Кэдман
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кэдман, Кэдман Ўітбіцкі (па-старажытнаангельску: Cædmon) — найранейшы ангельскі паэт.
Будучы пастухом пры абацтве Ўітбі, узначаляванага тады абатысаю сьв. Гільдай (657—680), Кэдман першапачаткова не валодаў песенным мастацтвам, аднак, згодна з Бэдай, аднойчы ў сьне яму зьявіўся незнаёмы чалавек і зьвярнуўся да яго, кажучы: «Кэдман, прасьпявай мне што-небудзь». Кэдман мусіў адмаўляцца падкрэсьліваючы, што ён не валодае мастацтвам сьпеву, але прачнуўшыся, ён ужо памятаў 9 радкоў зь песьні, якую сам сачыніў і прасьпяваў. Даведаўшыся пра гэты цуд, людзі параілі Кэдману ісьці да сьвятой Гільды, абатысы кляштара Ўітбі. Выслухаўшы Кэдмана і пераканаўшыся ў ягоных дзівосных здольнасьцях, Гільда параіла яму застацца ў кляштары, а іншым манахам загадала добра вучыць новага брата Сьвятому Пісаньню. Кэдман жа ўсё, чаму яго навучалі, у хуткім часе перакладаў на вершы.
Кэдман зьяўляецца адным з дванаццаці англасаксонскіх паэтаў, якія згадваюцца ў сярэднявечных дакумэнтах і адным з трох, літаратурныя працы якіх захаваліся і дагэтуль. Яго гісторыя ўзыходзіць да «Царкоўнай гісторыі народу англаў» Бэды Вялебнага.[1]
Адзіным ягоным творам, захаваным да нашых дзён зьяўляецца «Гімн Кэдмана», дзевяцірадковая алітэрацыйная паэма ў гонар Бога, пра якога ён навучыўся сьпяваць у сваім сьне. Гэтая паэма напісана на досыць своеасаблівым нартумбрыйскім дыялекце і адначасова лічыцца першым дакладным прыкладам старажытнаангельскае паэзіі.[2] Таксама зьяўляецца аднім з найранейшых помнікаў германамоўнае паэзіі.