мястэчка ў Любяшоўскім раёне Валынскай вобласьці Ўкраіны From Wikipedia, the free encyclopedia
Любяшоў (укр. Любешів) — мястэчка ва Ўкраіне, на рацэ Стаходзе. Адміністрацыйны цэнтар Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці. Насельніцтва на 2011 год — 7645 чалавек. Знаходзіцца за 138 км ад Луцку, за 50—60 км ад чыгуначных станцыяў Маневічы і Камень-Кашырскі. Празь мястэчка праходзіць аўтамабільны шлях Р14, якім можна дабрацца да міжнароднага пункту пропуску Дольску на беларуска-ўкраінскай граніцы.
Любяшоў лац. Lubiašoŭ | |
укр. Любешів | |
Брама сядзібы Чарнецкіх | |
Першыя згадкі: | 1484 |
Магдэбурскае права: | 1693 |
Краіна: | Украіна |
Вобласьць: | Валынская |
Раён: | Любяшоўскі |
Плошча: |
|
Вышыня: | 151 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 5702[1] чал. (2022) |
Часавы пас: | UTC+2 |
летні час: | UTC+3 |
Паштовы індэкс: | 44200 |
КОАТУУ: | 0723155100 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°45′47.002″ пн. ш. 25°29′57.001″ у. д. |
Любяшоў | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Любяшоў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока брама сядзібы Чарнецкіх, комплекс касьцёла Сьвятога Францішка з кляштарам капуцынаў і калегіюм піяраў, у якім навучаўся Тадэвуш Касьцюшка, помнікі архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл піяраў (барока, XVIII ст.), зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Любіш (Lubisch) — імя германскага паходжаньня[2].
Паводле народнага паданьня, заснавальнікам першага паселішча на тэрыторыі цяперашняга мястэчка быў паляўнічы Любаш, які жыў у XV ст. Любаш служыў пры двары тураўскага шляхціча Верлі. Верля меў дачку Ядвігу, якую хацеў выдаць за сына князя Сапегі. Але Ядвіга, незважаючы на волю бацькоў, закахалася ў паляўнічага Любаша, таму ім давялося ўцякаць далёка ад дому і пасяліцца на беразе невялікай рэчкі, аточанай лясамі і балотамі[3].
У часы валоданьня Дольскіх мястэчка часьцей звалі Новым Дольскам (Стары Дольск знаходзіцца цяпер каля граніцы зь Беларусяй).
Першы пісьмовы ўпамін пра маёнтак Любяшоў зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 18 верасьня 1484 году. Пад 1516 годам паселішча значыцца ў судовым дакумэнце «Пастанова па скаргах княгіні Пятрухны Глінскай і яе сястры Варвары Станковіч на іх зяця Юрыя Рачка, судзьдзю Бельскага, які ўхіляецца ад падзелу Любяшова і іншых маёнткаў, што засталіся па іх маці». Гэта хіба што першы ўпамін пра род Глінскіх, які ўвайшоў у беларускую літаратуру дзякуючы Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу й ягонаму гумарыстычнаму твору «Пінская шляхта»[3]. У 1547 годзе Любяшоў перайшоў у валоданьне Льва Абразцова. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва[3]. У 1653 годзе мястэчка спалілі татары.
У 1686 годзе Ян Караль Дольскі заснаваў у Любяшове калегіюм айцоў піяраў, які стаў значным адукацыйным цэнтрам у эпоху асьветніцва (у 1788 годзе тут навучаліся 75 юнакоў[4]), здабываючы славу важнай эўрапейскай вучэльні. Калегіюм прымаў у свае лавы ня толькі шляхецкіх дзяцей, але й звычайных сялянаў, навучаліся тут каталікі побач з праваслаўнымі, пратэстантамі і юдэямі, у сьценах вучэльні ня мела месца дыскрымінацыя ані паводле рэлігійнай, ані паводле нацыянальнай прыналежнасьці. У 1693 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў мястэчку Магдэбурскае права[3][5].
У 1753—1758 гадох у Любяшоўскім піярскім калегіюме навучаўся Тадэвуш Касьцюшка. У 1756 годзе ўладальнікам мястэчка стаў Ян Антоні Чарнецкі, які разам з сваёй жонкай Фэліцыянай заснаваў тут кляштар капуцынаў. 5 траўня таго ж году ў мястэчка прыбылі першыя манахі.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Любяшоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Пінскага павету Менскай губэрні. У 1817 годзе кляштар капуцынаў моцна пацярпеў ад пажару. У 1826 годзе расейскія ўлады ператварылі піярскі калегіюм у павятовую вучэльню[6]. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня яны гвалтоўна зачынілі кляштар капуцынаў. У XIX ст. Любяшове штогод праводзілася 3 кірмашы, пазьней — 4[7]. На 1859 год у мястэчку быў 531 двор[8].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Любяшоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
20 лістапада 1917 году абвяшчалася Ўкраінская Народная Рэспубліка з прэтэнзіяй на Пінскі павет, у тым ліку на Любяшоў. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай гэтая тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары ваколіцаў мястэчка (Марочанская воласьць) атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Любяшоў увайшоў у склад Беларускай ССР[10]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пінскага павету Палескага ваяводзтва. У 1935 годзе ў мястэчку пачаў дзеяць кляштар капуцынаў усходняга (славянскага) абраду, які разьмясьціўся ў колішніх піярскіх мурах.
У 1939 годзе ўлады СССР перадалі Любяшоў у склад УССР, дзе з 1940 году ён стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 5 сакавіка 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У Любяшове працуе Навучальна-выхаваўчы комплекс, музычная школа, тэхнічны каледж Луцкага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.
Дзее Любяшоўская раённая друкарня.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Бандарэнкі вуліца | Кляштарная вуліца |
Незалежнасьці вуліца | Замкавая вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Любяшова да нашага часу гістарычную назву захавала вуліца Берасьцейская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.