інгускі журналіст, праваабаронца From Wikipedia, the free encyclopedia
Магамэд Ях’яевіч Яўлоеў (па-інгуску: Йевлой Яхьяй воl Мухьаммад, па-расейску: Магомед Яхьяевич Евлоев; 1971, Малгабек Чачэна-Інгускай АССР — 31 жніўня 2008, Назрань, Інгушэтыя) — інгускі журналіст, уладальнік сайту Ингушетия.org.
У 1992 скончыў Саратаўскі юрыдычны інстытут.
У 1993—1999 гадах М. Яўлоеў працаваў у органах пракуратуры Рэспублікі Інгушэтыя. У 1999 годзе быў абвінавачаны ў судзеяньні забойству Суляймана Цэчоева. Абвінавачаньне не было даказанае, аднак Яўлоеў быў звольнены з пракуратуры[1]. У студзені 2000 быў намесьнікам пракурора г. Малгабек, другога па велічыні ў Інгушэтыі. Прымаў актыўны ўдзел у раскрыцьці шмат якіх злачынстваў, зьвязаных з выкраданьнямі людзей.
Зь лютага 2001 М. Яўлоеў зьяўляўся прэзыдэнтам і заснавальнікам ЗАТ «Інфра-холдынг», у склад якога ўваходзяць некалькі кампаніяў — юрыдычная («Інфра-Юр»), прыватнае ахоўнае прадпрыемства, будаўнічая, рыбная кампаніі і г. д. Акрамя таго, Яўлоеў меў свой бізнэс у Сан-Францыска (ЗША), дзе заснаваў кампанію «Infra North America».
З 13 верасьня 2001 Магамэд Яўлоеў зьяўляўся ўладальнікам і генэральным дырэктарам апазыцыйнага пракрамлёўскім уладам Інгушэтыі і асабіста прэзыдэнту рэспублікі М. Зязікаву інтэрнэт-парталу «Інгушэтыя.Ру», на якім часта зьмяшчаліся матэрыялы, якія разыходзіліся з афіцыйным пунктам погляду ўраду Інгушэтыі.
6 чэрвеня 2008 году Кунцаўскі раённы суд Масквы на зыск пракуратуры Рэспублікі Інгушэтыі забараніў дзейнасьць сайту «Ингушетия.Ру» ў сувязі з публікацыяй матэрыялаў экстрэмісцкага характару, што разпальваюць міжнацыянальную варожасьць.[2] 12 жніўня 2008 году Маскоўскі гарадзкі суд пацьвердзіў гэтае рашэньне Кунцаўскага суду.
Улетку 2007 супраць М. Яўлоева была заведзеная крымінальная справа за распальваньне міжнацыянальнай варажнечы[3]. 18 сакавіка 2008 Вярхоўны суд Расеі адхіліў гэтае абвінавачаньне.
У кастрычніку 2007 сьледчая ўправа Сьледчага Камітэту пры пракуратуры РФ па Паўночным Каўказе аднавіла расьсьледваньне іншае крымінальнае справы супраць Магамэда Яўлоева. Яго абвінавацілі ў тым, што ў 1999, падчас працы ў пракуратуры, ён дапамог вызваленьню зь СІЗА па падробных дакумэнтах С. Цячоева — аднаго з падазраваных у выкраданьні брата М. Кялігава (Цячоеў у той жа дзень быў забіты на тэрыторыі Кабардына-Балкарскай Рэспублікі).
Быў затрыманы пасьля мітынгу 26 студзеня 2008 году ў Назрані, вызвалены 4 ліпеня.
31 жніўня 2008 году Магамэд Яўлоеў прыляцеў у аэрапорт Назрані на адным самалёце з кіраўніком Інгушэтыі Муратам Зязікавым. Пасьля таго, як апошні быў сустрэты міністрам унутраных справаў Мусай Медавым і зьехаў, Яўлоеў быў схоплены невядомымі. Сябры і родныя кінуліся яму на дапамогу, але былі спыненыя папераджальнымі аўтаматнымі чэргамі.
Другую спробу адбіць Яўлоева прыхільнікі апазыцыі прадпрынялі ўжо па дарозе з аэрапорту. У іх атрымалася спыніць дзьве машыны міліцэйскага картэжу, але ў іх затрыманага не аказалася. Па словах кіраўнікі Аргкамітэту агульнанацыянальнага мітынгу пратэсту Хазьбіева, ягоныя паплечнікі зьбілі міліцыянтаў і забралі іхнія пасьведчаньні. Пазьней высьветлілася, што ў гэты час Яўлоеў ужо быў сьмяротна паранены ў іншай машыне[4].
Па вэрсіі сьледчага камітэту пры пракуратуры, ён «выпадкова» быў паранены ў машыне стрэлам зь пісталету аднаго з канваіраў, калі супрацоўнікі ўнутраных справаў везьлі яго ў пастарунак. Куля трапіла Яўлоеву ў галаву. Па факце раненьня і сьмерці Яўлоева заведзеная крымінальная справа па артыкуле 109 Крымінальнага Кодэксу РФ «забойства па неасьцярожнасьці».
Родныя загінулага сьцьвярджаюць, што Яўлоеў пры выхадзе з самалёту, якім ён прыляцеў у сталіцу Інгушэтыі Магас, быў схоплены невядомымі людзьмі, пасьля чаго яго кінулі ў машыну маркі «УАЗ» і павезьлі ў невядомым кірунку. Родныя Яўлоева адразу ж зладзілі пагоню за гэтым аўтамабілем, аднак выкрадальнікі па дарозе стрэлілі Яўлоеву ў галаву і выкінулі ягонае цела ля брамы інгускай рэспубліканскае клінічнае бальніцы[5].
У бальніцы Магамэд Яўлоеў памёр падчас апэрацыі, бо атрыманае раненьне ў вісок было несумяшчальнае з жыцьцём[6]. Пахаваны на фамільных могілках у сяленьні Эка́жава. Пахаваньне ператварылася ў мітынг: людзі вінавацілі ў забойстве кіраўніка Інгушэтыі Мурата Зязікава і патрабавалі ягонае адстаўкі[7]. Зранку 2 верасьня мітынг быў разагнаны міліцыяй і спэцназам[8].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.