Камэта
From Wikipedia, the free encyclopedia
Камэ́та — малое нябеснае цела якое рухаецца па эліптычнай ці парабалічнай арбіце вакол Сонца. Камэта характарызуюцца дастаткова моцным зьмяненьнем выгляду пры набліжэньні да Сонца. Яна збудавана зь ядра і мглістай абалонкі, якая таксама складае і хвост. Ядро складаецца з сумесі пылу, дробных скальных абломкаў і лёда, замёрзлага дыяксіду вугляроду, аміяку і мэтану. Падчас збліжэньня з Сонцам, зь ядра камэты пачынае выпарацца газ з пылам, якія ўтвараюць адзін ці некалькі хвастоў. Газавы і пылавы хвост камэты не супадаюць з-за таго, што газавы хвост заўсёды павернуты ў бок супрацьлеглы ад Сонца, гэта тлумачыцца ўзьдзеяньнем сонечнага ветру, які «вее» заўсёды ад Сонца, а пылавы хвост складаецца зь вельмі дробных кавалкаў скальных парод таму сонечны вецер ня можа на іх значна ўзьдзейнічаць і зьмяніць кірунак палёту. З-за гэтага хвост паступова пашыраецца аддаляючыся ад камэты. Камэты, аддаленыя ад Сонца, маюць выгляд туманных аб’ектаў, якія слаба сьвецяцца. Яны выглядаюць як размытыя дыскі, якія маюць згушчэньне ў цэнтры[1].