёва-Ўсходняй Азіі ды Акіяніі. Тым ня менш, у выніку гістарычнай міграцыі носьбітаў малагасійскай мовы гэтая мова распаўсюджаная значна на захад ад астатніх аўстранэзійскіх моваў, праз што такім чынам зьяўляецца найбольш заходняй мовай гэтае сям'і.
Лінгвістычная адасобленасьць малагасійскае мовы ад моваў Афрыкі была заўважаная яшчэ ў 1708 годзе нідэрляндзкім дасьледчыкам Адрыянам Рэляндам. Мова зьвязаная зь іншымі аўстранэзійскімі мовамі, маючы найшчыльнейшыя сувязі з малайска-палінэзійскімі мовамі (Інданэзія, Малайзія, Філіпіны) і, асабліва, паўднёваўсходнімі барыта мовамі, распаўсюджанымі на востраве Калімантан (аднак мае некаторыя марфафанэмічныя выключэньні)[3]. На думку брытанскага лінгвіста Робэрта Блэнча найранейшая форма малагасійскай мовы магла мець некаторую дзелю не-аўстранэзійскага субстрату[4].
На думку шэрагу дасьледчыкаў Мадагаскар быў упершыню заселены аўстранэзійскім насельніцтвам, якое прыбыло на востраў з Паўднёваўсходняй Азіі праз востраў Калімантан[5], гэтая міграцыя працягвалася цягам усяго першага тысячагодзьдзя. Паходжаньне малагасійцаў з Паўднёваўсходняй Азіі і прыналежнасьць іх мовы да аўстранэзійскай сям'і была пацьверджаная шэрагам лінгвістычных дасьледаваньняў, якія паказалі наяўнасьць сувязі між малагасійскай і старажытнамалайскай ды старажытнаяванскай мовамі[6][7]. Існуюць меркаваньні, што першыя носьбіты малагасійскіх дыялектаў прыбылі на паўднёва-ўсходні ўчастак узьбярэжжа Мадагаскару[8].
Малагасійская мова здаўна мела параўнальна глыбокія традыцыі вуснай народнай творчасьці, серад якой вылучаецца народны эпас пад назваю Ібонія, у якім апавядаецца пра ўчынкі народнага героя Мадагаскару[9].
Малагасійская мова зьяўляецца моваю большасьці насельніцтва на востраве Мадагаскар. Носьбіты мовы таксама пражываюць на суседніх астравох і выспах Індыйскага акіяну, такіх як Каморскія астравы, Маёта і Рэюньён.
Мова таксама распаўсюджаная ў асяродзьдзі малагасійскай дыяспары, якая найбольш прадстаўленая ў франкамоўных краінах і рэгіёнах з прычыны колішняга ўваходжаньня Мадагаскару ў склад каляніяльных уладаньняў Францыі і, адпаведна, вызначанага ўспрыманьня малагасійцамі францускай мовы. Так, носьбіты мовы пражываюць уласна ў Францыі, Канадзе (правінцыя Квэбэк) і Бэльгіі. Існуюць малагасійскія супольнасьці ў іншых краінах (напрыклад, ЗША).
Малагасійская мова мае дзяржаўны статус у Мадагаскары нароўні з францускай мовай, да 2010 году яна была афіцыйнай разам з францускай і ангельскай мовамі. Малагасійская зьяўляецца моваю навучаньня па ўсіх прадметах ў малодшай школе і застаецца мовай выкладаньня гісторыі ды малагасійскай мовы ў сярэдняй.
Існуе дзьве галоўныя дыялектныя групы малагасійскай мовы, усходняя й заходняя. Усходнія дыялекты распаўсюджаныя на цэнтральным плято востраву і на поўначы (апроч самай канцавіны), заходнія — на поўдні краіны. Ізаглёса, якая падзяляе абедзьве дыялектныя групы, праходзіць горным хрыбтом, які месьціцца ў цэнтральнай частцы Мадагаскару. Да ўсходніх дыялектаў належыць дыялект мэрына, на якім засноўваецца літаратурны стандарт мовы. Усе астатнія дыялекты маюць прыкладна 70% лексычных супадзеньняў з дыялектам мэрына.
