У 1947 годзе савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя летувіскага камуністычнага дзеяча Ёзаса Гараліса (лет. Garelio gatvė). У 1989 годзе вуліцы зноў вярнулі гістарычную назву.
Даўжыня вуліцы каля 290 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад рогу вуліцаў Нямецкай і Віленскай. З правага паўднёвага боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага паўночнага боку — цотная нумарацыя.
Усярэдзіне мае скрыжаваньне з вуліцамі Шкляной (з правага боку) і Сьвятога Ігната (зь левага).
Няцотны бок
№ 11 — палац Пацеяў. У канцы XVII ст. Андрэй Война збудаваў палац на месцы трох ранейшых камяніцаў. У першай палове XVIII ст. будынак перайшоў да ваяводы троцкагаАляксандра Пацея. У выніку праведзенай у канцы XVIII ст. рэканструкцыі палац набыў рысы клясыцызму. У час паўстаньня Т. Касьцюшкі тут хаваўся супраціўнік Канстытуцыі 3 траўня апошні гетман вялікіСымон Марцін Касакоўскі. Паўстанцы знайшлі яго на гарышчы і на наступны дзень павесілі на Ратушным пляцы. У гэтым доме ў пачатку 1906 году адкрылася летувіская кнігарня Марыі Пясяцкайце-Шляпялене, якая дзейнічала да 1945 году. Тут можна было набыць і падпісацца на «Нашу Долю», «Нашу Ніву», а таксама на іншыя беларускія кнігі і выданьні[2].
№ 13 — палац Завішаў. Да 1747 году палац знаходзіўся ў валоданьні роду Завішаў, калі яго набыў скарбнік троцкі Тучынскі. У 1748 годзе будынак пацярпеў ад пажару. У 1753 годзе яго ныбаў біскуп Міхал Зянковіч, у 1790 годзе — Мілеры. У 1806—1850 гадох тут працавала пошта. У другой палове XIX ст. у выніку рэканструкцыі да палаца дабудавалі трэці паверх. За савецкім часам у будынку месьціўся камбінат тэлефонных сетак, інтэрнат, кватэры. Сёньня тут пяцізоркавы гатэль, у якім у час візыту ў Вільню ў 2009 годзе спыняўся Аляксандар Лукашэнка.
№ 15 (таксама вуліца Гаона, 1) — палац Гурэцкіх. На гэтым месцы яшчэ ў канцы XV або ў пачатку XVI стагодзьдзяў стаяла 2-павярховая гатычная камяніца. У 1649 годзе яе набыла Віленская акадэмія. У сярэдзіне XVIII ст. будынкам валодаў Валенці Гурэцкі, які істотна рэканструяваў палац у стылі клясыцызму.
Цотны бок
№ 6 — аптэка кляштару дамініканаў. З 1922 году ў будынку месьцілася кнігарня Сьвятога Войцеха. За савецкім часам тут знаходзілася букіністычная кнігарня.
№ 10 (таксама вуліца Сьвятога Ігната, 16) — колішні шпіталь. Будаваньне дома вялося ў XVIII ст. з выкарыстаньнем скляпеньняў камяніцы XVI ст., у якой разьмяшчаўся жаночы шпіталь. У 1788 годзе будынак шпіталя перарабілі пад жылы дом. У 1975—1978 гадох праводзілася рэстаўрацыя гатычных сутарэньняў, у якіх разьмясьціўся рэстаран.
№ 12 — касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (цяпер носіць тытул Божай Міласэрнасьці). У канцы XV або пачатку XVI стагодзьдзяў тут збудавалі першы гатычны касьцёл. У 1748—1749 гадох касьцёл перабудавалі ў стылі барока. У 1821 годзе ўлады Расейскай імпэрыі перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярахату. У 1846—1848 гадох сьвятыню перабудавалі ў маскоўскім стылі. У 1919 або 1920 годзе будынак вярнулі каталікам. У 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У 1971 годзе праводзілася рэстаўрацыя помніка. У 2004 годзе будынак зноў вярнулі каталікам.
№ 14 — колішні шпіталь (мужчынскі прытулак). У 1536 годзе тут адкрыўся шпіталь (паводле іншых зьвестак, мужчынскіх прытулак). У XVIII ст. гатычную камяніцу перабудавалі ў стылі барока. У 1821 годзе будынак пераабсталявалі пад вайсковы шпіталь. У 1956 годзе па рамонце тут разьмясьцілі кватэры. Пазьней дом некалькі разоў рэстаўраваўся. У наш час на першым паверсе месьціцца антыкварная крама.
№ 16 — прытулак кляштару дамініканаў. Цяпер тут месьціцца італьянская цукерня.
№ 18 (таксама Ўнівэрсытэцкая вуліца, 2) — палац Бжастоўскіх. У канцы XVI ст. будынак набыў і аднавіў дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага Цыпрыян Бжастоўскі. 3 1760 году палацам валодаў пісар і рэфэрэндар Павал Ксавэры Бжастоўскі. Сучаснае барокавае аблічча будынак набыў у выніку перабудовы 1769 году. Відаць, аўтарам праекту быў віленскі архітэктар Марцін Кнафкус. У 1802 годзе палац перайшоў да кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага, па ягонай сьмерці — да сына Ірынея Клеафаса[4].