From Wikipedia, the free encyclopedia
Ко́нрад Валенро́д — раман-паэма Адама Міцкевіча, якая апісвае падзеі літоўскай і прускай гісторыі[1], напісаная ім у Пецярбургу паміж 1824 і 1828 гадамі. Выдадзеная ў лютым 1828 году паэма лічыцца адным з найбольш знакамітых літаратурных твораў польскага рамантызму.
Конрад Валенрод | |
Konrad Wallenrod, powieść historyczna z dziejów litewskich i pruskich | |
Першае выданьне Конрада Валенрода, Пецярбург (1828) | |
Жанр: | эпічная паэма |
---|---|
Аўтар: | Адам Міцкевіч |
Мова арыгіналу: | польская |
Публікацыя: | 1828 |
Выдавецтва: | Караль Край(pl) |
Электронная вэрсія | |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
Пры нападзе на літоўскую вёску немцы, сярод іншых выкрадаюць хлопчыка Альфа. Хлопца прымае да сабе і выхоўвае, як роднага сына, сам Вялікі магістар Вінрых. Нягледзячы на добрае абыходжаньне з боку немцаў, хлопец, зьнешне скарыўшыся, употай трымае нянавісьць да Ордэну, захоўваючы гарачую любоў да зьнявечанай Радзімы, якую падаграе палонны літоўскі пясьняр, які нагадвае яму, што Альф павінен спачатку даведацца ад немцаў усё, а затым выкарыстаць веды супраць іх: «адзінай зброяю нявольнікаў ёсьць здрада». У першай жа сутычцы зь літоўцамі, у якой Альф бярэ ўдзел, ён пераходзіць на бок літоўцаў і дапамагае ім перамагчы. За ўдзел у бітве, ягоную адвагу і здольнасьць камандаваць у баі, літоўскі князь Кейстут аддае Альфу сваю дачку Альдону.
Тым ня менш, вайна працягваецца, Літва пакутуе ўсё больш і больш. Альф наведвае Ерусалім, пазьней выдае сабе за загінулага ў Сьвятой Зямлі пры невядомых абставінах графа Конрада Валенрода. Стары пясьняр падарожнічае зь ім у вобразе старога манаха Гальбана. Альф-Валенрод у сутычках з маўрамі і на рыцарскіх турнірах здабывае сабе вялікую славу. Па прыбыцьці ў ордэнскія ўладаньні, рэзыдэнцыю Вялікіх магістраў, крэпасьць Марыенбург Альф удзельнічае ў выбарах новага Вялікага магістра, дзе яго абіраюць пад імем слыннага і шляхетнага Конрада Валенрода.
Між тым, Альдона ўвесь гэты час праводзіла ў манастыры ў вежы недалёк ад Марыенбургу. Пасьля вяртаньня і абраньня Альф-Валенрод часта наведвае яе ноччу і гаворыць зь ёй пад вокнамі вежы. Між тым, пад ціскам з боку братоў-рыцараў Ордэну распачынаецца новая вайна зь Літвой. Падчас галоўнай бітвы Валенрод першым уцякае з поля бою, падстаўляючы нямецкае войска, якое прайграе бітву. Ацалелыя войскі церпяць ад голаду, бо іхныя запасы зьнішчаны літоўцамі. Нарэшце, наступае холад. Валенрод не клапоціцца аб захаваньні рэшткаў сваёй арміі, шмат рыцараў гіне ад голаду і маразоў.
Валенрода падазраюць у здрадзе, але і ён больш ня хоча помсьціць. Лічачы што ён поўнасьцю выканаў сваю клятву, Валенрод вырашае бегчы разам з Альдонай, але састарэлая Альдона ня хоча варушыць былыя адносіны і адмаўляе Альфу, жадаючы пакінуць усё так як ёсьць. Уначы да Валенрода прыходзяць змоўшчыкі, каб забіць яго, але той перш пасьпявае выпіць келіх з атрутаю. Даведаўшыся пра сьмерць Альфа, памірае і Альдона ў сваёй вежы, ня вытрымаўшы гора.
Гістарычны Конрад Валенрод сапраўды правёў некалькі паходаў супраць Літвы, якія скончыліся вялікімі паразамі Ордэну. Храністы-манахі недалюблівалі Валенрода за тое, што ён быў нядосыць шчодры да касьцёлу, адлюстроўвалі яго герэтыком і ворагам Ордэну, які панёс справядлівую кару нябёсаў. Паданьне зрабіла зь яго нават літвіна, які ўступіў быццам бы ў Ордэн з адзінай мэтай — адпомсьціць за спусташэньне сваёй Радзімы. Такім яго выявіў і Адам Міцкевіч. Акрамя таго, стварэньню Міцкевічам Конрада Валенрода папярэдніў уздым рамантычнага нацыяналізму(en) ў Нямеччыне, дзе падчас змаганьня з Напалеонам адным з сымбаляў нямецкага рамантычнага нацыяналізму становіцца гістарычная постаць нямецкага правадыра Армініюса(de), які доўгі час служыў рымлянам, каб трапіць да іх у давер, і, пасьля чаго, завёў іх у пастку ў Тэўтабургзкім лесе(de). У Тэўтабургзкай бітве(de) Армініюс разграміў тры рымскія легіёны, тым самым абараніў незалежнасьць сваёй Радзімы. Армініюс стаў сымбалем рамантычнага героя, у 1812 годзе знакамітай стала карціна рамантычнага мастака Каспара Давіда Фрыдрыха Магіла Армініюса.
На беларускую мову сярод іншых пісьменьнікаў паэму часткова або цалкам перакладалі Янка Купала (уступ і частка І), Адам Гурыновіч (песьня «Вілія»)[2], першы поўны пераклад паэмы на беларускую мову выканаў Арцём Вярыга-Дарэўскі[3], аднак пераклад ня быў апублікаваны, а рукапіс згубіўся. Пасьля пераклад рабілі Пятро Бітэль, Кастусь Цьвірка[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.