Два асноўныя дыялекты малагасійскай мовы адрозьніваюцца адна ад адной галоўным чынам паводле некалькіх трывалых фаналягічных крытэраў (далей — на прыкладзе дыялекту мэрына і дыялекту сакалава, які належыць да заходніх). Гэтыя супрацьпастаўленьні ўзьніклі яшчэ ў мове продкаў малагасійцаў падчас іх пражываньня на Калімантане.
1. Страта ў дыялекце сакалава насавых зычных у фінальнай пазыцыі, у дыялекце мэрына — даданьне ў гэтай пазыцыі глухога [ə̥]:
2. Фінальнае *t перайшло ў -[tse] ў сакалава і ў -[ʈʂə̥] у мэрына:
3. Захаваньне ў сакалава першапачатковага *li ды *ti, у той час як у мэрына яны перайшлі ў [di] або [tsi]:
Як мяркуецца, пісьмовая традыцыя мовы ўзыходзіць да XV ст. З заснаваньнем французамі на поўдні востраву паселішча Форт-Дофін, што адбылося ў XVII ст., імі былі знойдзеныя ўзоры выкарыстаньня арабскай пісьмовасьці для мовы, якое было вядомае як сурабэ (літ. «вялікае пісьмо»). Гэтая пісьмовасьць засноўвалася на асаблівым падвідзе арабскай графікі — аджамі, якая раней выкарыстоўвалася для запісу некаторых моваў Афрыкі; яна прымянялася ў астралягічных і магічных мэтах. Найстарэйшым рукапісам гэтым пісьмом зьяўляецца малагасійска-галяндзкі слоўнік XVII ст., які быў апублікаваны толькі ў 1908 годзе[10]. Тым ня менш, як мяркуюць дасьледчыкі, гэтая пісьмовасьць была ўведзеная ва ўжытак на паўднёва-ўсходняй частцы востраву яшчэ ў XV ст.[11] Першым апублікаваным слоўнікам стаў малагасійска-францускі слоўнік, які быў выдадзены францускім губэрнатарам Мадагаскару Эт'енам дэ Флякурам, ім жа былі апублікаваныя першыя дзьвюхмоўныя рэлігійныя тэксты.
У 1823 мадагаскарскі манарх Радама І аддаў перавагу лацінскаму альфабэту і запрасіў прадстаўнікоў Лёнданскага пратэстанцкага місіянэрскага таварыства з просьбай аб заснаваньні школаў і цэркваў. У 1835 годзе брытанскімі місіянэрамі была выдадзеная Біблія па-малагасійску лацінскім альфабэтам, гэтая кніга стала першай малагасійскай кнігай на лацініцы.
Сучасны склад альфабэту параўнальна кароткі і зьмяшчае 21 літару:
Артаграфія мовы збольшага грунтуецца на фанэтычным крытэры. Існуе некалькі асаблівасьцяў: напрыклад, гук /i/ пазначаецца дзьвюма літарамі — i ды y, апошняя выкарыстоўваецца для пазначэньня гэтага гуку толькі ў канцы словаў; гук /u/ пазначаецца літараю о; спалучэньні tr, dr служаць для пазначэньня афрыкатаў /ʈʂ/ ды /ɖʐ/ адпаведна; афрыкаты /ts/ ды /dz/ пазначаюцца спалучэньнем ts і літарай j. Спалучэньні mp, nt у выпадку іх знаходжаньня ў пачатку слова ўказваюць гукі /p, t/ адпаведна. Астатнія літары ў цэлым адпавядаюць падобным сымбалям у міжнародным фанэтычным альфабэце.
Малагасійскі лацінскі альфабэт мае дыякрытычныя знакі. Яны, аднак, не зьяўляюцца абавязковымі і могуць выкарыстоўваюцца ў наступных выпадках:
Адпавяданьне арабскіх сымбаляў малагасійскай пісьмовасьці сучасным літарам і спалучэньням у лацінскім малагасійскім альфабэце.
