From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Пінску. Знаходзіцца ў прадмесьці Караліне, на гістарычнай Бэрнардынскай вуліцы[lower-alpha 1]. У сярэдзіне XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купала-цыбуліны. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэрнардынаў | |
Былы касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла | |
Краіна | Беларусь |
Места | Пінск |
Каардынаты | 52°07′06.24″ пн. ш. 26°06′37.94″ у. д. |
Канфэсія | праваслаўе і Беларускі экзархат |
Эпархія | Пінская япархія |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснаваньня | XVIII ст. |
Статус | Ахоўная зона |
Сайт | bratstvopinsk.ru |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэрнардынаў | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы |
Комплекс складаецца з касьцёла, кляштарнага корпуса і брамы-званіцы. У наш час у будынку касьцёла дзее царква Сьвятой Варвары Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, у кляштарным корпусе — анкалягічны дыспансэр.
У 1712 годзе ў Пінску з фундацыі Міхала Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх збудавалі драўляныя касьцёл і кляштар бэрнардынаў. Гэтыя будынкі выяўляюцца на мапе бэрнардынскіх кляштараў, створанай Гіршам Лябовічам у 1750—1760-я гады[1]. Кляштар уваходзіў у Літоўскую правінцыю ордэна бэрнардынаў.
У 1765—1786 гадох вялося будаваньне мураванага касьцёла. Гараднічы берасьцейскі В. Грабоўскі ахвяраваў на касьцёл 16 тысячаў злотых[2].
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Пінск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У 1795 годзе асобна ад касьцёла паставілі мураваную званіцу, накрытую дахоўкай. У XIX ст. на месцы драўлянага збудавалі мураваны кляштарны корпус.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і гвалтоўна зачынілі касьцёл, які пазьней перабудавалі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1858—1875 гадох у кляштарным корпусе разьмяшчаўся манастыр Урадавага сыноду.
У 1906 годзе сабор сьвятой Варвары перадалі чыгуначнаму ведамству. 3 чэрвеня 1913 году ў саборы сьвятой Варвары вянчаліся Якуб Колас і Марыя Зьмітраўна Каменская[3].
За польскім часам і саветамі царква працягвала дзеяць. У сярэдзіне XX ст. у будынку праводзіўся рамонт.
Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з паўкруглай апсыдай. Галоўны фасад падзяляецца на тры часткі пілястрамі вялікага ордэра і ўпрыгожваецца карнізамі і нішамі. Рытмічны падзел роўнічных бакавых фасадаў ствараецца пры дапамозе высока ўзьнятых аркавых праёмаў і лапатак у прасьценках. Аконныя праёмы, разьмешчаныя ў два ярусы, маюць паўцыркульнае завяршэньне. У выніку маскоўскай перабудовы над дахам паставілі 8-гранны барабан з купалам-цыбулінай.
Усярэдзіне касьцёл перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі на адіночных падпружных арках. У заходняй частцы над уваходам разьмяшчаюцца хоры, якія абапіраюцца на два слупы. Паўкруглая апсыда падзяляецца на два ярусы намаляваным арнамэнтальным фрызам (з гірляндамі), у які пераходзіць прафіляваны карніз. У апсыдзе аднаколерны росьпіс у тэхніцы грызайль у стылі раньняга клясыцызму, які імітуе разнастайныя архітэктурные прыёмы. Так, у ніжнім ярусе разьмяшчаюцца выявы паўратонды і разыходных галерэяў, якія ўтвараюць рад пілёнаў і калёнаў карынтскага ордэру. Пад касьцёлам разьмяшчаецца крыпта, перакрытая масіўнымі крыжовымі скляпеньнямі ў два пралёты.
Кляштарны корпус — прастакутны ў пляне 2-павярховы будынак пад 2-схільным дахам. Роўнічныя фасады падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.