From Wikipedia, the free encyclopedia
Гомель — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму палацава-паркавы комплекс Румянцавых і Паскевічаў, сядзіба Крушэўскіх, Духоўная вучэльня, Лянкастэрская школа, цэрквы саборная Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, Сьвятога Мікалая на Валатаве і стараверская Сьвятога Ільлі ў Спасавай Слабадзе, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся клясыцыстычныя гасьціны двор, касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, царква Сьвятой Тройцы і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XIX ст., зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
У XII—XVII стагодзьдзях Гомель лічыўся моцным цэнтрам абароны Ніжняга Пасожжа. Умацаваньні зь земляным валам і найпрасьцейшым частаколам зьявіліся тут ужо ў XI стагодзьдзі, пазьней вал шматразова дасыпаўся. Археалягічныя дасьледаваньні, якія праводзіліся ў Гомельскім парку ў пачатку 90-х гадоў XX ст., паказалі, што першыя паселішчы ўсходніх славянаў-радзімічаў былі тут у IX—X стагодзьдзях.
Першы ўпамін пра Гомель зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе й датуецца 1142 годам: «И слышавъ уже билися Ольговичи у Переяславля съ стрыемъ его с Вячеславомъ и съ братомъ его Изяславомъ. И поиде на волость ихъ и взя около Гомия». У той час горад знаходзіўся ў складзе Чарнігаўскага княства.
Каля 1157 году смаленскі князь Расьціслаў Мсьціславіч выкарыстаў змаганьні за кіеўскі сталец і ўчыніў выправу на Чарнігаўскае княства «и взя около Гомия волость их всю», але неўзабаве чарнігаўскія князі вярнулі Гомель. У 1159 годзе ў Гомлі ратаваўся ад міжусобіцаў вялікі кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч. А ў 1164 годзе тут заснавалі княжы стол, якім валодаў князь Ігар Сьвятаслававіч — герой паэмы «Слова пра паход Ігараў».
У 1335 годзе Гомель далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага і адгэтуль жыў лёсам памежнага ўмацаванага гораду на паўднёва-ўсходняй ускраіне дзяржавы, займаў важнае месца ў абарончым поясе замкаў Пасожжа. Разам з Старадубам быў часткаю «ўдзелу» князя Патрыкея Нарымонтавіча, пляменьніка Альгерда. У 1406—1419 гадох местам кіраваў вялікакняскі намесьнік, потым ім валодалі розныя князі: Свідрыгайла (да 1435), уцекач з Маскоўскага княства князь Васіль Бароўскі (1436—1452), які пазьней вярнуўся дадому. З 1452 году места зноў у руках састарэлага Сьвідрыгайлы. Па яго сьмерці Гомель быў адданы зьбеглым мажайскім князям, адмова якіх у 1499 годзе ад прыняцьця каталіцтва прывяла да доўгага змаганьня за валоданьне местам. У гэтае змаганьне ў 1500 годзе умяшаўся маскоўскі князь, у якога мажайскія ўцекачы знайшлі падтрымку. Такім парадкам, да 1535 Гомель амаль штогод зазнаваў рэйды войскаў Вялікага Княства Літоўскага, але ж кожны раз вытрымліваў аблогі. Гэта можа зьяўляцца доказам моцы яго сьценаў і вежаў, за якімі маскоўскія князі ўвесь час трымалі значную залогу.
У чэрвені 1535 году быў арганізаваны паход вялікакняскага войска, якое ўзначаліў гетман Вялікага Княства Літоўскага Юры Радзівіл, гетман каронны Ян Тарноўскі і кіеўскі ваявода Андрэй Няміра. Яны ўзялі Гомель у аблогу, выкарыстоўваючы тактычныя прыёмы тагачаснай вайсковай навукі. Апроч артылерыі, у войску былі спэцыялісты ў падкопах. Жыгімонт Стары паставіў задачу: «И естли б Бог милый допомог напервей замку Гомья достати, або огнем его спалити, приказуем вам: […] двадцать человеков, с топоры, которыи бы мели тот замок Гомей зарубити, поки войски наши оттоль не выйдуть, штобы теж люди Московскии не впередили». Тым часам у ніводным зь вядомых на сёньня дакумэнтаў няма сьведчаньняў таго, што вялікі князь аддаў войску загад спаліць Гомель, калі яму не адчыняць брамы[1].