ـَ | ب | د | ـِ | ف | غ | ه | ـِ | ج | ك | ل | م | ن | ـُ | ڡ | ر | س | ط | و | ‹ي› na ‹ز› | ع | ‹ڊ› na ‹رّ› | ‹̣ط› na ‹رّ› | ت | ڡّ | طّ | ـَيْ | ـَوْ | ـُوً | ـُيْ | ‹ـِيَا› na ‹ـِيْا› | ـِوْ | ـِيْ |
a | b | d | e | f | g, ng | h | i, y | j | k | l | m | n | o | p | r | s | t | v | z | n̈ | dr | tr | ts | mp | nt | ai | ao | oa | oi | ia, ea | io, eo | ie |
Для гукавага ладу характэрнае строгае чаргаваньне зычных і галосных. Большасьць (каля 90%) каранёвых словаў пачынаюцца на зычны гук, але ім жа слова сканчвацца ня можа[12].
Інвэнтар галосных гукаў параўнальна невялікі. Тым ня менш, адзначаюцца й дыфтонгі. Тлустым шрыфтам — рэалізацыя фанэмы на пісьме.
Пасьля націскнога складу, як і ў канцы большасьці словаў і ў двух фінальных складох, фанэмы /a, u, i/ зьведваюць рэдукцыю ў [ə, ʷ, ʲ]. У такіх выпадках /i/ запісваецца як 〈y〉, хоць у аднаскладовых словах тыпу ny і vy літара 〈y〉 пазначае поўную фанэму [i]. Фінальнае /a/ і, часам, фінальныя склады аглушаюцца ў канцы выказваньня. Фанэмы /e/, /o/ ніколі не зазнаюць рэдукцыю або аглушэньне.
Фанэма /o/ зьяўляецца вельмі рэдкай для дыялекту мэрына і адшукваецца толькі ў воклічах, запазычаньнях і назвах з тэрыторыяў, дзе распаўсюджаныя іншыя дыялекты.
Аасаблівы характар маюць /ai, au/. У пільным маўленьні яны рэалізоўваюцца як дыфтонгі [ai̯, au̯], у больш беглым — як [e, o]. /ai/ у залежнасьці ад свайго вымаўленьня ўплывае на наступныя гукі /k, ɡ/.
Побач з азначэньнем паводле IPA прыведзенае артаграфічнае пазначэньне. Інвэнтар зычных гукаў у малагасійскай мове даволі багаты ў параўнаньні з шматлікімі мовамі іншых моўных сем'яў.
Білябіяльныя | Лябіядэнтальныя | Зубныя | Альвэалярныя | Рэтрафлексныя | Вэлярныя | Глётальныя | ||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Насавыя | m m | n n | ŋ n̈ | |||||
Выбухныя або афрыкаты |
глухія | p p | t t | ts ts | ʈʳ tr | k k | ||
глухія прэназалізаваныя | mp mp | nt nt | nts nts | ɳʈʳ ntr | ŋk nk | |||
звонкія | b b | d d | dz j | ɖʳ dr | ɡ g | |||
звонкія прэназалізаваныя | mb mb | nd nd | ndz nj | ɳɖʳ ndr | ŋɡ ng | |||
Фрыкатывы | глухія | f f | s s | h h | ||||
звонкія | v v | z z | ||||||
Лятэральныя | l l | |||||||
Дрыжачыя | r r |
Альвэалярныя /s ts z dz l/ рэалізоўваюцца як крыху паляталізаваныя. /ts, dz, s, z/ адзначаюцца варыятыўнасьцю і могуць рэалізоўвацца як [tʃ, dʒ, ʃ, ʒ] (то бок, як шыпячыя замест сьвісьцячых), асабліва ў пазыцыі пасьля ненаціскнога /i/. Вэлярныя /k ɡ ŋk ŋɡ h/ зазнаюць паляталізацыю пасьля /i/ (пры гэтым на пісьме гэта толькі падразумяваецца: зычны пазначаецца быццам бы як непаляталізаваны, але наяўнасьць папярэдняга i указвае на яго паляталізаваны характар — напрыклад, alika («сабака») вымаўляецца як /alikʲa/). /h/ часта апускаецца ў беглым маўленьні.
