Кубак сьвету ФІФА (прыз)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кубак сьвету (па-ангельску: The World Cup, па-француску: Coupe du Monde) — галоўны прыз, які ўручаецца пераможцам чэмпіянатаў сьвету па футболе, якія праводзяцца пад эгідай ФІФА. З 1930 году, калі адбыўся першы чэмпіянат, перамогу ў турніры ўвасаблялі два трафэі: Прыз Жуля Рымэ з 1930 па 1970 год, і Кубак сьвету ФІФА з 1974 году па сёньняшні дзень.
Прыз Жуля Рымэ, першапачаткова насіў назву «Перамога» (па-ангельску: Victory), але пазьней пераназваны ў гонар былога прэзыдэнта ФІФА Жуля Рымэ, быў выраблены з пазалочанага срэбра 925-й пробы і лазурыта і адлюстроўваў Ніку, старажытнагрэцкую багіню перамогі. Прыз таксама вядомы пад назвай «Залатая багіня». У 1970 годзе зборная Бразыліі ў трэці раз стала чэмпіёнам сьвету і прыз перайшоў да яе навечна. У 1983 годзе Прыз Жуля Рымэ быў выкрадзены і ніколі больш не ўзнаўляўся.
На замену прыйшоў Кубак сьвету ФІФА, які ўпершыню выкарыстоўваўся на чэмпіянаце сьвету 1974 году. Выраблены з золата 18 карат на малахітавай падставе, на прызе намаляваныя дзьве чалавечыя постаці, якія падпіраюць Зямлю. Дзейсным уладальнікам трафэя зьяўляецца нацыянальная зборная Гішпаніі, якая атрымала перамогу на чэмпіянаце сьвету ў 2010 годзе.