![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/13/Dalriada.png/640px-Dalriada.png&w=640&q=50)
Дал Рыяда
From Wikipedia, the free encyclopedia
Дал Ры́яда (па-ірляндзку: Dál Riata, па-гэльску: Dail Riata) — адно зь сярэднявечных гэльскіх дзяржаўных утварэньняў, якое ўключала ў сябе галоўным чынам паўночны ўсход ірляндзкага гістарычнага рэгіёну Ольстэр і сумежныя зь імі заходнія рэгіёны сучаснае Шатляндыі, аддзеленыя ад Ольстэру Паўночнай пратокай. Напрыканцы VI — пачатку VII ст. тэрыторыя Дал Рыяды складалася з тэрыторыяў паўднёвага захаду Шатляндыі (сучасныя графствы Аргал і Б’ют ды Лахабэр) і паўночнага ўсходу востраву Ірляндыя (сучаснае графства Антрым Паўночнай Ірляндыі)[1]. На поўначы і ўсходзе ўладаньні Дал Рыяды судакраналіся з уладаньнямі суседняй тагачаснай этнапляменнай групы Шатляндыі, піктаў.
Дал Рыяда | ||||
| ||||
![]() | ||||
Афіцыйная мова | старажытнаірляндзкая | |||
Сталіца | Дунад | |||
Форма кіраваньня | манархія |
У традыцыйнай гістарыяграфіі Дал Рыяда разглядаецца як дзяржава, заснаваная ірляндзкімі каляністамі, якія прынесьлі ў Шатляндыю традыцыі пісьменнасьці й хрысьціянства, але ў цяперашнія часы гэты пункт гледжаньня ўсё больш аспрэчваецца. На думку раду археолягаў, напрыклад, Эвана Кэмпбэла, не існуе археалягічных сьведчаньняў ірляндзкага ўварваньня або калянізацыі паўднёвага захаду Шатляндыі, у супрацьвагу чаму прапаноўваецца тэорыя аб існаваньні між двума бакамі Паўночнае пратокі цесных марскіх зносінаў, якія спрычыняліся б да падтрыманьня агульнае культуры ў рэгіёне[2]. У гістарычнай літаратуры насельнікі Дал Рыяды могуць згадвацца як скоты (лац. scoti). Гэты тэрмін першапачаткова ўжываўся ў рымскіх і грэцкіх крыніцах у значэньні ірляндзкага насельніцтва, якое ўдзельнічала ў набегах на тэрыторыі Рымскае Брытаніі, і пазьней укаранілася ў якасьці эндаэтноніму ўсіх носьбітаў гайдэльскіх дыялектаў незалежна ад іх рэгіёну, пры гэтым лацінскі тэрмін scoti ўжо па зьнікненьні Дал Рыяды паступова замацаваўся ў значэньні выключна гэлаў Шатляндыі (што, напрыклад, прывяло да ўзьнікненьня ў беларускай мове назваў Шатляндыя й шатляндцы). Больш адназначныя трактоўкі кельцкага гэльскага насельніцтва гэтае дзяржавы прымяняюць тэрмін гэлы або дал рыядцы.
Найбольшы ўздым Дал Рыяды прыпадае на цараваньне Айдана МакГаўраня (574—608 гг.), які, аднак, неўзабаве перарваўся ў выніку бітвы пры Дэгсэстане (603 г.) з англа-саксамі княства Бэрніцыя, якая адбылася на крайнім паўднёвым усходзе Шатляндыі (цяперашняе графства Роксбаршыр). Зьнешнепалітычныя няўдачы Дал Рыяды працягнуліся падчас знаходжаньня на стальцы Домнала Брэка (пам. 642 г.), пасьля чаго Дал Рыяда была вымушаная стаць васалам Нартумбрыі і пазьней таксама піктаў. Існуе рознагалосьсе датычна лёсу Дал Рыяды пачынаючы з канца VIII ст.: некаторыя дасьледчыкі не знаходзяць пацьверджаньняў узмацненьня дзяржавы й выхаду яе з замежнага ўплыву, у той час як іншыя прыпісваюць адраджэньне краіны пэрыяду кіраваньня Айда Фінда (736—778 гг.) і ягонага наступніка Кенэта МакАльпіна; пэўныя гістарычныя працы сьцьвярджаюць нават пра атрыманьне ўлады кіраўнікоў Дал Рыяды над пікцкім каралеўствам Фортрыю пасьля часу кіраваньня МакАльпіна (800—858)[lower-alpha 1].
Існаваньне дзяржавы спынілася ў пачатку Х ст. шляхам аб’яднаньня пікцкіх уладаньняў і Дал Рыяды ў Каралеўства Альба, якое стала папярэднікам Каралеўства Шатляндыя.