Постальвэалярныя зычныя, якія маюць сьляды дрыжачага вымаўленьня (/ʈʳ ɳʈʳ ɖʳ ɳɖʳ/) часам рэалізоўваюцца як простыя выбухныя ([ʈ ɳʈ ɖ ɳɖ]), аднак часта набываюць ратычны характар у вымаўленьні ([ʈɽ̝̊ ɳʈɽ̝̊ ɖɽ̝ ɳɖɽ̝]). Іх характар як дрыжачых або проста не-сыбілянтных афрыкатаў пакуль няясны. Тым ня менш, у іншай аўстранэзійскай мове, фіджыйскай, дрыжачы зычны зьяўляецца рэдка і часьцей рэалізоўваецца як постальвэалярны[13].
У рэдуплікацыі (падваеньне слова), а таксама ў злучаных, прыналежных і дзеяслоўных канструкцыях, пасьля насавых, фрыкатываў і сьпірантаў зычныя становяцца выбухнымі (такім чынам, гэтая зьява паказвае наяўнасьць у малагасійскай фаналёгіі сандгі):
звонкія | глухія | ||
---|---|---|---|
сьпіранты | выбухныя | сьпіранты | выбухныя |
v | b | f | p |
l | d | ||
z | dz | s | ts |
r | ɖʳ (ɖʐ) | ||
h | k |
Націск у мове ў асноўным дынамічны, з элемэнтамі колькаснага націску. У складаных словах націск прыпадае на перадапошні склад. Тым ня менш, калі слова сканчваецца на склады ka, tra, (часьцей) na, націск фіксуецца на трэцім ад канца складзе. У вытворных і запазычаных словах націск гэтым правілам не падпарадкоўваецца (напр., ôperà). У шматлікіх дыялектах ненаціскныя галосныя (акрамя /e/) зьяўляюцца аглушанымі, а ў некаторых выпадках нават амаль цалкам рэдукаванымі (напрыклад, слова fanorona вымаўляецца як [fə̥ˈnurnə̥]).
Малагасійскі сказ будуецца паводле схемы VOS (выказьнік-дапаўненьне-дзейнік). Напрыклад:
Азначэньне звычайна стаіць перад словам, што азначаецца. Азначэньне можа паўтарацца й пасьля слова, якое яно азначае (напр., ity boky ity — «гэтая кніга», літаральна гэтая кніга гэтая).
Дзеяслоў адзначаецца ўласьцівасьцю выконваць ролю агенсу, пацыенсу і мэтавага выкананьня. Дзеяслоў зьмяняецца паводле часу (мінулы, цяперашні, будучы), пры гэтым часавыя паказчыкі маркіруюцца прыстаўкамі (напр., mividy «купляю», nividy «купляў», hividy «купляцьмем»).
Назоўнікі не зьмяняюцца ні паводле роду, ні паводле колькасьці. Займеньнікі, аднак, маюць формы адзіночнага й множнага ліку (напр., io boky io — «гэтая кніга», ireto boky ireto — «гэтыя кнігі»). Займеньнікі таксама падзяляюцца на асабовыя й указальныя ў залежнасьці ад веданьня характару апавядальніка і яго блізкасьці да суразмоўцы.
Вялікая частка лексыкі малагасійскае мовы мае паралелі з адной з аўстранэзійскіх моваў — моваю мааньян, распаўсюджанай на паўднёвым усходзе востраву Калімантан[5]. Маюцца запазычаньні з арабскай мовы (як вынік шчыльных культурных і гандлёвых кантактаў) і моваў банту (асабліва з моваў галіны сабакі), распаўсюджаных у Афрыцы. Серад іншых запазычаньняў — лексыка францускага (як з мовы былой улады) і ангельскага (з маўленьня піратаў, якія мелі базы на востраве) паходжаньня.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.