Лоўрэнс Арабійскі (фільм)
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Ло́ўрэнс Арабі́йскі» (па-ангельску: Lawrence of Arabia) — брытанскі эпічны гістарычны драматычны фільм 1962 году, заснаваны на жыцьці Т. Э. Лоўрэнса і ягонай кнізе 1926 году «Сем слупоў мудрасьці». Рэжысэрам фільму стаў Дэйвід Лін, а прадусаваньнем кінастужкі займаўся Сэм Шпігел праз сваю брытанскую кампанію Horizon Pictures. За распаўсюд была адказная кампанія Columbia Pictures. Галоўныя ролі выканалі Пітэр О’Тул, Алек Гінэс, Джэк Гокінз, Энтані Кўін, Амар Шарыф, Энтані Кўэйл, Клод Рэйнз і Артур Кенэдзі. Сцэнар да фільму распрацавалі Робэрт Болт і Майкл Ўілсан. «Лоўрэнс Арабійскі» быў намінаваны на дзесяць прэміяў Оскар на 35-й цырымоніі ўручэньня прэміі ў 1963 годзе. У выніку кінастужка атрымала сем статуэтак, уключаючы прызы за найлепшы фільм і найлепшую рэжысуру. Фільм таксама атрымаў прэмію Залаты Глёбус у катэгорыі за найлепшы драматычны фільм, а таксама прэмію BAFTA як найлепшы фільм і выбітны брытанскі фільм. Драматычная партытура Морыса Жара і апэратарская праца Фрэдзі Янга, які выкарыстаў камэру Super Panavision 70, таксама атрымалі высокую адзнаку ад крытыкаў. Фільм лічыцца адным з найвялікшых і ўплывовых фільмаў, калі-небудзь вырабленых у сьвеце. У 1991 годзе Бібліятэкай Кангрэсу ЗША ён быў прызнаны культурна, гістарычна альбо эстэтычна значным і адабраны дзеля захаваньня ў Нацыянальным рэестры фільмаў[8][9]. У 1998 годзе Амэрыканскі інстытут кіно паставіў яго на пятае месца ў сваім сьпісе найлепшых амэрыканскіх 100 фільмаў за 100 гадоў, а ў абноўленым сьпісе 2007 году ён заняў сёмы радок. У 1999 годзе Брытанскі інстытут кіно назваў фільм трэцім брытанскім фільмам усіх часоў. У 2004 годзе згодна з вынікамі апытаньня вядучых брытанскіх рэжысэраў Sunday Telegraph ён быў прызнаны найлепшым брытанскім фільмам усіх часоў.