Гетман Юры Радзівіл, пачаўшы аблогу, асноўную стаўку зрабіў на артылерыйскі абстрэл Гомельскага замку: «А так в середу весь день… на замок стрелба била, а потом с середы на четверг всю ночь и в четверг мало не весь день с наших дел стрелбу чинили». Як сьведчыць Патрыяршы летапіс, маскоўскі намесьнік князь Дзьмітры Шчэпін-Абаленскі, што перабываў тады ў Гомлі, выявіўся «не храбр и страшлив, видев люди многие и убоявся, из града побежал, и дети боярские с ним же и пищалники». У замку засталіся толькі «тутошние люди немногие Гомьяне», якія, пабачыўшы «воеводское нехрабрство и страхование… здаша град». Замак, папраўлены прысланымі цясьлярамі, быў папоўнены боепрыпасамі. Вялікакняскі падскарбі Іван Гарнастай накіраваў сюды «вси потребы — салетру и порох и кули и свинец».
Вялікі князь Жыгімонт Стары заснаваў у 1535 годзе Гомельскае староства як асобнае дзяржаўнае ўтварэньне ў складзе гаспадарскіх Падняпроўскіх воласьцяў[2].
Пастановай вялікага князя літоўскага ў 1537 годзе мяшчане Гомля і ўся воласьць былі вызваленыя ад «роблення замку Гомейского на 1 год… под тым обычаем иж они не мели до году одного замку рубити и ничего в нем оправовати, хиба естли бы которые кгонты в замку опали, або дощчка ся где оторвала, то мели за ся прибити и направити». Аднак мясцовы дзяржаўца князь Талачынскі адабраў гаспадарскі прывілей у мяшчан і валашчан, пачаў іх вымушаць выконваць розныя работы ў замку, а непаслухмяных садзіў у вежу, адбіраючы ў заклад жанок і дзяцей. Прысланага дзеля разбору адмысловага каралеўскага двараніна дзяржаўца «зсоромотил и бити его хотел». Гэта выклікала гнеў гаспадара. Галоўная прычына яго незадаволеннасьці і неспакою за сытуацыю ў Гомлі сфармулявана была вельмі выразна ў наступных словах прысланай дзяржаўцы грамаце: «знать и помнить необходимо, …иж тот замок за великим накладом к рукам нашим пришол, …иж тот замок на украйне есть, а к людем украинным треба ся ласкаве захвати и не годиться им ни в чем обтяженья чинити».
Таксама як і іншыя беларускія замкі, Гомельскі замак меў моцны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сьцены-горадні з баявой галерэяй — «блянкаваньнем», а таксама ўездную браму з пад’ёмным мастом — «узводам», перакінутым цераз роў. Сьцены ўмацаваньняў на значную вышыню былі абмазаны глінай, якая прадухіляла іх гніеньне і выконвала проціпажарную ролю. З замку быў прарыты патаемны падземны ход да Сожу, адкуль у час аблогі бралі ваду.
