Каратэ
баявое мастацтва / From Wikipedia, the free encyclopedia
Каратэ́ (ад па-японску: 空手道, вымаўляецца IPA [ka'ɽate]; каратэдо: «шлях пустой рукі») — японскае баявое мастацтва, дзе выкарыстоўваюцца ўдары рукамі, нагамі, каленамі, локцямі і тэхніка адкрытай рукі. У некаторых стылях каратэ прымяняюцца захопы, кідкі, падвоенныя хваты[1]. Дадзенае напісаньне было прыдумана ў 1929 годзе Гітынам Фунакосі пад уплывам ідэяў дзэн-будызму, дагэтуль яго запісвалі як 唐手, што прыкладна азначае «кітайская рука». Герогліф 唐 азначаў дынастыю Тан у Кітаі, і стаў сынонімам Кітаю ў тагачаснай Японіі, якая актыўна пераймала розныя адгалінаваньні культуры з Паднябеснай. Менавіта тады кітайскае ўшу і трапіла на Акінаву, атрымаўшы назву «рукі Тан».
Каратэ ўпершыню было распрацавана ў Каралеўстве Рукю. Па тэрыторыі Японіі гэтае баявое мастацтва пашырылася ў XX стагодзьдзі ў часы культурных абменаў паміж японцамі і кітайцамі. Сыстэмнае выкладаньне каратэ ў Японіі пачалося пасьля эпохі Тайсё[2]. У 1922 годзе японскае міністэрства адукацыі запрасіла Гітына Фунакосі ў Токіё, каб той прадэманстраваў тэхніку каратэ. У 1924 годзе ва Ўнівэрсытэце Кэё быў створаны першы ўнівэрсытэцкі клюб каратэ ў Японіі і да 1932 году ўжо ўсе буйныя японскія ўнівэрсытэты мелі свае клюбы каратэ[3]. Падчас нарастаньня мілітарызму ў Японіі назва мастацтва была зьменена з «рука-Тан», на «пустая рука», пры гэтым абодва варыянты чыталіся як «каратэ». Праз гэты крок японцы жадалі паказаць, што каратэ будзе разьвівацца пад японскім уплывам. Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны на Акінаве быў разьмешчаны амэрыканскі кантынгент і каратэ паступова набыла папулярнасьць сярод вайскоўцаў, разьмешчаных там[4].
У 1960-я і 1970-я гады каратэ пачало пранікаць у кінэматограф, што значна паўплывала на папулярнасьць баявых мастацтваў па ўсім сьвеце. Школы каратэ пачалі зьяўляцца па ўсім сьвеце. У іх пачалі навучацца, як тыя, хто меў выпадковую цікавасьць да каратэ, гэтак і тыя, хто жадаў больш глыбокага вывучэньня тэхнікі.