Улічваючы важнасьць і значнасьць Гомельскага замка для абароны дзяржавы й зыходзячы з таго, што «…иж кождому оборона и осторожность есть потреба», сюды з бліжэйшых гарадоў дастаўляліся хлебныя запасы і адмыслова вылічаныя группы коннай варты, а зь Віленскага арсэналу ў 1552, 1562 і 1563 гадох дастаўляліся ўзбраеньне і амуніцыя. Так Чачэрская воласьць абавязвалася вярхоўнай уладай забясьпечваць у Гомлі за прыватны рахунак увесь год атрад «старожы». Ня выключана, што яе дасылалі й іншыя бліжэйшыя гарады — Прапойск, Рагачоў. Сюды ж з Рагачова прывезьлі значную колькасьць жыта і аўса «ку наспижованью замку». У 1557 годзе залогу Гомельскага замка павялічылі да 200 чалавек «драбаў». Дзеля рамонту ўмацаваньняў далучалася насельніцтва Чачэрску, Прапойску ды іншых воласьцяў Падняпроўя і Пасожжа. У сярэдзіне XVI стагодзьдзя Гомельскі замак ператварыўся ў рэгіянальны цэнтар абароны паўднёва-ўсходніх зямель Вялікага Княства Літоўскага ад рабаўнічых нападаў перакопскіх татараў.
З 1561 году, разам з умацаваньнямі Гомельскага замка, упамінаюцца й умацаваньні места, г.зн. лініі ўласна мескай фартыфікацыі. Гомель быў акружаны земляным валам, наверсе якога стаялі драўляныя вежы й сьцены — гародні. Уезд і выезд зьдзяйсьняліся праз брамы: Чачэрскую, Магілёўскую, Рэчыцкую і Водную, якая выводзіла на мескую гандлёвую прыстань. Перад валам ішоў глыбокі абарончы роў зь перакінутым празь яго пад’ёмнымі мастамі, падведзенымі да брамаў места.
21 сакавіка 1560 году (паводле іншых зьвестак — 1562 году[3]) вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў мескія пячатку і герб Гомля «ў чырвоным полі срэбны крыж»[3][4]. Гэта было адно з шасьцідзесяці местаў Вялікага Княства Літоўскага, якія мелі ўласны герб. Варта зазначыць, што ў межах сучаснай Беларусі такіх местаў усяго чатыры (апроч Гомля, Барысаў, Крычаў і Ворша).
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Гомля ліцьвінамі (літвой): «литовские люди изо Мстиславля, из Могилева, из Пропойска, ис Кричева, из Радомля, из Чичерска, из Гомьи» (1562—1563 гады)[5][6], «Лазовский Бронислав… литвин, уроженец Гомеля» (1649 і 1660 гады)[7], «Богушевский Станислав… литвин, шляхтич из Гомеля» (1655 і 1660 гады)[8], «Рыбаловский Моисей… литва, шляхтич из Гомеля» (1656 год)[9].
Згодна з вынікамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Гомель і староства ўвайшлі ў склад Рэчыцкага павету новаўтворанага Менскага ваяводзтва.
У часы Інфлянцкай вайны Гомель быў неадначасова заняты войскамі Івана IV Тырана, аднак у ліпені 1576 году аддзел гетмана Юрыя Радзівіла здолеў зноў захапіць яго. Празь 5 гадоў, 5 траўня 1581 году, Гомель зноў зазнаў напад маскощских войскаў, якія «…до замку неведоме ночью пришедши, на место ударили и место огнем выпалили». Замак, аднак, захапіць ня ўдалося.
У час антыфэадальнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі (1595 год) места на пэўны час стала прыстанкам паўстанцаў-казакаў, якіх падтрымалі гомельскія мяшчане.
У 1614—1615 гадох (часы вайны Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы) у Гомельскім замку бесьперапынна знаходзілася невялікая залога, якая налічвала 40 казакаў і 40 жаўнераў. Іх падтрымлівала мескае апалчэньне.
У 1633 годзе Гомель процістаяў казацкім сотням Багдана Булгакава й Івана Ярмоліна, якія таксама ня здолелі захапіць замак. Падчас аблогі места Б. Булгакаў быў паранены.
У кастрычніку 1648 году ўкраінскія казакі на чале з палкоўнікам Главацкім і беларускія сяляне занялі места, абрабаваўшы шляхту і заможных людзей. Мяшчане амаль што ўсе «паказачыліся». Аднак аддзел Главацкага быў у Гомлі нядоўга, яго адклікаў да Ўкраіны Багдан Хмяльніцкі.
Па Корсунскай бітве 1649 году з дапамогаю часткі мяшчанаў Гомель быў захоплены казакамі палкоўніка Нябабы. Але Збароўскі мір дазволіў гетману Янушу Радзівілу сканцэнтраваць дастатковую колькасьць войска дзеля аднаўленьня ўрадавай улады ў Гомлі, Чачэрску ды іншыя местаў.
У 1651 годзе Багдан Хмяльніцкі пачаў новы наступ на паўднёвыя месты Вялікага Княства Літоўскага. У чэрвені палкоўнік Нябаба накіраваў войска палкоўнікаў Забелы і Окшы на Гомель. Спачатку тут было 7 тысячаў казакаў, а потым падышло яшчэ 10 тысячаў. Места абаранялі вялікая наёмная залога (на чале з капітанам Мантгомэры) і мясцовае апалчэньне. 13 чэрвеня была першая спроба ўзяць места з дапамогаю падкопаў і штурму, але ж абаронцы вытрымалі.
Па першай няўдачы Забела паслаў людзей у Чарнігаў да Нябабы за падмогай. Тым часам казакі паспрабавалі вымантачыць залогу з Гомля, разыграўшы сцэну бою нібыта з падышоўшым на дапамогу месту войскам. Аднак абложаныя разабраліся ў абставінах і аніводны жаўнер з брамы ня выйшаў. Пазьней казакі два дні рыхтаваліся да штурму, зладзілі 14 гуляй-гарадоў, якія замаскавалі зялёнымі галінамі. Уначы чатыры гуляй-гарады пад’ехалі да Чачэрскай брамы, а тры — да самага моста цераз абарончы роў. Але праз агонь гармат і мушкетаў з замкавых умацаваньняў мусілі адыйсьці. Той жа ноччу казакі палкоўнікаў Літвенкі й Паповіча беспасьпяхова «раз по 15 ходили на штурм» замка. Пазьней Нябаба тэрміновым лістом на некаторы час адазваў казакаў ад Гомля. Аднак пры канцы чэрвеня 1651 яны зноў аблажылі места. Але да залогі прыйшло падмацаваньне й яна утрымалася.
Грамадзка-палітычнае становішча сярэдзіны XVII ст., а таксама пагроза акупацыі з боку войскаў Маскоўскай дзяржавы прымусілі дзяржаўную ўладу ўжо ў 1653 годзе разьмясьціць у памежных замках Пасожжа дадатковыя залогі. У Гомельскім замку ў сакавіку 1654 было 700 чалавек пяхоты, прысланай гетманам Радзівілам. Паводле некаторых зьвестак улетку 1654 гомельская залога налічвала дзьве тысячы чалавек, галоўным парадкам нямецкай і вугорскай пяхоты, у тым ліку была й рота татар.
У чэрвені 1654 году, у самым пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, на Гомель з Ноўгарада-Северскага накіравалася войска наказнога атамана Залатарэнкі. Яно налічвала 20 тысячаў конных і пешых ратнікаў. Паводле сьведчаньня Летапіса Самавідца, Залатарэнка «…армат узял из собою немало, а так же запас пушечный», дазваляўшы яму ўзяцца за аблогу гэтага буйнейшага на Ніжнім Пасожжы замка. Сам атаман, паведамляя маскоўскаму гаспадру Аляксею Міхайлавічу пра свой выступ, пісаў, што «Гомель… есть всем местам граничным литовским головою. Место велми оборонное, людей служилых немало, снарядов и пороху много…».
Войска Залатарэнкі без асаблівых намаганьняў пераадолела мескія ўмацаваньні й падыйшло да замку. Паставіўшы навокал яго й на суседніх узгорках гарматы, казакі пачалі аблогу, «промышляя всеми промыслы ратными». За ўвесь час ад пачатку аблогі да 11 ліпеня казакі чатыры разы хадзілі на штурм, але ўсе іх прыступы былі адбітыя. Абложаныя таксама ладзілі вылазкі ў адказ. У час адной зь іх быў забіты чарнігаўскі палкоўнік Сьцяпан Падбайла, які ўжо быў аднойчы ў Гомелі ў 1649 годзе. Аблога зацягнулася й казакі вырашылі вымусіць замак здацца «голодом и безводьем».
За хадой аблогі Гомля сачыла ўся Ўсходняя Беларусь, абодва бакі канфлікту. Разумеючы, што гамельчукі сваёй упартасьцю «всей Литве и войскам ее сердца и смелости додают», Залатарэнка зьвярнуўся да абложаных ад імя маскоўскага гаспадара й Багдана Хмяльніцкага з прапановай здацца, але тыя «гордо и сурово» адмовіліся. Тады казакі ўцягнулі некалькі невялікіх гарматаў на Спаскую царкву, што стаяла за Гамеюком непадалёк ад замка. Страляючы распаленымі ядрамі, яны выклікалі ў замку пажар. Вылазка з мэтай ліквідацыі гэтай артылерыйскай пазыцыі скончылася для абложаных няўдачай. Неўзабаве казакі знайшлі й узарвалі патайны ход да вады, што ў канчатковым выніку вырашыла лёс замку. Як пісалася ў данясеньні маскоўскаму гаспадару 13 жніўня 1654 году, па больш як паўтарамесячнай аблозе «гомляне, полковники, ротмистры и со всеми своими людьми покорилися».
Вайна 1654—1667 гадоў моцна адбілася на стане Гомля. Аднак замак, калі ўлічваць зьвесткі 1666 году, усе яшчэ захоўваў сваю моц.
У 1670 годзе места атрымала Магдэбурскае права. У 1681 годзе ў Гомлі было 165 дымоў[10].
З пачатку XVIII ст. у Гомлі дзеяў касьцёл, а з 1717 году пры вуніяцкай царкве Сьвятога Міколы — базылянскі манастыр. Апроч таго, у Спасавай Слабадзе, што месьцілася каля Гомельскага замка, уцекачы-стараверы заснавалі манастыр. Вядома, што ўладальнік Гомельскага староства князь Міхайла Чартарыйскі ў 1737 годзе збудаваў у Гомлі новы моцны дубовы замак зь вежамі й сьценамі, у якіх былі шматлікія байніцы, паглыбіў ровы й паправіў пад’ёмны мост.
У 1764 годзе расейскія карныя войскі спалілі слабаду старавераў каля Гомля, а яе жыхароў вывезьлі ў Расею. На 1765 год у месьце налічвалася 206 дымоў[10].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Гомель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкай правінцыі Магілёўскай губэрні. Кацярына II падаравала колішняе магдэбурскае места Пятру Румянцаву «для увеселения». Апошні загадаў разабраць вежы й сьцены драўлянага замка, зрыць валы. У 1785 годзе, паводле праекту Б. Растрэльлі, на іх месцы пачалі будаваць мураваны палац[11]. Румянцаў, не жадаючы наяўнасьці ў Гомлі павятовых чыноўнікаў, дамогся ператварэньня паселішча ў прыватнаўласьніцкае мястэчка пры ўмове пабудовы ім новага гораду, дзе б разьмясьціўся павятовы цэнтар. Пазьней Гомель увайшоў у склад Беліцкага павету. Румянцаў у 1777—1786 гадох збудаваў новы павятовы цэнтар (Новая Беліца) на левым беразе ракі Сож, за 3 вярсты ад Гомля. У 1793 на беразе Сажа збудавалі Ільлінскую царкву. У 1809—1819 гадох паводле праекту архітэктара Д. Кларка вялося будаваньне Петрапаўлаўскага сабора. 8 лістапада 1819 году ў Гомлі адкрылася першая ў Расейскай імпэрыі лянкастарская школа. Апроч таго, у месьце існавалі гімназія (з 1797 году), гасьціны двор, шкляны, кафляны, сьпіртавы заводы, ткацкая і прадзільная фабрыкі, сталы драўляны мост праз Сож. У 1822 годзе завяршылася ўзьвядзеньне касьцёла.
У 1852 годзе новы ўладар князь Іван Паскевіч перавёў павятовы цэнтар у Гомель (павет пераназвалі ў Гомельскі) і абвясьціў Новую Беліцу заштатным горадам, а ў 1854 годзе яе далучылі да Гомля ў якасьці прадмесьця (цяпер — Навабеліцкі раён). На падставе гербу Новай Беліцы, дараванага ёй у 1781 годзе, распрацавалі новы герб Гомля, зацьверджаны ў 1856 годзе. За часамі Паскевіча адкрыліся шкляная мануфактура, цукровы завод (1832 год), сьвечкавы завод (1840 год), крупарушка (1853 год), некалькі канатных і лесапільных прадпрыемстваў, расейскія царкоўна-прыходзкая аднаклясная вучэльня (у Новай Беліцы, 1835 год) і народная вучэльня (1841 год). У 1850 годзе праз Гомель прайшла шашэйная дарога Санкт-Пецярбург — Адэса і першая ў Расейскай імпэрыі тэлеграфная лінія Санкт-Пецярбург — Севастопаль, у 1873 годзе — Лібава-Роменская чыгунка, у 1888 годзе — Палеская чыгунка.На 1854 год у месьце было 1219 будынкаў. Гомель значна пацярпеў ад пажару ў 1856 году, калі згарэла 540 будынкаў[12]. У 1857 годзе цераз раку збудавалі аркавы стаў. У 1873 годзе пачало ўжывацца газавае асьвятленьне, у 1879 годзе — брукаваньне вуліцаў.
Да 1913 году Гомель стаў буйным прамысловым цэнтрам, найбольшымі прадпрыемствамі места былі мэханічныя майстэрні Лібаўска-Роменскай чыгункі і запалкавая фабрыка «Везувий». У Першую сусьветную вайну 1 сакавіка 1918 году Гомель занялі войскі Нямецкай імпэрыі, пазьней — украінскія войскі Сымона Пэтлюры.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гомель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, утварылася Беларуская рада, дзеялі рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты і рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[13]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Гомель увайшоў у склад Беларускай ССР[14], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
29 красавіка 1923 году адбыўся ўвод у эксплюатацыю першай чаргі мескай электрастанцыі. У сьнежні 1926 году Гомель вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну, з 1938 году — вобласьці. 4 лістапада 1928 году пачаўся рух на чыгуначнай лініі Навабеліца — Прылукі. У 1928 годзе пачалося ўзьвядзеньне заводу «Гомсельмаш». У 1937 годзе, у пэрыяд сталінскіх рэпрэсіяў, супрацоўнікі НКВД у мясьціне пад назвай Шчакатоўскі лес (на поўдзень ад места) праводзілі масавыя расстрэлы мірных жыхароў. На 1940 год у Гомлі працавалі 264 прамысловыя прадпрыемствы, аб’ёмам прадукцыі места займала 3-е месца ў БССР пасьля Менску і Віцебску, ягоная ўдзельная вага складала 16,6% прамысловасьці БССР. Функцыянавалі настаўніцкі і лесатэхнічны інстытуты, 2 НДІ.
У Другую сусьветную вайну з 19 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 году Гомель знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1961 годзе места атрымала прыродны газ. У 1962 годзе адбыўся пуск першага тралейбуса[15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.